Дзеўка са «Свабодай»

Ёсьць у гомельскім паноптыкуме адзін выдатны экзэмпляр — невысокая бабулька з савіным носам. Ейны твар у любую пару году чырвоны — незважаючы на свой век, бабця любіць наступаць раз-пораз на корак. «Бабушка выпіла», — з годнасьцю рэклямуе яна сваё п’янства, чапляючыся да мінакоў.

Ехаў неяк я тралейбусам, месца хапіла, каб сесьці. Побач прыладзілася дзяўчынка з плэерам. Акурат у гэты час у салён уплюшчылася тая самая бабця-п’янця, распасьцерла руку і хрыпла прастагнала: «Ну вот, уселася». Рэпліка прызначалася дзяўчынцы. Тая адразу ўсё зьмікіціла і паднялася, саступаючы месца. «Бабушка села». Я міжволі паморшчыўся. Бабуля зьнячэўку стала цікавіцца: «Ета ваша дзевушка?» Ага, мая. Старая паднялася і перасела — было куды! Малая вярнулася на месца, цярэбячы свой mp3-player і зазіраючы ў маленькі каляндарык зь лягатыпам «адной падрыўной радыёстанцыі». За ўвесь час яна ня вымавіла ні слова.

Касцы ілюзій

«Ідуць касцы, зьвіняць іх косы», — знаёмыя яшчэ са школы словы, што трывала замацаваліся ў сьвядомасьці. Ідуць касцы, зьвіняць іх косы і tertium non datur. Але аднойчы давялося перажыць культурны шок: косы не зьвінелі. Здарылася гэта непадалёк ад Мельніцкага мосту, дзе паміж гаражамі й шматпавярхоўкамі захаваўся добры кавалак пусткі. Улетку там буяе разнатраўе, якое муляе вока камунальным службам.

Радоўка мужчынаў у засьцерагальных акулярах мерна крочыла, трымаючы ў руках здабытак цывілізацыі — мэханічную касілку. Карціны ў стылі Стывэна Кінга. Зблытаныя думкі нарадзілі толькі адну фразу: «Ідуць касцы, гудуць іх косы…» Але гэта не азначае, што ўсе закінулі дзядоўскія літоўкі. Напамінам пра тое, што старасьветчына парадаксальна ўпісваецца ў сучаснасьць, для мяне стала іншая гарадзкая карціна. Стыльны дзяцюк у чырвонай майцы з надпісам «Дякуй богу, що я не москаль» і разабранай касою ў правіцы крочыў на пару зь дзяўчынай, адзетай у вельмі лёгкую саколку і кароткую спаднічку.

Плятформа сораму

На прыпынку адна паненка знаходзілася ў таварыстве мамы і бабулі. Яна была гатовая праваліцца ў царства Жыжаля, абы ня чуць сваіх спадарожніц. Кабеты не пераказвалі зьмест N-й сэрыі лацінаамэрыканскай мыльнай опэры. Яны абмяркоўвалі сваю родную крывіначку: як яна вырасла, як яна пахарашэла, зь якой высознай плятформай носіць абутак. Незагарэлая дзяўчына ўмомант зрабілася чырвонай. Яна драматычна закочвала вочы і паказвала белыя зубы ці то ва ўсьмешцы, ці то ў зласьлівым ашчэры. Безумоўна, увесь сьвет — тэатар, а людзі ў ім — акторы. Але гэтай акторцы давядзецца многа рэпэтаваць, каб навучыцца ігнараваць ня столькі назойлівую любоў родзічаў, колькі прысутнасьць падчас праяў гэтай любові трэціх асобаў, накшталт мяне. А плятформа ейнага абутку сапраўды высозная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0