Слуцак ня бачыў такога 90 гадоў.

Нядаўна ў гэтым старажытным горадзе праводзілася трохдзённае сьвята з духоўна‑асьветніцкім накірункам «Сям’я — яднаньне і каханьне». Праграма яго стваралася пад кантролем праваслаўнага экзархату і Менскага аблвыканкаму, які выдзяліў з рэзэрваў случчакам 45 млн рублёў.

Пасьля таго як у першы дзень раніцой Мітрапаліт менскі і слуцкі Філярэт адслужыў Боскую літургію ў Сьвята‑Міхайлаўскім саборы, адтуль выйшаў хрэсны ход з абразамі, харугвамі, крыжамі, з галасістымі пеўчымі. Наперадзе крочылі поруч старшыня райвыканкаму і настаяцель гэтага храму. Па шляху да бронзавага помніку сьвятой Сафіі Слуцкай у цэнтры гораду (а гэта — тры з паловай кілямэтры) да калёны далучылася ня меней за тры тысячы чалавек. Такога маршу па галоўнай вуліцы гораду тут ня бачылі з 1917 году.

Мітрапаліт Філарэт ля помніку Сафіі прачытаў казань пад мэлядычныя пералівы дзевяці званоў, што стаялі паблізу на плошчы, літаральна ў пяцідзесяці кроках ад бронзавага помніку Леніну, які, як вядома, пры жыцьці, пасьля кастрычніцкага перавароту, быў актыўным прыхільнікам атэізму.

З аркі‑пляцоўкі, што ўзвышалася паблізу Дому саветаў, Мітрпаліт Філарэт адкрываў гэтую духоўна‑асьветніцкую праграму сьвята, у якую ўнесьлі і зорак беларускай эстрады, і баль 1027 выпускнікоў сярэдніх школаў гораду, і нават запрошаную з Мазыра юную сьпявачку Ксеню Сітнік. Як і павялося здаўна, амаль усе песьні, а тым больш вітальныя прамовы выступоўцаў, былі расейскамоўнымі.

Навінкай глядзелася белакупальная паходня паблізу памерам ня меней за шэсьцьдзесят квадратных мэтраў, дзе на адкрытых для доступу стэлажах прадавалася царкоўная літаратура, у большасьці завезеная выдавецтвам Беларускага экзархату з Расеі. Спрыяла кнігапрадаўцам і тое, што арганізатары гэтага шоў завезьлі з Варонежу некалькі біклагаў мёду, а на рэклямнай шыльдзе зазначылі, што ён асьвечаны царквой. За тры дні мёд, па памяркоўнай для рынку цане, прадалі. Выставілі шмат кніжак пра жыцьцё сьвятых расейскіх угоднікаў, вядомых па Бібліі апосталаў, кніжкі пра ганеньні на царкву пасьля 1917 году. Попытам у пэнсіянэраў карысталіся касэты і дыскі з запісамі прыпавесьцяў царкоўных і песьнясьпеваў.

На жаль, на стэляжах, дзе было выстаўлена ня меней за тысячу розных кніжак у яркіх вокладках, я не знайшоў Біблію, перакладзеную чатыры гады таму на беларускую мову нашым пісьменьнікам Васілём Сёмухам (Стары і Новы Запавет у адным тому), ні аповесьці пра сьвятую Эўфрасіньню Полацкую, вядомага пісьменьніка і гісторыка Ўладзімера Арлова. Мне толькі паказалі беларускамоўны двухтомнік пістменьніка‑выдаўца Леаніда Маракова «Рэпрэсаваныя сьвяшчэньнікі за 1917 — 1967‑ыя гады» — такіх там занатавана з кароткімі біяграфіямі на 1120 старонках аж 2000. Гэта ня лічачы каталіцкіх, пратэстанцкіх, юдэйскіх, якіх таксама не абмінулі рэпрэсіі бальшавікоў. Двухтомнік выйшаў накладам у 1500 асобнікаў, у паходню завезьлі з два дзясяткі. То за тры дні, як патлумачыла мілавідная прадавачка, знайшоўся толькі адзін пакупнік. Магчыма, гэта было зьвязана і з высокай цаной двухтомніка — 52 тысячы рублёў, у той час як сярэдняя цана расейскамоўных кніжак складала недзе 5‑15 тысячаў рублёў.

І ўсё ж, што ні кажы, а і гэты хрэсны ход, і кніжную паходню з царкоўнай літаратурай паблізу помніку сямнаццаць гадоў таму ўлады тут не дазволілі б, нават на просьбу самога Мітрапаліта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?