2005. Кавалёва і кнігі

Школьная настаўніца фізыкі Ленка Кавалёва не чытае кніжак. «Мне зусім не цікава чытаць апісаньні чужога жыцьця. Маё сапраўднае жыцьцё значна цікавейшае за кніжнае…» Можна было б пагадзіцца зь Ленкаю, каб яе жыцьцё было незвычайным. А яно цалкам звычайнае: школа з выкладаньнем фізыкі, царква з праваслаўем і сотавы тэлефончык з галасамі сьціплых кавалераў. Адзіная дэталь, якая асабіста мяне зьдзівіла ў Ленчыных паводзінах, — грэблівае стаўленьне да беларускай мовы. «Лен, а калі раптам цябе папросяць выкладаць фізыку па-беларуску?» — «Адмоўлюся!» — «А калі загадаюць?» — «Тады мы зьбяромся і зьедзем у Расею…» — «Хто «мы»?» — «Расейцы, праваслаўныя…» — «А хіба беларуская мова ня можа гучаць у праваслаўнай царкве?» — «Ня можа!» — «Калі так, давядзецца зьехаць, Лен». — «І зьеду!»

1977. Караткевіч і пераапрананьне

Пісьменьнік Караткевіч працаваў у белай кашулі і пад гальштукам. На нагах у яго былі модныя чаравікі. На сьпінцы працоўнага крэсла вісеў дарагі пінжак. Калегі любілі пакепліваць з Караткевіча: «Ты, Валодзя, ідзеш за працоўны стол, як на вясельле… Ну нашто ты апранаеш самы лепшы свой касьцюм, калі зьбіраесься працаваць васямнаццаць гадзін, зачыніўшыся ў кватэры, дзе цябе ніхто ня ўбачыць?!» «Так трэба!» — ляканічна адказваў Караткевіч. Трэба дык трэба… Чаму трэба? Ніхто й не задумваўся, прынамсі я не задумваўся.

І вось нечакана для самога сябе я здагадаўся, чаму пісьменьнік так старана апранаўся перад тым, як сесьці за стол. Усё Караткевічава жыцьцё праходзіла ў адным пакоі, які называўся кабінэтам. Прынамсі апошнія 15 гадоў ягонага жыцьця прайшлі ў гэтым пакойчыку зь вялізным сталом, стэляжамі, перапоўненымі кнігамі, ды канапай, закіданай цацкамі. Караткевіч пісаў, спаў і піў у кабінэце. Ён мог месяцамі ляжаць на канапе, загарнуўшыся ў доўгі шаўковы халат, чытаць прыгодніцкія раманы і папіваць абачліва назапашаны каньяк, а потым надыходзіла новая раніца. Караткевіч выходзіў з кабінэту, прымаў душ, галіўся, апранаўся ва ўсё сваё найлепшае і вяртаўся ў свой пакой зусім іншым чалавекам — пісьменьнікам і працаўніком. Караткевіч пісаў запойна, па 16—18 гадзін, пісаў хутка — 20—25 старонак за раз, ён не спыняўся, пакуль не напіша твор ад пачатку і да канца. Потым пачыналася спустошанасьць, дэпрэсія, хутаньне ў лілёвы халат… Але праз тыдзень, празь месяц, праз тры — Караткевіч зноўку павязваў фацэтны гальштук і апранаўся ў дарагі касьцюм, каб працаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0