Надвор’е 19 сакавіка было суворае: пранізьлівы халодны вецер і сьнег. Але ня гэты сьнег зьдзівіў тых, хто не збаяўся сабрацца на Кастрычніцкай плошчы. Недзе пасярод мерапрыемства ў сьвяточным натоўпе пракаціўся зьдзіўлены гул. Гэта была рэакцыя на нечаканую завіруху, што пачалася зьнянацку і ў момант запаланіла плошчу. Потым вочнікі будуць казаць, што бачылі дзіўную рэч: сьнег нібыта пайшоў з-за будынкаў Палацу Рэспублікі і музэю ВАВ. Я на свае вочы бачыў, што сьнег быццам бы струменіў з правага кута даху Палацу. А потым у паветры ўжо была суцэльная заслона сьнегу. Перад завірухай і пасьля на даху Палацу, на тым самым правым рагу, мітынгоўцы маглі бачыць некалькі чалавек. Вочнікі кажуць, што польскія журналісты, якія вялі рэпартажы ў прамым этэры, адразу ж паведамілі пра прымяненьне сьнегавых генэратараў. Шмат хто зьвярнуў увагу на тое, што сьнег быў ня ў форме сьняжынак, як той, што падаў нейкі час таму, а ў выглядзе крупаў. І яшчэ ён меў спэцыфічны пах. Прыродны сьнег ня мае паху.
У СМІ ўжо распаўсюдзілі заяву супрацоўніка Белгідрамэтцэнтру, што гэта была прыродная зьява: моцная кароткачасовая завіруха.
Скептыкі сумняюцца. Аднак нават просты пошук у беларускім Сеціве спачатку дае інфармацыю пра нібыта выкарыстаньне сьнегавых генэратараў, а потым пра тое, што такое абсталяваньне маецца ў Раўбічах і ў Сілічах.
Інтэрнэт-газэта gazetaby.com («Салідарнасьць») паведамляе пра магчымыя прычыны такой незвычайнай зьявы: завіруху маглі справакаваць пры дапамозе складанага абсталяваньня альбо пры дапамозе самалётаў, што маглі за некалькі гадзінаў распыліць на вышыні адмысловы адсарбэнт. І тое і другое каштуе немалыя грошы – гадзіна палётаў такога самалёта абыходзіцца ў 1 тысячу даляраў. Выданьне паведамляе таксама, што МУС адмаўляецца камэнтаваць магчымасьць выкарыстаньня такіх спэцсродкаў.
Варта прыслухацца й да аглушальна пераабранага Лукашэнкі, які на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што нават Бог на яго баку, бо паслаў на плошчу завіруху.
❏
Cьнегавыя машыны здольныя прадукаваць ад 3 да 90 кубамэтраў сьнегу. Расход вады ад 1,2 да 36 м/гадз. Максымальная тэмпэратура вады +2 градусы. Магутнасьць – ад 3 да 20 кВт. Габарыты вагаюцца ад 100х50х120 да 280х200х210 см.