Дзяржава, якой належыць 99,88% акцый ААТ «Белтрансгаз», жадае набыць апошнія 0,12% (або 236 706 акцый, ці 947 млн руб.), што належаць працоўнаму калектыву прадпрыемства. Урад матывуе патрэбу гэтага тым, што ў плянах — стварэньне газатранспартнага сумеснага прадпрыемства з ААТ «Газпром» «на парытэтных умовах». Дамова з расейцамі нібыта ўжо заключаная.

Пра гэта паведаміў першы віцэ-прэм’ер ураду Ўладзімер Сямашка 5 кастрычніка на Х Беларускім энэргетычным і экалягічным кангрэсе ў Менску. Віцэ-прэм’ер адзначыў, што перамовы з «Газпромам» пра стварэньне СП на базе «Белтрансгазу» не спыняліся. «Проста мы не сышліся ў цане». А ў наяўнасьці мінарытарных акцыянэраў «Газпром» сёньня бачыць падвох. Дамаўляцца з дробнымі трымальнікамі акцыяў будуць 11 кастрычніка на агульным сходзе акцыянэраў прадпрыемства.

Цяпер дзяржава жадае скупіць усе акцыі «Белтрансгазу».

Некалькі гадоў таму калектыў «Белтрансгазу» набыў акцыі падчас чэкавай прыватызацыі па льготнай цане (каля $2). Цяпер намінал складае 2,5 даляра.

Калі 11 кастрычніка «Белтрансгаз» стане дзяржаўным прадпрыемствам, зацьвердзіць гэтае рашэньне мусіць А.Лукашэнка, бо з 1998 г., пасьля прыняцьця прэзыдэнцкага дэкрэту, у краіне ўведзены маратор на рух акцый, набытых на льготных умовах.

«Камсамолка»: Лукашэнка ўсё нам аддасьць

«Расея атрымала рэальны шанц вярнуць Беларусь у сфэру свайго ўплыву. І шанц гэты даў ёй зусім не Аляксандар Лукашэнка, а яго палітычныя праціўнікі, — сьцьвярджае «Комсомольская правда». — Сам ход з вылучэньнем у кандыдаты сьвежай, незаежджанай фігуры (Мілінкевічавай. — Рэд.) сьведчыць: за справу ўзяліся прафэсіяналы ў галіне перадвыбарных тэхналёгій». Лукашэнку, піша «Камсамолка», здорава прыперлі да сьценкі. «Ён, вядома, мае 30 працэнтаў цьвёрдай падтрымкі электарату. Гэта яго стабільная база. Але яе можа аказацца недастаткова. Адзіная надзея беларускага прэзыдэнта ў такой сытуацыі — Расея», — мяркуе камэнтатар.

Каб атрымаць падтрымку з усходу, «Лукашэнку давядзецца пайсьці на саступкі». «Лукашэнка ніяк не хацеў прымаць вядомую схему Пуціна «мухі асобна — катлеты асобна» і не дапускаў буйны расейскі бізнэс да акцыянаваньня ключавых прадпрыемстваў рэспублікі, цяпер усё памяняецца, піша «Камсамолка».

ААТ «Белтрансгаз» распараджаецца газатранспартнай інфраструктурай Беларусі. Статутны фонд — 1,15 трлн руб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0