Мілінкевіч расказвае пра свайго бацьку — кавалера ордэна Леніна і маці-настаўніцу.

Калі за сьпінай цэлы сьвет

— Аляксандар Уладзімеравіч, у беларусаў ёсьць прыказка «Які бацька, такі сын». Калі я заяжджаю ў родныя вёскі, старыя дзяды, каторыя мяне ня ведаюць, пытаюцца: «Ты чый будзеш, сынок?» Ім дастаткова пачуць, хто быў мой бацька, хто дзед… Беларусы — нацыя невялікая і дружная. Людзі любяць ведаць, хто адкуль, з каго. Вось чаму ўсіх так цікавіць паходжаньне палітыкаў. Хацеў бы распытацца Вас пра Вашых бацькоў. Як гарадзенец, я шмат чуў пра Вашага тату, дырэктара школы…

— Першыя ўспаміны зьвязаныя з тым, што вельмі хацелася пабыць зь ім. Ён рана ішоў на работу і позна вяртаўся, ды яшчэ працягваў займацца справамі ў сваім пакойчыку, які мы гучна называлі кабінэтам. У адсутнасьць бацькі сяду за гэты стол, разгарну кнігу — і так лёгка чытаецца! Можа, уплываў строгі парадак, дзе кожная рэч займала сваё месца і нішто не адцягвала ўвагі… Сама атмасфэра была прасякнутая духам ведаў. Уяўляеце: гарыць настольная лямпа, на сьцяне вялікая геаграфічная карта, нібыта ўвесь сьвет у цябе за сьпінай. На паліцах — процьма кніг! Гэты таямнічы паўзмрок, памножаны на дзіцячую ўражлівасьць і фантазію, цішыня, калі ў цябе за сьпінай, здавалася, чуваць шум усіх мораў і акіянаў, якія запрашалі ў падарожжа…

Часам думаю, што мой старэйшы брат Уладзімер менавіта ў гэтай атмасфэры адчуў цягу да мора — і па заканчэньні школы паступіў у Ленінградзкае мараходнае вучылішча.

— Настаўнікі, якія працавалі разам з Уладзімерам Іванавічам, адзначаюць, што ў яго былі залатыя рукі.

— Так, ён сапраўды быў умельцам. У вольны час працаваў у садзе. Вось тут я быў першым памочнікам! Бачылі б вы яго каля дрэваў! Пасьля пасадкі шчэпаў ён нянчыўся зь імі, як са сваімі школьнікамі. Асабліва любіў яблыню «белага наліву», старую, яшчэ з 1930-х гадоў.

Які бацька, такі сын

— Да Вас у школе і па-за школай увага была, відаць. Усё ж такі дырэктараў сын…

— Што зьяўляюся сынам дырэктара, памятаў пастаянна. Цьвёрда ведаў, што нельга ставіць бацьку ў няёмкае становішча недарэчнымі выхадкамі. Падвесьці бацьку ня меў права. Памятаю, падыходзіць настаўніца і кажа: «Саша, у нас стварылі школьны хор. Хочаш запісацца?» Запісаўся. Калі б адмовіўся, то якраз і стварыў бы для бацькі невялікую праблему. Іншыя сказалі б: маўляў, дырэктараў сын Аляксандар адмаўляецца. А дырэктар заклікае ствараць хор, спартыўныя гурткі, духавы аркестар, танцавальныя сэкцыі… І, ведаеце, я ўдзячны лёсу, што сьпяваў у хоры, якім кіраваў знакаміты музыкант, заслужаны дзеяч культуры Адам Чопчыц.

— Уладзімер Іванавіч сам падбіраў пэдагагічны калектыў?

— Ён рэдка памыляўся ў кадрах, і мы дома ніколі ня чулі ад бацькі скаргаў на настаўнікаў. Меў талент зазірнуць у душу чалавека, знайсьці людзей, якія ведалі сваю справу. Адзін час у школе працаваў гішпанец Віяна, што паходзіў зь сям’і гішпанскіх рэвалюцыянэраў. Гэты чалавек, найвыдатнейшы танцор, арганізаваў у школе адпаведны гурток. Аплата працы гэтых прафэсіяналаў была сымбалічная. Думаю, што людзі пагаджаліся займацца выхаваньнем моладзі з павагі да Ўладзімера Іванавіча. З падначаленымі бацька ніколі не гаварыў

на павышаных тонах, быў надзвычай ураўнаважаны. Бацька мог навязаць кантакт з кожным суразмоўнікам. Умеў згладжваць вуглы, а дзе трэба, ішоў на разумны кампраміс. Але не паступаўся прынцыпамі.

— Няўжо не даводзілася бачыць Уладзімера Іванавіча ўсхваляваным?

— Ён быў вельмі ўзрушаны, калі я паведаміў яму пра паступленьне ў асьпірантуру Акадэміі навук. Цешыўся, што сын пасьля заканчэньня пэдынстытуту здолеў паказаць лепшыя веды па фізыцы, чым выпускнікі сталічных унівэрсытэтаў.

Другі раз быў моцна ўсхваляваны, калі яго пазбавілі пасады дырэктара школы. Якраз у Горадні зьявіўся новы першы сакратар абкаму КПБ, і ягоную жонку прызначылі кіраўніком СШ №1. Мець «раскручаную» школу, вядомую сваімі здабыткамі ва ўсім Саюзе, куды лепш, чым пачынаць са звычайнай і даводзіць яе да ладу. На гэта патрэбны гады працы. А Ўладзімер Іванавіч ужо быў на пэнсіі. Тут справа ня толькі ў крыўдзе на органы адукацыі. Перад выхадам на пэнсію бацька запытаўся ў аддзеле народнай адукацыі гарвыканкаму: «Можа, мне пакінуць работу?» У адзін голас пераканалі, што рабіць гэтага ня трэба: маўляў, будзеце працаваць столькі, колькі сілы.

І тут такая неспадзяванка. Мне прызнаўся, што хацеў сам годна сысьці са школы, па сваім жаданьні, а не па волі кагосьці. Дачакаўся загаду вызваліць кабінэт на працягу трох дзён. Як адчапнога, прапанавалі працаваць у роднай школе настаўнікам. Любоў да прафэсіі была вышэй за асабістыя крыўды, і Ўладзімер Іванавіч, як дысцыплінаваны пэдагог корчакаўскай закваскі, працягваў работу простым настаўнікам.

— Наколькі ваш бацька цікавіўся вучобай сыноў?

— Ніколі не казаў, што трэба садзіцца за ўрокі. Гэта было само сабой ясна. Не скажу, што вучоба давалася лёгка. Іншы прачытае тэкст, паглядзіць на формулу — і запомніць. Мне ж даводзілася ўнікаць у сутнасьць той жа тэарэмы, завучваць верш. Дарэчы, у нашай клясе вучыліся 42 чалавекі. Зь іх 21 закончылі школу з мэдалём, як я. 41 адразу паступілі ў ВНУ. Той адзіны, які ня стаў студэнтам, ажыцьцявіў свой намер праз год. Традыцыйна сустракаемся клясай. Нядаўна зьбіраліся на 40-годзьдзе заканчэньня школы. Восемдзесят працэнтаў нас сабралася. Так што трымаемся адзін аднаго.

Пэдагогі Корчакавай закваскі

— У нашай размове не прагучала імя вашай мамы…

— Яе звалі Марыя Аляксандраўна. Маладзейшая за бацьку на год. За польскім часам скончыла курсы дамаводзтва. На той час гэта была вельмі прэстыжная навука. Я, напрыклад, усе школьныя гады прахадзіў у штанах і сарочках, пашытых маці. Яны выдатна вязала. А калі б вы паспыталі яе кулінарных вырабаў, то на іх смак не забыліся б ніколі! У нас дома не пераводзіліся дамашнія піражкі з рознай начынкай, пячэньне, варэньне. Яе сяброўкі па даваенным часе, якія таксама закончылі курсы дамаводзтва, часьцяком прыходзілі да нас са сваімі кулінарнымі вырабамі, і тады мы, дзеці, былі найпершымі дэгустатарамі.

З бацькам яна ўзяла шлюб перад вайной. Разам працавалі ў Варшаве ў прытулку для дзяцей-сірот «Наш дом», якім кіравала Марыя Фальская і дзе працаваў пэдагог і доктар Януш Корчак. Выхаваньне вялося паводле яго распрацовак. Маці наладзіла там дамашнюю ўтульнасьць. Вучыла падлеткаў дамаводзтву, карміла іх.

Жыцьцё бацькі і маці можна назваць ідэальным. Хаця, канечне, здараліся і спрэчкі. Аднак мы, дзеці, ніколі ня чулі папрокаў Уладзімера Іванавіча і Марыі Аляксандраўны на адрас адно аднаго. Свае праблемы яны вырашалі самі. Маці памерла ў 1974 г. Мела няпоўных 66. Вельмі хацела ўбачыць свайго ўнука, майго першага сына. Ён нарадзіўся якраз на саракавіны па ёй.

Уратавала Вольская

— З нашай размовы вымалёўваецца бесканфліктны вобраз Уладзімера Іванавіча. Нібы ў яго ўсё было лёгка на шляху. Няўжо так?

— І так, і не. Сям’я бацькі была ў эвакуацыі падчас Першай сусьветнай. Апынуліся ажно ў Сібіры. Там Уладзімер Іванавіч закончыў тры клясы школы. Вярнуліся дахаты — усё спалена. Ні капейкі грошай. Бацька рабіў пастушком. Але была вялікая цяга да навукі. Сам настаўнік прыходзіў да майго дзеда і прасіў вучыць хлопчыка далей, бо «мае талент і ахвоту да ведаў». Апошняе аддавалі, каб сын атрымаў адукацыю. Сям’я была вялікай — дзясяцера дзяцей. Старэйшыя хлопцы, мае дзядзькі Пётар, Аляксандар, Іван, нарыхтоўвалі сена, дровы, везьлі ў Горадню, каб прадаць, і гэтыя грошы ішлі на Валодзеву вучобу.

Неспакойны быў 1939 г. Калі немцы захапілі Польшчу, Уладзімер Іванавіч зь сябрам накіраваліся з Варшавы на ўсход, на радзіму. Немцы прапусьцілі, а чырвонаармейцы — не. У бацькі былі дакумэнты, якія пацьвердзілі яго сапраўднае месца жыхарства. Сябар у сьпешцы забыў ці згубіў паперы і за гэта быў расстраляны. Але дома чакала новая бяда. Савецкая ўлада прызнала сям’ю дзеда кулацкай. Дзеда схапілі міліцыянты і павалаклі ў сельсавет. Разам зь ім апынуўся і мой бацька з адным з братоў. Размова была кароткая: паставілі да сьценкі. На шчасьце, побач аказаўся знаёмы чалавек, не апошні чыноўнік у сельсавеце. Абмежаваліся канфіскацыяй маёмасьці.

З пачаткам вайны бацька перабраўся ў Горадню, не было ніякага заробку. У горадзе працаваў рабочым па найме. Была так званая біржа працы, куды ранкам зьбіраліся людзі зь сякерамі і піламі. Так зарабляў сродкі, каб утрымаць жонку і майго старэйшага брата Валодзю.

У 1947-м у розныя інстанцыі паступалі ананімкі, дзе Ўладзімера Іванавіча выкрывалі як ворага народу, прыхаванага антысаветчыка. Умяшалася сакратар гаркаму партыі Ганна Вольская. Яе сын Аркадзь (у будучыні — відны савецкі і расейскі дзяржаўны дзеяч. — Рэд.) быў вучнем Уладзімера Іванавіча, таму яна была знаёмая з настаўнікам, які заходзіў на кватэру, каб пацікавіцца ўмовамі жыцця школьніка.

Вось яна аднойчы запрасіла бацьку на гутарку і наўпрост сказала: «Мяне турбуе ваша будучыня, Уладзімер Іванавіч. Паклёпам на вас дадзена хада. Справа набірае нядобрыя абароты. Паратункам можа стаць уступленьне ў партыю. Прычым неадкладна». «Хто ж мне дасьць рэкамэндацыю пасьля гэтых папераў?» — горка ўсьміхнуўся бацька. «Я», — спакойна адказала спн.Вольская. Яна выратавала бацьку ад арышту. Растлумачыць яе ўчынак можна толькі чалавечнасьцю і годнасьцю гэтай асобы. Неўзабаве яе перавялі на работу ў Ліду, затым у Менск, Маскву.

— Ёсьць зьвесткі, што Ўладзімер Іванавіч мог стаць Героем Сацыялістычнай Працы…

— Яго прадстаўлялі да Героя. Былі падрыхтаваны неабходныя дакумэнты. Аднак знайшліся людзі, якія здолелі пераканаць «каго трэба і дзе трэба», што Ўладзімер Іванавіч — заходнік, адукацыю атрымаў «ня там і ня тую» і ўвогуле падазроны чалавек, адным словам — ня наш.

Вось і рабіце выснову, ці быў мой бацька шчасьліўчыкам і яму шанцавала ў жыцьці як нікому іншаму, ці ён жыў па сумленьні і на яго жыцьцёвым шляху сустракаліся дастойныя людзі. Апошніх проста на сьвеце больш.

Гутарыў Антон Лабовіч, Горадня

Біяграфія Мілінкевічавага бацькі тыповая для Заходняй Беларусі. Сям’я была ў эвакуацыі падчас Першай сусьветнай. Вярнуліся зь Сібіры на папялішча. Ні капейкі грошай. Сям’я была вялікай — дзясяцера дзяцей. Таму бацька дзіцем падрабляў пастушком. Апошняе аддавалі, каб сын атрымаў адукацыю.

Сам Уладзімер Іванавіч, як многія сялянскія дзеці, выбраў шлях настаўніцтва. Пачынаў ён пры Польшчы з працы ў славутым дзіцячым доме «Наш дом», дзе ягоным настаўнікам быў Януш Корчак. У савецкі час ён прайшоў дарогу да дырэктара школы і адпрацаваў ім 22 гады. Заслужаны настаўнік Беларусі, узнагароджаны ордэнам Леніна.

Бацька Аляксандра Мілінкевіча Ўладзімер Іванавіч Баран (1908—1991) нарадзіўся ў в.Пілюкі (сёньня — Гарадзенскі раён), скончыў Гарадзенскую настаўніцкую гімназію (1931), гуманістычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту (1935). Працаваў настаўнікам і выхавацелем у дзіцячым доме «Наш дом», дзе працаваў славуты пэдагог Януш Корчак, настаўнікам геаграфіі ў Гарадзенскай гімназіі імя А.Міцкевіча, у СШ №1 Горадні, у тым ліку дырэктарам (1950—1972). Заслужаны настаўнік Беларусі, узнагароджаны ордэнамі Леніна, «Знак пашаны», мэдалямі. Неаднаразова выбіраўся дэпутатам гарадзкога савету дэпутатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0