Мне пашчасьціла нарадзіцца і пражыць дзіцячыя гады ў Полацку: бегаць па тых самых вуліцах, дзе некалі гучалі крокі Эўфрасіньні і Скарыны; шукаць зь сябрамі старажытныя скарбы; спускацца, узброіўшыся сьвечкай і клубком бабуліных нітак, у лёхі, якія ў Сярэднявеччы злучалі полацкія манастыры і храмы і якія яшчэ, магчыма, падораць нашым археолягам сэнсацыйныя адкрыцьці…

Але, як вядома, наш сьвет далёкі ад дасканаласьці. Мне жахліва не пашанцавала са школьнымі настаўніцамі гісторыі і беларускай літаратуры. Гэтых жанчын іхнія дысцыпліны, напэўна, цікавілі ненашмат болей за праблемы кансэрваваньня гуркоў. У выніку, скончыўшы школу і паступіўшы на гістарычны факультэт БДУ (хоць бацькі марылі пра маю кар’еру ў мэдыцыне), я нават не падазраваў, што Беларусь мае такога пісьменьніка, як Уладзімер Караткевіч.

Шчыра кажучы, не было падставаў ганарыцца і ўнівэрсытэцкімі выкладчыкамі. Каб вы ўявілі тагачасны ўзровень выкладаньня нацыянальнай гісторыі ў галоўнай alma mater рэспублікі, я працытую толькі адзін запіс у сваім зялёным агульным сшытку-канспэкце за 1973 год. Там усьлед за словамі прафэсара Л.Абэцэдарскага, нашага загадчыка катэдры гісторыі Беларусі, мая рука вывела блюзьнерскія радкі: «Ефросинья Полоцкая была церковной мракобеской, которая курила опиум для народа».

Гісторыя Беларусі гэтак звана-га «дакастрычніцкага пэрыяду», якую мы вывучалі, грунтавалася на створаных расейскай гістарыяграфіяй (між іншым, яшчэ ў той самы «дакастрычніцкі пэрыяд») мітах пра адзіную старажытнарускую народнасьць, пра заваёву нашых земляў спачатку літоўцамі, а потым палякамі, пра адсутнасьць у продкаў уласнай дзяржаўнасьці… У той шэрай і ўбогай, зацьверджанай у Маскве (куды тады вазілі на подпіс нават рэцэпты беларускіх тартоў) гісторыі дзейнічалі безаблічныя «народныя масы», якія амаль што зь першабытных часоў цягам стагодзьдзяў мелі ўсяго два клопаты: змагацца з праклятымі эксплюататарамі ды імкнуцца да ўзьяднаньня з братнім расейскім народам. У той гісторыі не было герояў, чые партрэты хацелася б павесіць у сябе над ложкам у бацькоўскім доме або інтэрнацкім пакоі.

Аднойчы на студэнцкай вечарынцы нехта сярод іншых забаваў прапанаваў і такую: бяз роздуму за хвіліну напісаць імёны дзесяці гістарычных асобаў. Гэты, сучаснай мовай кажучы, тэст завяршыўся гамэрычным рогатам, бо найчасьцей у адказах сустракаліся экзатычныя імёны сярэднявечных японскіх уладароў-сёгунаў. У маім уласным адказе таксама прысутнічалі заморскія Мінамота Іярытома, Такугава Іэясу ды іхнія суайчыннікі. Прычына была ў тым, што ўсе мы захапляліся таленавітымі лекцыямі нашага выкладчыка гісторыі Японіі й Кітаю, на якія, адрозна ад лекцыяў з гісторыі Беларусі, зьбіраліся ня толькі студэнты-гуманітарыі, а нават радыёфізыкі і прыкладныя матэматыкі.

Але ніхто з нас, будучых выпускнікоў гістфаку Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, не згадаў у сваіх адказах аніводнай выдатнай асобы з айчыннай гісторыі…

Якім жа падарункам лёсу сталіся для нас у тыя гады кнігі Ўладзімера Караткевіча! Здавалася, іх не хапала мне ад самага нараджэньня на сьвет. У задушлівай атмасфэры брэжнеўскага «разьвітога сацыялізму» гэтыя кнігі былі жывым азонавым струменем, што прымушаў душы страпянуцца і пазбыцца безнадзейнасьці.

Памятаю, калі ў продажы зьявіўся новы зборнік прозы Караткевіча зь «Дзікім паляваньнем караля Стаха», у нас сарвалася лекцыя, бо амаль увесь курс дружна рушыў у «Цэнтральную кнігарню».

А першай «маёй» кнігай Уладзімера Сямёнавіча быў раман «Каласы пад сярпом тваім». Яго на тры дні даў мне аднакурсьнік і сябар Генадзь Кулажанка, першы сустрэты мною гарадзкі хлопец, які гаварыў па-беларуску, пісаў таленавітыя вершы, марыў пра незалежную Беларусь і які не вярнуўся з Аўганістану…

Трох дзён на «Каласы», як выявілася, было зашмат. Дзякуючы пісьменьніку, які адразу стаў улюбёным, у мяне апрача Генадзя зьявіўся новы надзейны сябар — Алесь Загорскі.

Гэты двухтомнік і цяпер стаіць у маёй бібліятэцы на той паліцы, якую Юры Алеша называў «залатой» — дзе кнігі, што будзеш раз-пораз гартаць і перачытваць, пакуль не закончыш свой шлях пад сонцам.

Усьлед за «Каласамі пад сярпом тваім» адбылося ўсьцешлівае адкрыцьцё раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». А потым надышоў час Караткевічавай паэзіі. Праўдамі і няпраўдамі я здабыў сабе томік «Маёй Іліяды», зь якім не разлучаўся, пакуль ня вывучыў усю кнігу на памяць. Яна і сёньня гучыць ува мне: «Сьнягір» («О Радзіма, мой сьветач цудоўны, адзіны, / Явар мой, мой агністы сьнягір на сасьне, / Ледзь цябе не забыў я з чужою жанчынай…»), «Балада плахі» («Кожны дзень гінуць мужнасьць і сьвятасьць…»), «Корчмы» («Дарогі… Корчмы… Ліра за сьпіною… / Ў гадах Хрыстовых — бедным шкаляром…»), «Безгаловая Вэнэра» («За што галаву ты згубіла? — Якую праўду сказала?»), прарочая «Дзяўчына пад дажджом» («Дзяўчына ад шчасьця сьпявала… / Стронцый быў у дажджы…»).

Але найбольш уразілі і закранулі душу «Таўры». Памятаеце?

Таўры жылі, як і ўсе народы:

Ваявалі,

Кахалі,

Гарэлку пілі,

Мудравалі,

Зьліваліся з маці-прыродай…

Насваволілі,

Навершавалі,

Пайшлі.

Але так,

Безь сьлядоў,

Нішто не зьнікае.

І дасюль,

Па абшарах сваёй стараны,

Між людзей,

Непазнаныя, таўры блукаюць

І ня ведаюць самі,

А хто яны…

...

Дрэмле Кошка-гара,

Дрэмлюць таўраў руіны.

Я стаю і ўяўляю,

Што я не ізгой,

Не паэт зь беларускіх узгоркаў сініх,

А апошні таўр

Народу свайго.

О, якая ганебнасьць у гэтых згадках!

О, які атрутны бяспамяцтва дым!..

Крый нас божа, калі і на нас

Нашчадкі

Паглядзяць,

Як мы

На таўраў

Глядзім.

Караткевічава «Іліяда», якая таксама мае сваё месца на «залатой паліцы», езьдзіла са мной у студэнцкія будатрады ў Казахстан і Сібір. Неяк на беразе таежнай ракі Кець я дэклямаваў «Таўраў» адной прыгожай юнай сібірачцы, студэнтцы Томскага ўнівэрсытэту. Напэўна, дзяўчына чакала ад мяне ў тыя хвіліны зусім іншага, але энэргетыка і музыка вершу на незразумелай мове (гэта казка, што расейцы разумеюць беларускую безь перакладу) відавочна заваражылі маю спадарожніцу. Яна папрасіла прачытаць што-небудзь яшчэ, і гэта таксама былі радкі з «Маёй Іліяды»:

О каханьне маё бясконцае,

Не ўцякай ад мяне, пашкадуй…

А потым сталася ўсё, як у Караткевіча:

Сьмешная і нібыта заспаная,

Пад пяшчотаю маёй маўчыш,

А пасьля аддана і рахмана

Засынаеш на маім плячы…

Вярнуўшыся пасьля летніх вандровак і прыгодаў ва ўнівэрсытэцкія аўдыторыі, мы мусілі слухаць тыя самыя навылёт прапітаныя ідэалёгіяй лекцыі. Але мы ўжо рабіліся іншымі. У нас быў Караткевіч.

Ягоныя творы захаплялі рамантызмам і ўзьнёсласьцю, багацьцем мовы, вытанчанасьцю стылю і вострымі авантурнымі сюжэтамі. Караткевічавы апавяданьні, аповесьці, раманы вярталі нам, студэнтам-гісторыкам, сапраўднае мінулае нашай зямлі, якое, аказваецца, было зусім ня сьціплым разьдзельчыкам у гісторыі Расеі, а прыгожай і багатай гісторыяй эўрапейскага народу. У ёй беларускія гарады, як і ва ўсёй Эўропе, жылі паводле магдэбурскага права, што рабіла чалавека свабодным. У ёй былі эпохі Рэнэсансу і Рэфармацыі, бліскучыя перамогі над ворагамі з захаду і ўсходу, былі выдатныя палкаводцы і мужныя паўстанцкія камандзіры. У памяці дагэтуль жыве радасная акрыленасьць, якую я перажыў, вычытаўшы ў Караткевіча, што Беларусь мела сваё рыцарства. Значыцца, мой далёкі продак таксама мог вандраваць па дарогах Эўропы, удзельнічаць у славутых бітвах, выйграваць рыцарскія турніры дзе-небудзь у Кракаве, Празе або Парыжы і зьдзяйсьняць подзьвігі ў гонар дамы сэрца, якая чакала яго ў Полацку ці Нясьвіжы…

Але кнігі Ўладзімера Караткевіча ня толькі адчынялі мне і маім сябрам, а разам з намі і тысячам суайчыньнікаў, акно ў дзівосны, шматфарбны і таямнічы сьвет беларускай гісторыі, якой нельга было не ганарыцца. Насуперак сьцьверджаньням нашых падручнікаў пра «новую этническую общность — советский народ», насуперак папулярнай тады дэбільнай песеньцы «Мой адрас Савецкі Саюз» гэтыя кнігі вярталі адчуваньне нацыянальнай годнасьці. Вярталі нам нашу краіну — Беларусь.

Караткевіч падводзіў да «моманту ісьціны». Мы пачыналі разумець, што з народам, пазбаўленым памяці, можна рабіць любыя, самыя злачынныя экспэрымэнты і ўрэшце, ператварыўшы гэты народ у насельніцтва, пазбавіць яго гістарычнае пэрспэктывы.

Без Караткевіча не надышоў бы ў маім жыцьці той дзень, калі я сказаў сабе, што, як палачанін з нараджэньня, як гісторык паводле адукацыі і літаратар паводле схільнасьцяў, я мушу заняцца гістарычнымі сюжэтамі. А раптам муза Кліё паблажліва ўсьміхнецца мне і пагодзіцца папазіраваць? Мне верылася ў лепшае, бо ў маёй кароткай літаратурнай біяграфіі ўжо адбыліся дэбютныя публікацыі ў студэнцкім самвыдаце, за якія я атрымаў «ганарар» у выглядзе «прафіляктычных гутарак» зь літаратуразнаўцамі ў цывільным. Гэта было першае прызнаньне, і яно не палохала, а абнадзейвала.

На самым пачатку 1980-х мяне запрасілі на сэмінар маладых літаратараў у легендарны цяпер Дом творчасьці пісьменьнікаў у Каралішчавічах. На разгляд «мэтрам» я прапанаваў апавяданьне «Добры дзень, мая Шыпшына», названае дый напісанае, відавочна, не без уплыву Караткевічавай «Чазеніі».

Плён маіх бяссонных начэй быў зусім неспадзявана ўшчэнт разьбіты Янам Скрыганам. Неспадзявана, бо апрача ўсяго астатняга я ведаў Скрыгана яшчэ і як аўтара цудоўнага перакладу бунінскіх «Цёмных алеяў». Ён жа абвінаваціў мяне ня ў чым-небудзь, а ў апяваньні распусты, якой мае маладыя закаханыя героі нібыта дзень і ноч займаюцца ў дзядзькавай адрыне ды іншых прыдатных месцах. Такое рэзюмэ, дарэчы, зрабіла згаданаму апавяданьню (дый мне самому) выдатную рэкляму сярод сэмінарыстаў. Дзьве машынапісныя копіі пайшлі па руках і да мяне ўжо не вярнуліся. Але нейкі непамысны асадак ад «прысуду» Скрыгана на душы, безумоўна, застаўся.

Уявіце сабе мае пачуцьці, калі праз колькі тыдняў я раптам атрымаў ліст з водгукам на «Шыпшыну» ад самога Ўладзімера Караткевіча.

Зноў і зноў перачытваючы той водгук, поўны авансаў і незаслужаных камплімэнтаў, я некалькі дзён лётаў як на крылах. Між іншым, Уладзімер Сямёнавіч цытаваў там адрасаваныя Івану Буніну словы Шаляпіна: «Черт тебя подери, Ванька, читать невозможно — в глазах рябит от твоей образности». Але нават гэтую зьлёгку прыхаваную і сагрэтую іроніяй параду я тады адназначна ўспрымаў як надзвычай высокую ацэнку.

Аднак, хоць і сьмешна прызнавацца, найбольш я быў усьцешаны ня столькі ўхвалай свайго опусу, колькі тым, што мой адрасант у адной з заўваг ня меў рацыі. Караткевіч сьцьвярджаў, быццам бы жоўтыя гарлачыкі, як і белыя лілеі, нанач закрываюць кветкі. Я ж, пішучы апавяданьне, адмыслова, як і мае героі, начаваў каля сажалкі і ўпэўніўся, што прынамсі ў нас, на Полаччыне, жоўтыя гарлачыкі не «засынаюць».

Дзякуючы лісту ад Караткевіча першая мая кніжка была без ваганьняў названая па тым апавяданьні — «Добры дзень, мая Шыпшына».

Трымаючы ў руках аўтарскія экзэмпляры, я скрушліва думаў, што ўжо не пашлю іх са свайго Полацку ні ў Менск Караткевічу, ні ў Зэльву Ларысе Геніюш, у якой мы з Уладзімерам Сямёнавічам ня раз бывалі, але, на жаль, так там і не сустрэліся.

Трэба сказаць, што я — спачатку інтуітыўна, а потым і асэнсавана — ніколі не імкнуўся блізка сыходзіцца зь пісьменьнікамі, творчасьць якіх люблю і цаню. Рэч у тым, што талент вельмі аўтаномны ад асобы свайго ўладальніка, і добрыя кнігі зусім не заўсёды пішуць добрыя людзі. Ды толькі мне чамусьці верыцца, што ў выпадку з Караткевічам я ня быў бы расчараваны.

На вялікі жаль, на бліжэйшае знаёмства я адважыўся не адразу. Доўгі час нашы асабістыя стасункі абмяжоўваліся рэдкімі тэлефоннымі размовамі. Але суседам Караткевіча па лесьвічнай пляцоўцы быў мой добры прыяцель Адам Глёбус, зь якім мы падчас майго чарговага прыезду ў Менск нарэшце дамовіліся зайсьці да Ўладзімера Сямёнавіча. І тут высьветлілася, што якраз раніцай таго самага дня Караткевіч выправіўся зь сябрамі ў падарожжа на Палесьсе.

У сваё апошняе зямное падарожжа…

Пахаваньне запомнілася вострым да фізычнага болю пачуцьцём велізарнай трагічнай страты — ня толькі выдатнага пісьменьніка, але і асабіста блізкага чалавека. Думаю, што адчуваньне асірацеласьці памятаюць з таго сьпякотнага ліпеньскага дня вельмі многія.

Каля партрэта ў фае Дому літаратара ляжалі тры гвазьдзікі — белы, чырвоны і белы. Іх хутка закрывалі іншыя кветкі (асабліва шмат прыносілі валошак), але нечая рука зноў і зноў клала тыя гвазьдзікі наверх.

У разьвітальным слове Генадзь Бураўкін назваў Караткевіча апосталам нацыі, і ў гэтым не пачулася ніякага перабольшаньня.

…Тыя часы былі ў маім жыцьці ня самымі простымі. За год да разьвітаньня з Уладзімерам Караткевічам мне выпала несьці труну Ларысы Геніюш і выступаць на пахаваньні выдатнай паэтэсы і нязломнай грамадзян- кі БНР. Неўзабаве кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў атрымала з «кампэтэнтных органаў» загад выкрасьліць мяне са сьпісу ўдзельнікаў усесаюзнай нарады маладых літаратараў у Маскве. Хтосьці пусціў чутку, нібыта супроць маёй пэрсоны заведзена справа па палітычным артыкуле. Некаторыя знаёмыя ў Менску і Полацку пачалі пры сустрэчы са мной палохацца, хуценька разьвітвацца або наагул «не пазнаваць».

Хачу, дарэчы, сказаць маім тагачасным куратарам і «дабрадзеям» шчыры дзякуй, бо акурат у дні згаданай маскоўскай нарады я пад крылом у Кліё напісаў апавяданьне «Місія папскага нунцыя», якое запачаткавала маю першую кнігу гістарычнай прозы.

Неўзабаве страсьці вакол мяне крыху ўгамаваліся, і літаратурнае ці яшчэ нейкае начальства вырашыла, што хоць у сталіцы пускаць Арлова пакуль што небясьпечна, але на абласным сэмінары творчай моладзі вялікай шкоды ён не наробіць.

Той сэмінар адбываўся ў Воршы. Пасьля выступу сакратара гаркаму партыі, які натхнёна расказваў нам аб працоўных посьпехах аршанцаў, я ад імя маладых талентаў прапанаваў назваць вуліцу, дзе некалі жыў Караткевіч, імем знакамітага пісьменьніка і, безумоўна, найславуцейшага з усіх жыхароў гораду за ўсю яго гісторыю.

«Мы на гэта ніколі ня пойдзем. Такое рашэньне будзе ідэалягічна памылковае», — адрэзаў функцыянэр. «Чаму?» — не здаваліся мы. «Таму што гэтая вуліца названая ў гонар савецкіх касманаўтаў». «Яны што, усе разам тут нарадзіліся і жылі?» — не стрываў нехта. Партыйны сакратар быў не пазбаўлены своеасаблівага пачуцьця гумару: «Яны над Воршай праляталі!»

Напэўна, наш апанэнт непахісна верыў у сваю праўду. Але перамагла наша. Прамінула няшмат часу, і аршанская вуліца Касманаўтаў атрымала імя Ўладзімера Караткевіча, а потым на ёй зьявіўся і помнік аўтару «Каласоў пад сярпом тваім» і «Дзікага палявання…».

Бываючы ў Воршы, я абавязкова прыходжу на тую прыдняпроўскую вуліцу. Мне хочацца пабыць там сам-насам з Караткевічам. Запытацца парады. Прызнацца, што безь ягонай «Зямлі пад белымі крыламі» я, напэўна, ніколі не напісаў бы сваіх «Таямніц полацкай гісторыі» і «Краіны Беларусі». Сказаць, што безь яго і я сам, і гэтая краіна былі б іншыя.

P.S. Гэты тэкст быў напісаны для кнігі ўспамінаў пра Ўладзімера Караткевіча, што рыхтавалася ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Аднак зборнік выйшаў без маіх згадак, як і без успамінаў Рыгора Барадуліна — аднаго з найбліжэйшых Караткевічавых сяброў, а таксама бяз тэкстаў яшчэ некаторых іншых сумнеўных аўтараў. Якраз мы ўсе разам і перавысілі заплянаваны аб’ём кнігі.

Друкуецца паводле часопісу «Дзеяслоў», №18, 2005

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0