На мове бомбаў

Я хварэў на рак і ў пачат- ку году перанёс сур’ёз- ную апэрацыю. Сама апэрацыя і яе вынікі сталі для мяне кашмарам; я адчуў сябе плыўцом, якога зацягвае на дно глыбокі, змрочны, бязьмежны акіян. Цешуся тым, што не патануў, што яшчэ жывы. Аднак, перамогшы цемру ўнутры сябе, я трапіў у іншы, усёабдымны кашмар — у атмасфэру амэрыканскай гістэрыі, невуцтва, ваяўнічай фанабэрыі. Самая магутная нацыя, якую ведала чалавецтва, апалчылася цяпер на ўвесь белы сьвет.

«Хто ня з намі, той супраць нас», — прамовіў прэзыдэнт Буш-малодшы. Ён дадаў: «Мы не дазволім, каб ў рукі найгоршых лідэраў сьвету трапілі найгоршыя віды зброі». Слушна, дзядзька Буш. Зірні ў люстра — убачыш якраз таго лідэра, якога меў на ўвазе.

Цяпер Амэрыка разгортвае найбольш дасканалыя сыстэмы «зброі масавага зьнішчэньня», гатовая скарыстаць іх там, дзе лічыць патрэбным. Яна ўзброеная лепш, чым усе астатнія краіны, разам узятыя. Амэрыка выйшла зь міжнародных пагадненьняў аб біялягічнай і хімічнай зброі, адмовілася пусьціць інспэктараў на ўласныя заводы, дзе куецца тая зброя. Разыходжаньні паміж публічнымі заявамі амэрыканцаў і дзеяньнямі амэрыканскага ўраду набылі амаль камічны характар.

Амэрыка лічыць, што 3000 ахвяраў у Нью-Ёрку 11 верасьня — адзіныя ахвяры, што маюць значэньне, бо гэта ж свае, амэрыканскія мерцьвякі! Астатнія мерцьвякі — нерэальныя, абстрактныя, нецікавыя.

Не чуваць згадкі пра 3000 сьмерцяў у Аўганістане. Забыты сотні тысяч ірацкіх дзяцей, пазбаўленых лекаў праз амэрыканскія і брытанскія санкцыі, — дзяцей, якія памерлі. Ніхто ня кажа, што ўранавыя адкіды, ужытыя амэрыканцамі падчас вайны ў Заліве, жахліва ўзьнялі ўзровень радыяцыі ў Іраку. Там нараджаюцца дзеці без мазгоў, без вачэй, без геніталій.

Хто памятае пра 200 000 трупаў ва Ўсходнім Тыморы (1975 год)? Людзей забіваў інданэзійскі ўрад, але па ўказцы і пры падтрымцы Злучаных Штатаў. Аддадзены забыцьцю 500 тысяч сьмерцяў у Гватэмале, Чылі, Сальвадоры, Нікарагуа, Уругваі, Аргентыне і Гаіці, да якіх гэтаксама спрычыніліся ЗША. Ужо ня згадваюцца мільёны сьмерцяў у Віетнаме, Лаосе і Камбоджы. Бадай ня згадваецца безнадзейнае змаганьне палестынскага народу, якое так хвалюе сьвет.

Аднак ня ўсім даспадобы перакручваньне падзей цяперашняга часу і перапісваньне гісторыі. Людзі не забываюць. Не забываюць ні сьмерць сваіх сяброў, ні катаваньні ды нявечаньні, прыгнёт і прыніжэньне, ні тэрарызм звышдзяржаў. Людзі ня толькі помняць, а яшчэ і даюць адлуп. Жахі Нью-Ёрку былі прадказальныя і непазьбежныя. Гаворка ішла аб расплаце за пастаянныя і сыстэматычныя праявы дзяржаўнага тэрарызму з боку Амэрыкі — на працягу доўгіх гадоў, ва ўсіх частках сьвету.

У Вялікабрытаніі публіку цяпер папярэджваюць, каб яна была «пільная», гатовая да мажлівых тэрарыстычных актаў, але папярэджаньні гучаць абсурдна. І як жа трэба разумець тую публічную пільнасьць? Усе павінны хадзіць, захутаўшыся ў шалікі, каб раптам не глынуць атрутнага газу?

Атакі тэрарыстаў цалкам імаверныя, і яны будуць вынікам брыдкага, ганебнага пабягушніцтва нашага прэм’ер-міністра перад Амэрыкай. Здаецца, нядаўна ў лёнданскім мэтро было прадухілена распыленьне атрутнага газу тэрарыстамі. Аднак у наступны раз атака можа стацца пасьпяховай. Тысячы школьнікаў штодзень езьдзяць у мэтро — калі яны загінуць у выніку тэракту, увесь цяжар адказнасьці ляжа на плечы прэм’ер-міністра. Няма чаго казаць, што сам ён не карыстаецца паслугамі лёнданскага мэтро.

Плян вайны супраць Іраку — фактычна плян наўмыснага забойства тысяч мірных людзей пад маркай вызваленьня іх ад дыктатуры. Амэрыка і Вялікабрытанія прадаўжаюць сваю гонку, што прывядзе толькі да эскаляцыі гвалту ва ўсім сьвеце і ўрэшце да катастрофы. Аднак відавочна, што Амэрыка зьнемагае ад жаданьня напасьці на Ірак. Мяркую, што напад будзе — ня толькі таму, што Амэрыцы карціць захапіць кантроль над ірацкай нафтай, а яшчэ і таму, што цяперашняя амэрыканская адміністрацыя — гэта крыважэрная дзікая жывёліна. Бомбы — яе адзіная мова. Мы ведаем, што многія амэрыканцы жахаюцца паводзінам уласнага ўраду, але, тым ня менш, застаюцца бездапаможнымі.

Калі эўрапейцам ня стане салідарнасьці, глузду, сьмеласьці і волі дзеля адказу на выклік, кінуты амэрыканскімі ўладамі, для характарыстыкі Эўропы выдатна падыдуць словы Аляксандра Герцэна: «Мы не дактары. Мы — хвароба».

Урывак з прамовы Гаральда Пінтэра з нагоды атрыманьня ганаровай ступені ў Турынскім унівэрсытэце. 13 сьнежня 2002 г.

Апошнія гады Пінтэр піша найбольш публіцыстыку. Адны захапляюцца ёю, другія зьедліва крытыкуюць. «Калі Пінтэр так ня любіць Захаду, чаго ж ён сам жыве ў краіне Блэра, а не пераедзе ў Іран ці Ірак?» — напісаў на форуме, дзе абмяркоўвалася прамова «На мове бомбаў» адзін з наведнікаў. Тады Садам яшчэ панаваў, сабраўшы на чарговым рэфэрэндуме 100 працэнтаў галасоў. «Свабода вартая любых ахвяраў. Свабоды не бывае без ахвяраў. Калі б усе былі Пінтэрамі, свабода ня мела б шанцаў», — напісаў другі. «Калі Турцыю, Японію і постгітлераў

скую Нямеччыну заганялі ў дэмакратыю, гэта таксама было балюча. Затое ў выніку збудаваліся больш справядлівыя грамадзтвы», — напісаў трэці. «Пінтэр лае заходнюю цывілізацыю. Але хіба ня гэтая цывілізацыя ставіць чалавека па-над усё? Калі Пінтэра вылечылі ад раку, дык гэта дзякуючы заходняй цывілізацыі, якая разьвіла такую мэдыцыну», — піша чацьверты. «У Амэрыкі свае інтарэсы, у альбанцаў ці курдаў свае. Калі яны супадаюць, падзякуй Алагу. Ня трэба мяшаць усё да купы», — адрэагаваў нехта з Прыштыны. «Дэмакратыя павінна быць з кулакамі. Інакш такія Лукашэнкі ці Хусэйны ўрэшце зьядуць заходні сьвет, як Гітлер хацеў зьесьці», — яшчэ адно меркаваньне.

Пісьменьнік — гэта ня тое, што дыпляматы. Пісьменьнік — ён для таго, каб прымушаць людзей думаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0