Севярынец і беларушчына

Маладафронтавец Павал Севярынец выдаў і прэзэнтаваў кнігу «Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі». Кніга пакідае супярэчлівыя ўражаньні, бо ў ёй рэтраспэкцыя пануе над пэрспэктываю. Севярынец бадзёра спрабуе падсумаваць дасягненьні беларусаў у мінулым і амаль не канструюе будучыні Беларусі, а калі і робіць спробы зазірнуць наперад, дык акрамя працягу малапрывабных і ўсім вядомых карцін мінуўшчыны нічога не вымалёўваецца. Асноўная памылка Севярынца, як і ягоных палітычных папярэднікаў — Вячоркі, Пазьняка ды Статкевіча, палягае ў тым, што блытаецца мінулае з будучым, замест сучаснасьці паказваецца гісторыя, замест рэальнасьці прапаноўваецца тэатральнае дзеяньне. Замест таго каб мітынг-шоў ператварыць у жыцьцё, яны жыцьцё ладзяць, як тое шоў. Замест ператварэньня кнігі ў рэальнасьць Севярынец рэальнасьць спрабуе загнаць у форму кнігі — атрымліваецца мёртвая кніга пра мёртвыя зьявы. І не выпадкова ў Паўлавай кнізе зьявілася фактычная памылка. Ён піша, што шэсьце на Дзяды ў 1988 г. зладзіў Пазьняк. Севярынец памыляецца. Заяўку на шэсьце падало Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» за подпісамі Сыса, Бяляцкага ды іншых. Гэта было першае і адзінае шэсьце ў найноўшай гісторыі Беларусі, якое мела калясальныя геапалітычныя вынікі са станоўчымі рэзультатамі: дэканструкцыя СССР, прыманьне і паступовае замацоўваньне дэмакратычных каштоўнасьцяў на постсавецкай прасторы і новыя дзяржаўнасьці. Астатнія мітынгі і шэсьці ў Беларусі мелі тэатральны эфэкт. Акрамя тэлекарцінак і розгаласу ў мэдыйнай прасторы яны нічога не далі і не дадалі да беларускай ідэі, бо, паўтаруся, арганізатары ператваралі жыцьцё ў тэатар, а не тэатар у жыцьцё, з жывога яны рабілі мёртвае. Перакананы, Статкевіч і Пазьняк, Севярынец і Вячорка нават не ўсьведамлялі штучнасьці ўласнай дзейнасьці, але беларускаму палітычнаму жыцьцю ад гэткай шчырасьці і наіўнасьці ніякай палёгкі не было, дый цяпер няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0