Але яна абвяргае інфармацыю пра пераход тэатру на расейскую мову.

«Гэта паклёп. За чуткі ўхапіліся тыя, хто намагаецца вылезьці на палітычную арэну». Паводле словаў галоўнай рэжысэркі Тэатру юнага гледача Натальлі Башавай, прычынай чутак стала мастацкая рада тэатру, дзе абмяркоўвалася пытаньне пастаноўкі аднаго-двух спэктакляў па-расейску. У ТЮГ пэрыядычна зьвяртаюцца бацькі дзяцей з пытаньнем, ці будуць спэктаклі для маленькіх дзяцей на расейскай мове. Сябры мастацкай рады ў большасьці сышліся на меркаваньні, што, калі зьявіцца прапанова паставіць твор па-расейску, яе варта разглядзець. Тым больш што на экспэрымэнтальнай сцэне ТЮГу ўжо даўно ідуць спэктаклі па-расейску. «У рэпэртуары Купалаўскага і Тэатру беларускай драматургіі таксама ёсьць расейскамоўныя пастаноўкі, але ад гэтага згаданыя тэатры не перастаюць быць беларускімі. Расейскі тэатар імя Горкага, наадварот, шукае цяпер п’есу для пастаноўкі на беларускай мове. Ад гэтага ж ён не перастане быць Расейскім драматычным», — кажа Н.Башава.

Спн.Башава, якая выхоўвае сына-другаклясьніка, зазначае, што часьцяком дзеці ўпершыню ў сваім жыцьці сутыкаюцца зь беларускай мовай менавіта ў ТЮГу. Яна катэгарычна супраць «русіфікацыі» тэатру. «Аднак што адказваць тым, хто хоча ўбачыць у нас і расейскамоўныя пастаноўкі? У нас дзьве дзяржаўныя мовы, і з гэтым нічога ня зробіш. Мы павінны ўлічваць інтарэсы ўсіх нашых гледачоў».

Н.Башавай падабаецца прыклад казаскага ТЮГу, які працуе на трох мовах. Там у адзін дзень ставяць Шэксьпіра па-казаску, на наступны дзень — па-расейску, а потым — па-ангельску.

Рэжысэрка заўпэўнівае: рашэньні, якія выходзяць за кола ўнутраных праблем тэатру, будуць папярэдне выносіцца на суд шырокай тэатральнай грамадзкасьці. А сёньня тэатар як працаваў на беларускай мове, так і будзе працаваць. «Бо гэта Беларускі рэспубліканскі тэатар юнага гледача. Адзіны ў краіне. І ён адзназначна застанецца беларускім», — кажа Башава.

Налета тэатру спаўняецца роўна 50 год. У найбліжэйшых плянах — шмат пастановак беларускіх аўтараў. Тэатар супрацоўнічае з драматургамі С.Кавалёвым, П.Васючэнкам, А.Дударавым, А.Карэліным. А ў новым сэзоне гледачоў чакае прэм’ера: «Марныя высілкі каханьня» паводле Шэксьпіра ў перакладзе Р.Барадуліна.

Як можа мова ўплываць на папулярнасьць тэатру?

Камэнтуе тэатральны крытык Вячаслаў Ракіцкі, радыё «Свабода».

«Ніколі за трыццаць гадоў, якія займаюся тэатральнай крытыкай, я ня бачыў, каб хтосьці ў Беларусі, і ў тым жа ТЮГу, не разумеў беларускай мовы. Не разумелі дрэннага спэктаклю, так, і вельмі часта, а мовы — ніколі! Я памятаю часы, калі й спэктаклі Беларускага ТЮГу на беларускай мове ў той жа Прыбалтыцы сустракалі авацыямі.

Знакаміты расейскі драматург Аляксандар Валодзін з сотняў пастановак сваёй п’есы «Зь любімымі не расставайцеся» менскую пастаноўку лічыў лепшай. Ён казаў, што менавіта беларуская мова менскіх тюгаўцаў дадала п’есе нейкай асаблівай вастрыні. Не магу я забыць маскоўскія гастролі Тэатру Янкі Купалы: заля Малога тэатра аж стагнала ад захапленьня, калі па-беларуску гаварыла Стэфанія Станюта. Ніхто ня браў навушнікаў дзеля перакладу. Беларускамоўным спэктаклям пляскаў у далоні і раздаваў прызы прэстыжны Эдынбурскі фэстываль.

Калі кажуць, што мова замінае мастацтву, дык падаюць самы непрафэсійны аргумэнт. Зрэшты, ён жа і самы банальны з тых, якімі карыстаюцца, каб прыхаваць сваю прафэсійную няздатнасьць. Мова ўвогуле ня ёсьць перашкодай для ўспрыманьня спэктаклю. Больш за тое, спэктакль паўстае з мовы. Пастаноўкі Андрэя Барысава на якуцкай мове стоячы вітаў ці ня ўвесь сьвет. І калі б якуты іх ігралі на расейскай мове, то нават да Масквы не даехалі б, ня тое што да Мэксыкі. Таленавітыя акторы і рэжысэры ў тым ліку і праз мову адчыняюць тонкасьці нацыянальнага характару, праз мову дасягаецца нацыянальная вобразнасьць.

Творца — гэта ня толькі рамесьнік, які лепш ці горш іграе на сцэне, а яшчэ і місіянэр, які ў ідэале нясе адказнасьць шмат за што, у тым ліку і за стан нацыянальнай культуры, уключна з мовай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0