У Менску 9 ліпеня а 10 раніцы ў судзе Ленінскага раёну распачаўся паўторны разгляд па справе Кастуся Лукашова, брата Вячаслава Сіўчыка.

У лютым суд пакараў Канстанціна Лукашова зьняволеньнем на два гады з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады. Яго абвінавацілі ў супраціве міліцыянту Сушчэню летась 29 сакавіка, калі ён вывозіў брата са шпіталю і не спыніў аўтамабіль на патрабаваньні невядомага ў спартовым адзеньні.

Перагляд справы ініцыяваў бок абароны. 3 красавіка калегія Менскага гарадзкога суду адмяніла рашэньне суду Ленінскага раёну і вярнула справу на разгляд новага судзьдзі.

Працэс мусіў распачацца 19 чэрвеня, але яго перанесьлі, бо ўчастковы Сушчэня знаходзіўся ў камандзіроўцы.

А 10 раніцы суд таксама зрабіў перапынак да 11.30, бо ўчастковы ў суд не зьявіўся. Толькі пасьля таго, як міліцыянт прыехаў, распачаўся суд.

Кастусь Лукашоў дабіваецца прызнаньня сваёй поўнай невінаватасьці. "Калі няма падзеі злачынства, то згаджацца з жорсткім прысудам нелягічна," - сказаў Лукашоў.

***

17.30 Судовае паседжаньне завершылася. Апытаны 9 сьведак. Сьведкі з боку пракурора ізноў далі паказаньні на карысьць Кастуся Лукашова. Як падкрэсьліў Вячаслаў Сіўчык "прысуд Кастусю - палітычны, Кастусь быў асуджаны толькі таму, што мой брат".

Заўтра, 10 ліпеня а 10 раніцы суд прадоўжыцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?