Мілінкевіч не зьвязаны па руках партыйнымі стратэгіямі, яго штаб павінен і вымушаны абапірацца на ўласную «стратэгію перамогі», даводзіць рэдакцыйны артыкул інтэрнэт-парталу «Наша думка» пад загалоўкам «Кандыдат большасьці».

На думку камэнтатара, які хаваецца пад псэўданімам Янаў Палескі, з выбраньнем Алеся Мілінкевіча апазыцыя знайшла свой твар. Палітычная апатыя зусім не зьяўляецца адметнай рысай беларускага народу — гэта вынік дэфіцыту палітычных навін. Але вось зьявіўся Мілінкевіч — і людзі пачалі размаўляць. Загадка Мілінкевіча — гэта загадка чэмпіёна: як ён дамогся выніку — невядома і неістотна, бо перамога ёсьць перамога.

Аўтар дапускае, што пашырэньне складу дэлегатаў кангрэсу было зьдзейсьнена для таго, каб Мілінкевіч, які выйграваў у рэгіёнах, праваліўся ў сталіцы. У выніку ён усё адно перамог, прытым на «шырокай прадстаўнічай базе», што дае яму права быць не «альтэрнатыўным кандыдатам», а «кандыдатам надзеі».

Сацыялягічныя апытаньні, паводле якіх падтрымка Лукашэнкі вагаецца на ўзроўні 40%, няслушна інтэрпрэтуюцца. Гэтая лічба паказвае толькі тое, што «большасьць лічыць, што большасьць падтрымлівае Лукашэнку», — мяркуе аналітык. Людзі не аддаюць перавагі Лукашэнку — яны проста не жадаюць залічваць сябе да апазыцыйнай рэзэрвацыі. «Большасьць зьяўляецца спэцыялістам толькі ў адным пытаньні: як не застацца ў меншасьці», — сьцвярджае Янаў Палескі.

Для таго каб быць кандыдатам большасьці, Мілінкевічу трэба «загадкавым чынам зьмяшчаць у сабе «большасьць», у дачыненьні да якой інтарэсы партый і груп улічваюцца «праз коску». Як кандыдат большасьці, Мілінкевіч больш ня зьвязаны па руках партыйнымі стратэгіямі, яго штаб павінен і вымушаны абапірацца на сваю ўласную «стратэгію перамогі».

Аўтар не адмаўляе стабільнасьці беларускага грамадзтва. Так, у вас усё стабільна — значыцца, лепей жыць ня будзеце, так ён яе расшыфроўвае. Як гібелі ў вёсцы, так і будзеце загінацца, як не маглі зарабіць на кватэру, так і не заробіце, як змагаўся Лукашэнка з карупцыяй 12 год, так і будзе змагацца і г.д. «Цяжка знайсьці чалавека, які не зацікавіцца сацыяльнай палітыкай дзяржавы, калі яму паказаць, якім чынам гэтая палітыка закранае непасрэдна яго і якім чынам можна дамагчыся яе паляпшэньня», — піша Янаў Палескі. Людзі, нават калі ім жывецца добра, заўсёды жадаюць жыць яшчэ лепш. Натуральна, ёсьць і такія, якія гэтага не жадаюць, але яны — у меншасьці. «Мы ж вядзём гаворку пра большасьць. І пра яе кандыдата», — падсумоўвае аналітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0