Украінскаму прэм’еру паказалі беларускую індустрыю.

Еханураў прыпазьняўся. І толькі тады, калі на фасадзе адміністрацыі МТЗ пачаў круціцца трактар на падстаўцы, стала ясна: немалы картэж украінскага прэм’ера ў суправаджэньні матацыклістаў узяў кірунак у бок волата айчыннага трактарабудаваньня.

Невысокі і негаманкі, Еханураў імкліва прыняў прывітаньні ад дзяўчатаў у строях, ушчыкнуў бохан ды накіраваўся ў цэх у атачэньні чародкі беларускіх ды ўкраінскіх чыноўнікаў. З рабочымі, апранутымі ў навюткія жоўта-зялёныя камбінэзоны, Еханураў не размаўляў. Ён крочыў па цэху, часта ўсьміхаўся, але ўсё больш маўчаў і паглядаў прымружанымі вачыма на генэральнага дырэктара МТЗ Аляксандра Пухавога, які, энэргічна жэстыкулюючы, спрабаваў перакрычаць ляск і грукат.

Агляд прадукцыі працягнуўся ў дворыку, дзе шэрагам стаялі чырвоныя трактары. Калі б украінскі прэм’ер падышоў бліжэй, дык змог бы ўбачыць на многіх зь іх пакрышкі з надпісам «Made in Ukraine». Але Еханураў выяўляў да тэхнікі даволі стрыманую цікавасьць. Калі перад ім ветліва адчыніў дзьверцы супэрновы трактар «Беларус-2522», украінскі прэм’ер нават не крануўся зь месца: «Не, у нас іншы таварыш будзе лазіць». Пазьней, падчас візыту на МАЗ, Еханураў не пажадаў сесьці і за стырно грузавіка, хоць такая магчымасьць асобным пунктам была прадугледжаная ў праграме візыту. Хутчэй за ўсё, ён не пажадаў рабіцца героем бясплатнай рэклямы па прыкладу губэрнатара Маскоўскай вобласьці Барыса Громава, чыё фота за стырном МАЗа абышло дзяржаўныя газэты. Еханураў толькі расьпісаўся ў кнізе для гасьцей МТЗ. Таннай плястмасавай асадкай аранжавага колеру. І схаваў яе ў кішэні пад сэрцам.

Украінскі ўрад мае адмысловую праграму, мэта якой — дапамагчы фэрмэрам разьлічвацца за тэхніку. Натуральна, дырэктары беларускіх прадпрыемстваў зацікаўленыя ў тым, каб менавіта нашая тэхніка пайшла на ўкраінскія палеткі. Але ці быў гандаль трактарамі ды цягачамі галоўным прадметам перамоваў? Паміж Беларусьсю і Ўкраінай хапае праблемаў. Прэм’ер Сідорскі нагадаў Еханураву, што беларускі бок чакае, калі Ўкраіна верне нам 134 млн даляраў. «У нас няма міждзяржаўных запазычанасьцяў — ёсьць карпаратыўныя даўгі», — парыраваў украінскі прэм’ер. Разам з тым, зьявілася інфармацыя, што Ўкраіна, магчыма, будзе аддаваць пазыкі пастаўкамі ўкраінскіх тавараў ды электраэнэргіі. Калі гэтага не адбудзецца, Беларусь пагражае не ратыфікаваць дамову пра мяжу з Украінай, што паставіць крыж на яе ўваходзе ў Эўразьвяз ды NATO.

Сваю працу ў Беларусі Еханураў параўнаў з кёрлінгам — відам спорту, дзе па лёдзе катаюць гранітныя камяніскі, націраючы перад гэтым шлях адмысловымі шчотачкамі. Такім праціраньнем, кажа Еханураў, і даводзіцца займацца яму зь Сідорскім. Еханураў перадаў Аляксандру Лукашэнку запрашэньне ад Віктара Юшчанкі завітаць ва Ўкраіну. Візыт мае адбыцца не пазьней за 20 красавіка. Калі лёд будзе дастаткова гладкім.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0