Постмадэрнізм даў беларускай літаратуры двух вялікіх паэтаў. Гэта Андрэй Хадановіч і Юрась Пацюпа. Калі Хадановіч паступова ператвараецца ў постаць папсовую, дык Пацюпа строгі і выбіральны. Кожны ягоны верш — адточаны красворд.

Як бы ні запэўнівалі філёлягі, што беларуская літаратура прайшла ўсе тыя ж стадыі разьвіцьця, што і іншыя эўрапейскія літаратуры, відавочна — паэзія на беларускай мове пачала паўнаварта разьвівацца толькі пры канцы рамантызму. Прычым польскага. І першая хваля паэтычнага экспэрымэнтатарства, характэрная для эпохі барока, беларускую мову з натуральна-гістарычных прычын — проста таму, што ў гэтую эпоху яна не была мовай літаратурнай, — абмінула.

Як абмінула і другая хваля — эпохі дэкадансу. У расейскай літаратуры былі Блок і Севяранін, у францускай — Малярмэ, а ў нас — Гарун і Цётка, асобы харызматычныя, але зь літаратурнага гледзішча аселыя ў эпосе народніцтва, недзе паміж Іванам Сурыкавым і Іванам Нікіціным (францускіх аналягаў падабраць не магу праз адсутнасьць апошніх).

Трэцяя хваля, якую звычайна зьвязваюць з паняцьцем «постмадэрнізм», прыпала акурат на наша чытацкае пакаленьне. І трэба проста сказаць — найбуйнейшая дасьледніца літаратуры постмадэрнізму — Ірына Скарапанава — жыве і квітнее ў горадзе-героі Менску. Праўда, займаецца Ірына Сьцяпанаўна расейскім постмадэрнізмам, бо пра існаваньне аналягічнай зьявы ў беларускай літаратуры ня ведае. А дарма. Менавіта паэты новага пакаленьня зьяўляюцца маральным апраўданьнем існаваньня сучаснай літаратуры на беларускай мове.

Я не пра Глёбуса, хоць несумненна, што гэты «традыцыяналіст у прозе» паводзіць сябе ў жыцьці зусім як постмадэрніст.

І нават не пра нэаавангардыстаў, якіх песьцяць клапатлівы выдавец Алёнса Кіхана Логвінаў і яго Санча Вішнёў.

Сёньня постмадэрнізм даў беларускай літаратуры двух вялікіх паэтаў, месца якім у будучых падручніках літаратуры забясьпечана. Гэта Андрэй Хадановіч і Юрась Пацюпа.

Пра Хадановіча будуць пісаць як пра заснавальніка новай літаратурнай школы, першага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі зь ліку беларускіх пісьменьнікаў, Пацюпу будуць пералічаць сярод таленавітых экспэрымэнтатараў, першаадкрывальнікаў новых літаратурных формаў — недзе побач зь Віктарам Жыбулём, вялікім эквілібрыстам вершу.

Гэта будзе справядліва.

І гэта будзе крыўдна.

Таму што Пацюпа ня зводзіцца да слоўнай эквілібрыстыкі Жыбуля. Ён умее тое, чаго ня ўмее ніводзін іншы, нават самы масьціты і ўвянчаны лаўрамі (можа, паўторымся, за выняткам таго ж Хадановіча, які ўмее ўсё).

Здаўна дабро гуманізмам людзі завуць між сабою,

зьмеі ж, напэўна, зьмяізмам празвалі б, каб ведалі словы,

а пацукі — пацучызмам, як павукі — павучызмам.

Лепей, каб спрэчак пазбыцца, назвалі б яго сябелюбствам.

У гэтым насьледаваньні Ксэнафану — захаваньне ня толькі грэцкіх памераў і грэцкіх жа манер, але і грэцкага сьветаўспрыманьня. Пацюпа жыве, шырока расплюшчыўшы вочы і навастрыўшы вуха (як і належыць кляснаму філёлягу). Яму не запярэчыш: сапраўды, з пункту гледжаньня здаровага сэнсу, што ёсьць гуманізм, як не людзкое сябелюбства? Цалкам антычная мудрасьць, адкрытая занава — ці, дакладней, упершыню, паколькі само паняцьце «гуманізм» — і Пацюпа пра гэта добра ведае! — зьявілася на шмат стагодзьдзяў пазьней.

І тут жа:

Помніш, мы неяк купілі шціблеты, віна і закускі —

доўга на беразе Кронану сьвята бадзягі спраўлялі.

Тыя шціблеты даўно ўжо валяюцца, просячы кашы,

толькі віно мы, здаецца, пілі не даўней як учора.

І памер нібыта той самы, але антычная адасобленасьць ад сьвету, што дазваляе выяўляць ісьціны, якія яшчэ не зрабіліся прапіснымі, саступае месца юнацкай гарэзьлівасьці, амаль студэнцкай. Дзякуй богу, што Пацюпа малады, інакш давялося б гаварыць не пра студэнцкую гарэзьлівасьць, а пра «сварлівы старэчы задзёр» (гэта я не пра «Дуліну»! Хоць не — і пра яе таксама).

Пацюпа не баіцца быць банальным. Банальнасьць для яго — клясычны цуд, які зрабіўся прывычным:

Розум наш — кволая сьвечка, што цемру быцьця асьвятляе,

толькі запаліш агонь — цемра гусьцее вакол.

Насамрэч усё зноў гранічна дакладна. Цемрашальства ж і ўзмацняецца ў той момант, калі зьяўляецца чарговы шалёны, што «абвяшчае чалавецтву сон залаты». А Пацюпа якраз і паводзіць сябе як спэцыяліст па снах, разважлівы паэт сярод густой цемры. І ён нібыта шукае разумную аснову шалёнага нашага быцьця, акунаючыся ў мінулае і знаходзячы там уцеху.

У чарах млее ноч. За рэчкаю ў аддалі

гамоняць радасна паміж сабой кусты

па той бок. Што па той? І ўжо зьнікаеш ты.

Так многа шчасьця, хоць яго было так мала.

О, сэрца, ты ня плач! — яшчэ не перастала

нясьцішна гаманіць у часе цемнаты.

Пільнуеш, быццам сьмерць, гадзіны, дні, гады,

калоціцца агонь, што губіць і ўздымае.

Шкада разьбітых мар. На цёмным дне жыцьця

мінулае сваё прыпамінаю я,

і кожны трэск, і стогн, і звонкі птушак сокат…

Прыходзь у гэты лес, паветра тут глытай —

у хвалях возера разьліта пазалота:

Само-Сіера, Рэйн, Аара, По, Дунай!

Гэта санэт-цэнтон (вы яшчэ чытача такога ў Беларусі пашукаце, які ўспомніў бы — і наагул ведаў бы! — значэньне слова «цэнтон»), у якім кожны радок належыць новаму паэту — дакладней, старому паэту, знаёмаму* , аб’екту вывучэньня, а ўсе ў сукупнасьці і ствараюць новае паэтычнае быцьцё. Тут паэзія халодна сканструяваная — але застаецца паэзіяй. Так задумаў паэт. І дзякуй яшчэ, што ён не пакідае гэты цэнтон нам у якасьці красворду, таму што — нізавошта не разгадалі б! Усе, уключаючы Хадановіча!

У Пацюпы кожны апублікаваны верш — красворд, прадуманы і адточаны. Але — красворд, які сьвядома не прызначаецца для разгадваньня. Калі Хадановіч паступова ператвараецца ў постаць папсовую (мушу прызнацца, ад «Гары Потэра — ліцэіста», «Землякоў» і «Прадмовы да Кнігі Юдыф» і аўтар гэтай рэцэнзіі млее), дык Пацюпа строгі і выбіральны. Яго чытач павінен быць пісьменным, падкаваным ня тое што на абедзьве нагі, але баюся, што і на абедзьве рукі, бо прайсьці па ўхабах пацюпінскіх экспэрымэнтаў далёка ня проста.

Маркіз дэ Сад укладваў каталёг

сухіх мэтафізычных экзэкуцый

і так у працу дзікую залёг,

перабіраючы даўнейшыя паскудзтвы

усіх краёў, народаў і эпох,

што нават ён, дазнаны ў той навуцы,

прызнаны мэтр, стаміўся ды зьнямог

і меўся ўжо спаліць натхненьне ў грубцы…

Аднак — архіў тутэйшы напаткаў,

і сьлёзы пацяклі ў яго, а сьліна

юрлівая сачылася між спраў.

Эстэцтвам і эротыкай ліцьвінаў

захоплены — маркіз адно шаптаў:

«О Беларусь, мая шыпшына!..»

Здавалася б: надумана ўсё гэта! Прычым маркіз дэ Сад да радка з Дубоўкі? Як ужо іх можна кантамінаваць?! Можна! Пацюпа ўкідвае свайго чытача ў сьвет шалёнага маркіза, даўшы перад санэтам два эпіграфы: першы — з Грыгорыя Каніскага: «На маіх вачах сечана дзявуля, сьпярша розгамі, потым шыпшынай…» — і другі — з Абуховіча: «…Загадалі яму трымаць за ногі Магдалену, якая ўвесь час, як яе білі, паказвала яму ўсе свае «сакрэты». І аказваецца, што традыцыя садызму ў беларускім побыце ву-у-нь адкуль цягнецца!

Ды Пацюпа і сам паводзіць сябе як садыст, загадкі свае загадваючы. Ён атрымлівае асалоду ад гульні словам — і сэнсам (што яго, уласна, ад Жыбуля і адрозьнівае, таму што Жыбуль гуляе ня словамі, а гукамі — і асколкамі сэнсу). Ён забраўся ў збудаваную ім вежу са слановай косьці, каб цешыцца ў ёй асалодамі філялоства, хвошча чытача сваімі радкамі і назірае за рэакцыяй. Яму добра.

Але ў вежы доўга ня выседзіш. Трэба спускацца ўніз, у рэальнае, нефілялягічнае жыцьцё. Ад эпохі паэтычнага барока трэба ісьці да тых, каго — таго і глядзі — сашлюць на «хімію». А ў бараках не да барока. І ў гермэтычны сьвет высокай навукі і высокай паэзіі ўрываецца жыцьцёвая проза. І зьяўляецца п’еска-пастыш «Зьяўленьне героя» — прыклад таго, што і палітыка можа быць зьявай культуры. І зьяўляецца Прамэтэй як вобраз, што зьвязвае старажытнагрэцкіх і новабеларускіх паэтаў:

Быў прыкуты даўней Прамэтэй

да сьняжыстай

Каўкаскай гары —

там ён, кажуць,

пакінуў дзяцей,

там агонь яго ў саклях гарыць.

Ды панадзіўся ў саклі лятаць

дзьвюхгаловы расейскі арол

і дзяцей Прамэтэя хапаць —

зьнюхаў, пёс, што

адважная кроў!

Ды і ноч не хацела мінаць,

каб хоць гора між гор загаіць,

бо арол, прыляцеўшы зьвідна,

да зьмярканьня

ня стоміцца піць.

Але ёсьць і ў нядолі канец:

кажуць, выкуе Сонца стралу,

каб за морам узьняў Гэркулес

і пусьціў яе ў грудзі арлу.

Гэта таксама вершы. Але іншыя. У падручніках іх называюць «грамадзянскімі». Аказваецца, Пацюпа можа пісаць амаль гэтак жа, як Яндарбіеў у перакладзе Барадуліна.

І я ня ведаю, добра гэта ці дрэнна.

Я — усяго толькі чытач. А паэзія барока шмат у чым і будуецца на тым, што чытач ня ў стане вызначыцца.

 * Аўтары, радкі якіх скарыстаныя ў цэнтоне: М.Багдановіч (10, 11); А.Гарун (12); М.Грамыка (6); К.Кірэенка (4); В.Ластоўскі (14); Г.Леўчык (5); А.Моркаўка (7); А.Паўловіч (1); А.Разанаў (3, 8); Хв.Чарнышэвіч (2, 13); Янук Д. (9).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0