Саша і малако

Імчым па праспэкце Міру, што ў Маскве. За стырном джыпа — Саша Іваноў: «У такім джыпе я езьдзіў па Танзаніі!» «А я не люблю джыпаў і Афрыкі, мэгаполісы люблю». — «А ў мяне ўсё наадварот. Вось і цяпер думаю, што я раблю ў чортавым горадзе. Хочацца ў Намібію, у Танзанію… У Афрыцы засталося шэсьць сапраўдных запаведнікаў, дзе жывёлы яшчэ пачуваюцца больш-менш вольнымі. Дый тое ўмоўнасьць. Паехалі мы фатаграфаваць вадапой насарогаў, а нэгры паналівалі малака ў лужыны, каб насарогі забавіліся па дарозе на вадапой. «Нашто вы гэта зрабілі?» — «Дзеля вас!» Крэтыны. А што ў вашых запаведніках творыцца?» — «У нас ёсьць Нью-Ёрк бабровы. На Палесьсі, паміж Мазыром і Пінскам, ёсьць мэгаполіс баброў. Уражвае». — «Бабёр маленькі, а я люблю вялікіх жывёлаў: сланоў, жырафаў, насарогаў…» — «Зуброў у нас хапае!» — «А можна прыехаць і сфатаграфаваць? Толькі не ў загоне, а ў краявідзе… Я фатаграфую вялікіх жывёл у краявідзе…» — «Друкуеш у часопісах?» — «Не. Я здымаю толькі для сябе…» — «Апошнія запаведныя мясціны?» — «Штосьці такое… У Намібіі, на мінулым тыдні, я зрабіў цэлую серыю здымкаў пра львіцу. Па саване ішлі тры маладыя львіцы, а на акацыі сядзеў ягуар. Ён задраў нейкую антылёпку, нейкую козачку, і зацягнуў на дрэва, на самую вершаліну, і там закусваў. Ільвіцы падышлі да акацыі, адна палезла да ягуара, ён, вядома, паспрабаваў супраціўляцца, але львіца парвала ягуара імгненна, забіла і скінула на зямлю. Я думаў, яна і антылёпу скіне. Не. Уладкавалася на дрэве і пачала есьці. Пакуль усё ня зьела, ня зьлезла… Дык як з зубрамі?» — «Думаю, можна паехаць. У мяне брат у Берасьці жыве. Пацікаўлюся…» — «Ты паедзеш?» — «Не. Я ў дзяцінстве бачыў, як зубар напаў на машыну. Шофэр, ідыёт п’яны, хацеў зубра пагладзіць. Маўляў, што бык, што зубар — бяз розьніцы. Толькі некалькі крокаў ён зрабіў у бок зубра, той павярнуўся і на шофэра пайшоў. Шофэр схаваўся ў кабіну сваёй «Калхіды». Зубар баднуў бампэр і сышоў. Я глядзеў на гэта праз акно аўтобуса. Страшнавата было. Пасьвіць авечкі і каровы я нават любіў, а да нясвойскіх жывёлаў я абыякавы…»

11.09.2005, 13:23

1944. Глобус і Сікорскі

У архіве Польскага інстытуту і музэю імя генэрала Сікорскага (IPMS, Greaf Britain) ёсьць дакумэнт (Sydn.: XII.3.31) ад 17.VI.1944, у якім згадваецца Сьцяпан Глобус, праваслаўны з Баранавіцкага павету, ён служыў у 1-й танкавай дывізіі, у 9-м стралецкім батальёне.

Выпіску ў архіве зрабіў Ігар Войніч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0