Як беларусы Міцкевіча вярталі

Ангельцаў некалькі стагодзьдзяў турбуе шэксьпіраўскае пытаньне, грэкам хранічна ня сьпіцца з-за гамэраўскага. А беларусы доўга пакутавалі над міцкевіцкім. Як гэта ўраджэнец беларускай зямлі, сын беларускага шляхціца раптам мог стаць нацыянальным паэтам у літоўцаў, якія яго лічаць самым літоўскім, хаця ён быў славянінам па бацьку, габрэем па маці і ня меў жмудзкай крыві?

Праўда і некаторыя замежнікі дагэтуль у непаразуменьні. Як сказаў у роспачы і зьдзіўленьні адзін польскі дасьледнік: як так магло здарыцца, што вялікі польскі паэт беларуска-габрэйскага паходжаньня напісаў па-польску «Літво, ойчызна моя!», маючы на ўвазе цяперашнюю Беларусь... Саміх беларусаў яшчэ заўсёды ўражвала і абурала, што Адам Міцкевіч, пахваліўшы ў сваіх сарбонскіх лекцыях іх саміх і мову іхнюю, не пакінуў на ёй аніводнага радка, ня кажучы ўжо пра вершы. Зрэшты, па-літоўску ён тым больш ніколі не пісаў, але ад гэтага беларусам было не лягчэй.

І вось аднойчы надарыўся шанец заявіць пра свае правы на паэта, якога паміж сабой бессаромна падзялілі суседзі. Але тут раптам на вялікія ўгодкі Адама беларускі галава абвесьціў чамусьці год Пушкіна, які быў маладзейшым за Міцкевіча. Памылачка атрымалася. Што зробіш, калі ў ягонай адміністрацыі з арытмэтыкай у некаторых праблемы. Але потым улада вырашыла памылку затушаваць, сьпехам пачалі рамантаваць родны паэтаў Наваградак. І стварылі нават спэцкамітэт, каб адзначыць угодкі на ўзроўні. А мяне запрасілі ад пісьменьніцкай арганізацыі ўдзельнічаць, паколькі я Міцкевіча люблю і нават маю ягоны бюст. Стаіць галава паэта на стале, за якім я займаюся літаратурнымі справамі.

Такім чынам, нас сабралі ў райвыканкаме на нараду. Прыехаў са сталіцы ўрадавы куратар літаратуры і мастацтва. Верагодна, каб даказаць, што Міцкевіч ніякі не Адомас Міцкус, як яго калісьці назвалі здуру суседзі. Але гэта, мабыць, толькі я так меркаваў з уласнай наіўнасьці. Размова набыла з самага пачатку нечаканы накірунак. Загаварылі пра мясцовага Леніна, які развальваўся навідавоку, замест рук меў куксы — з мэталёвай арматурай замест пальцаў. Слова далі прадстаўніку мясцовай улады, які стаў апавядаць пра яе тытанічныя высілкі, якія, хутчэй, нагадвалі Сызыфаву працу.

— Мы ўжо спрабавалі сваімі сіламі яму рукі прыляпіць, у сэнсе — пальцы і далоні цэлыя. Адсыхаюць, як на злосьць. Трэскаюцца і адвальваюцца. І колер не супадае, людзі гавораць: Ленін у пальчатках. Нос таксама рассыпаўся ад часу, з праваленым носам стаіць, народ сьмяецца. Але мы разумеем, што бяз помніка як бяз рук. І перад замежнікамі нельга, каб чырванець.

— Ён павінен застацца дамінантай у горадзе, — загаварыла разумнымі словамі Дар’я Макараўна Бурдзюкова — ідэалягічная начальніца. — Сьвяты розныя — да каго кветкі? Да яго. Рапарты герояў жніва, выступы сьвяточныя. У піянэры прымаць. Як у старыя добрыя часы. А калі кветкі панясуць да гэтага самага паэта, а не да правадыра — што будзе?! Што ён тут самы галоўны?! — Што скажаце, спадар пісьменьнік? — нечакана запытала мяне Дар’я Макараўна.

— Я, я, што я магу сказаць? Калі параўнаць мастацкія ці моўныя асаблівасьці, то Ўладзімер Ільліч быў яўна не паэтам. Але мы калісьці вывучалі спэцкурс «Ленін — майстар нэкралёгу» і ягоныя мэтафары — «палітычныя прастытуткі», «сяўружына з хрэнам» — гэта пра творы апанэнтаў, далей — «лібэральныя ваніты».

— Ну, гэта ўжо, ведаеце... — паспрабавала мяне перапыніць ідэалягічная начальніца. Але мне неабходна было дакончыць думку: «Замест Леніна лепей паставіць Міндоўга альбо хопіць проста Міцкевіча».

— Горад без галавы ня можа быць, — адсекла Бурдзюкова. — Леніна мы ні на каго не прамяняем. Ён у нас у сэрцы засеў. А паэтамі быць усім не абавязкова. Нэкралёгі таксама некаму трэба пісаць.

— «Паэтам можаш ты ня быць, грамадзянінам быць абавязан», — падтрымаў даму крыху гульліва ўрадавы прадстаўнік Загібалін і працягнуў зь іншай — дырэктыўнай інтанацыяй. — Галава дзяржавы паставіў задачу: даказаць гэтым, якія хацелі паміж сабой нашага паэта падзяліць надвая, нам нічога не пакінуўшы...

— І каторыя ў НАТО... — ня вытрымала Дар’я Макараўна.

— Так, і якія цяпер пішчом лезуць у агрэсіўны блёк, так мы ім павінны даказаць, што мы ня горш за іх разьбіраемся ў паэзіі. Такую задачу паставіў сам галава дзяржавы. І гэта яшчэ ня ўсё. Дзяржава згодна даць грошы на рамонт вашага райцэнтру і помніка. Каб ня пляснуцца тварам у гразь перад замежнымі дэлегацыямі, — важка зазначыў чыноўнік. — Хаця ў нас клопатаў хапае бяз вашага Леніна: сяўба вось-вось, потым бітва за ўраджай і галоўнае дзяржаўнае сьвята «Дажынкі».

— І на прыбіральню грамадзкую, калі ласка, дайце грошай, — раптам, не чакаючы слова, загаварыў раёны начальнік з жабрачымі ноткамі ў голасе. — Перад музэем стаіць старая: хмары мух, пах непрыемны. Турысты скардзяцца. Разбурыць ніхто не дазваляе — на балянсе ў Мінкульце стаіць — сам Міцкевіч туды хадзіў, гаварылі. Дый на новую ніколі няма грошай, увесь час трэба змагацца за прывагі, за надоі. Туалет — наша балючае месца, таварыш прадстаўнік ураду, наша ахілесава пята.

— Ладна-ладна, будзе вам клязэт, — з усьмешкай лагодна паабяцаў Загібалін.

— І пажадана, каб ачкоў па пяць-шэсьць з кожнага боку — і для хлопчыкаў, і для дзяўчатак, — нейк цнатліва дадаў мясцовы бюракрат, — каб усім хапіла.

— Ну я ж сказаў: будзе вам туалет — зь літарамі «мэ» і «жо», — шырока пасьміхнуўся ўрадавы чыноўнік, — але я хачу канкрэтна пачуць, што ў нас атрымліваецца з помнікам Ільлічу?

Абласны архітэктар пачаў па-вайсковаму сьцісла і дакладна тлумачыць свой плян. Старога Леніна — дэмантаваць. Новага паставіць не пасярэдзіне, а збоку пляцу. Сталічныя скульптары-ляўрэаты запатрабавалі цану... Маўляў, сёньня спэцыялістаў па Ільлічу амаль не засталося, усе на вагу золата. Але мы зробім інакш. Мы возьмем у падвале вялікую белую галаву правадыра, якая стаяла раней у абкаме. Атрымаецца «і дзёшава, і сярдзіта».

— Брава! — не стрымаўся Загібалін, які не хаваў лагоднага гумору. — А зараз, таварышы, пяройдзем да абмеркаваньня самога паэта, яго, так сказаць, вартасьцяў і паэтычных здольнасьцяў.

Тут слова далі чамусьці гісторыку, які перш пахваліўся, што застаўся на марксісцкіх пазыцыях, чым вельмі ганарыцца. Ён загаварыў у такім рэчышчы:

— У Парыжы Міцкевіч уступіў у сэкцыю нудыстаў, шпацыраваў па Элізэйскіх палях «у чым мама нарадзіла». У Стамбул да турак пацягнуўся. Ці бачыце, хацеў падтрымаць француска-ангельскую агрэсію. Стаць героем Крымскай вайны. Чаго яму там не хапала? Зноў гарэм у Бахчысараі зрабіць? Бясслаўна памёр у турэцкім духане ад антысанітарыі. Увогуле, як ён пра нашых рускіх афіцэраў у сваім «Тадэвушы» напісаў? Ганьба!

— Папрашу без эмоцый, — загадаў Загібалін.

— Прабачце. Я толькі хацеў сказаць, што ён стаў рэакцыйным паэтам пасьля таго, як перастаў сябраваць з Пушкіным і ўцёк на Захад. Гэта, кажучы па-сучаснаму, здрада радзімы, артыкул 58 — 25 гадоў альбо нават расстрэл.

Начальства, як мне здалося, зьлёгку нават зьніякавела. Сытуацыю ўратаваў, як ні дзіўна, абласны архітэктар, які сказаў, што цяпер Ленін будзе кантраляваць сытуацыю — глядзець менавіта ў бок Міцкевіча, да якога раней стаяў сьпінай і нічога ня бачыў, што робіцца ў Доме-музэі.

— Ну, добра, — перапыніў яго Загібалін, — хопіць. З помнікам вырашылі, з туалетам разабраліся, якія яшчэ праблемы?

— Пікетчыкі стаяць на вуліцы, — з трымценьнем азваўся прадстаўнік мясцовай улады.

— Пікетчыкі? Якія пікетчыкі? Што ім трэба?

— Школу польскую патрабуюць. У горадзе Міцкевіча трэба, каб польская школа была.

— Мы ж ім далі адказ! — знэрвавана выгукнула Дар’я Макараўна.

— Так, далі. Ім адказалі, што палякаў у нас можна па пальцах пералічыць, і школу адкрываць немэтазгодна. У нас ужо і беларускай школы няма, хоць беларусаў — колькі хочаш. І нічога, ніхто не абураецца.

— Правільна! — згадзіўся прадстаўнік ураду. — У нас усе выдатна разумеюць рускую мову. І дзякуй Богу, як кажуць. Ну што, таварышы, закончым на сёньня. А што ў Леніна такая вялікая галава будзе стаяць, гэта справядліва — ён 55 тамоў напісаў, а колькі гэты ваш Міцкевіч?..

На сьвяткаваньне ў Дом-музэй наш галава дзяржавы запрасіў суседніх галоваў — польскага і літоўскага. У райцэнтры так рыхтаваліся, асфальт з мылам мылі. Наш галава разам з суседнімі галовамі павінен быў, паводле сцэнару, пасадзіць дубкі — цэлую алею, — пад якімі любіў бавіць час Адам Міцкевіч са сваімі каханкамі. Затым наш правадыр павінен быў зрабіць выступ пра паэзію.

Народу сабралася паглядзець на высокае начальства — процьма. Наперад выйшаў мужчына пад гальштукам у сьветлым гарнітуры, з рыдлёўкай у руках. Натоўп вакол мяне ажно скалануўся. Ніхто не пазнаў правадыра, твар якога штодня прапагандавала тэлебачаньне. «Няўжо-няўжо цяпер кіруе іншы? А гэты куды дзеўся?» Але раптам нехта пазнаў прэм’ера Лангова, які звычайна пакорліва ў тэлевізары выслухоўваў лаянку нашага бацькі, спруцянеўшы стоячы, таму ніхто яго як сьлед не запомніў. Маўчуноў народ не запамінае і ня любіць.

Але народу ніхто нічога не тлумачыць. Адно ўсюдыісныя журналісты хутка разьнюхалі, што наш бацька раззлаваўся і не прыехаў, бо адмовіліся ад візыту літовец з палякам. Напісалі: дзякуй за запрашэньне, але ў вас тут парушаюцца на кожным кроку правы чалавека... Ну, а начальства наша так і не зразумела: якія адносіны мае вялікая паэзія да славэтных правоў чалавека? Карацей, грандыёзнае сьвята было сапсавана. Затое сёньня ў землякоў вялікага паэта ёсьць новы Ленін, праўда, бяз рук, але гэта нават і лепей. І вотэрклязэт, пра які яны марылі, таксама ёсьць. Так што і турысты нарэшце ўздыхнулі з палёгкай.

СЯРГЕЙ АСТРАВЕЦ — пісьменьнік, журналіст. Жыве ў Горадні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0