4 лістапада Расея адзначае Дзень нацыянальнага яднаньня — «вызваленьне Масквы ад польска-літоўскіх акупантаў».

У 1612 г. расейскае апалчэньне пад кіраўніцтвам Мініна і Пажарскага штурмам узяло маскоўскі Кітай-горад, дзе засеў гарнізон Рэчы Паспалітай. Праз год на трон села дынастыя Раманавых.

Хто ведае, як бы павярнулася гісторыя Ўсходняй Эўропы, калі б у ХVII ст. беларусы гетмана Яна Караля Хадкевіча здолелі прабіцца на дапамогу гарнізону, што засеў у Кітай-горадзе.

Ды справа ня ў тым.

На 4 лістапада ў Маскве заплянавана шэсьце расейскіх патрыятычных арганізацый пад лёзунгамі «Выгнаць акупантаў», «Гэта наша зямля» ды «Расейцы ідуць». Ахвотных ксэнафобаў запрашаюць прыйсьці на акцыю пад імпэрскімі бела-жоўта-чорнымі сьцягамі. Акцыя дазволена мэрыяй.

Новы прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі ў інтэрвію «Новой газете» назваў гэта «дзіўным выбарам нацыянальнага сьвята». Пагатоў што ёсьць лепшыя нагоды: «Значна раней была бітва на Кулікоўскім полі, перамога ў якой пацьвердзіла, што расейскі народ існуе як народ эўрапейскі і хрысьціянскі», — сказаў ён. А быў жа яшчэ Напалеон… Зрэшты, палякі — і беларусы зь літоўцамі — ня Францыя і ня братнія татары. Перамогу над імі можна і адсьвяткаваць.

Расея ўсё сьвяткуе перамогі. Як і Беларусь — як афіцыйная, так і дэмакратычная. Улады адзначаюць перамогу ў Вялікай айчыннай, нацыяналісты — бітву пад Воршай. Добра, што сьвяткуюць. Кепска, калі сьвяткуюць супраць. Супраць «літоўскіх заваёўнікаў», супраць «маскоўцаў», супраць… супраць…

Заходняя Эўропа даўно адышла ад такой традыцыі — адзначаючы нейкія гадавіны, яна імкнецца не ўшчамляць гістарычнае памяці ніводнага народу. Пару тыдняў таму з размахам было адзначана 200-годзьдзе Трафальгарскай бітвы — калі брытанскі флёт пад кіраўніцтвам адмірала Гарацыё Нэльсана разграміў французаў. Але на гэтым акцэнт не рабіўся. Было проста супольнае адзначэньне юбілею — супольнае перамогі і супольнае паразы брытанцаў, французаў і гішпанцаў з удзелам найвышэйшых асоб трох краін. І ніякіх заяваў, што брытанцы ад некага кагосьці выратавалі. Эўропа жыве іншымі катэгорыямі. Ёсьць чаго павучыцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0