Продкі новага прэм’ер-міністра Польшчы Казімежа Марцінкевіча паходзяць з усходняй Беларусі.

Там за царскім часам яны мелі 60 гектараў зямлі «недзе між Менскам і Смаленскам». У 1920 г. сям’я Марцінкевічаў — родавае прозьвішча прэм’ера тое самае, што ў клясыка беларускай літаратуры, — уцякла ад бальшавікоў пад Ліду. Пасьля другой сусьветнай вайны зноў уцёкі — гэтым разам на землі, забраныя ў Нямеччыны пасьля 1945 г.

Прэм’еру-кансэрватару — 46 гадоў, па адукацыі ён — настаўнік фізыкі. У 1980-х — сябра «Салідарнасьці» і выдавец некалькіх пэрыёдыкаў. Сталеньне Марцінкевіча адбылося ва ўмовах уздыму каталіцкага касьцёлу, і вядома, што на яго погляды моцна паўплываў ксёндз-езуіт. Для прэм’ера важнымі зьяўляюцца сямейныя каштоўнасьці (ён выхоўвае чацьвярых дзяцей), і адначасова непрымальныя аднаполыя шлюбы ды іншыя заганы эўрапейскай дэмакратыі. У 1990-х Марцінкевіч увайшоў у партыю «Права і справядлівасьць».

У Польшчы прэм’ер мае паўнамоцтвы, практычна роўныя прэзыдэнцкім. У мінулую нядзелю прэзыдэнтам палякі (54% галасоў) абралі правага палітыка Леха Качыньскага. Паводле некаторых зьвестак, дальнія продкі Л.Качыньскага паходзяць з-пад Баранавічаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0