У Беларусі зацверджана дзяржаўная праграма адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі «Слуцкія паясы» на 2012–2015 гады.
Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 1069 ад 22 лістапада, паведаміла прэс-служба ўрада.

Дзяржпраграма ўяўляе сабой комплексную сістэму мер па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы захавання традыцый і развіцця нацыянальнага мастацтва, народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў).

Як адзначыла прэс-служба, «слуцкія паясы маюць вялікае значэнне для абазначэння беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў сучаснай еўрапейскай і сусветнай культурнай прасторы. Выкарыстанне патэнцыялу артэфакту айчыннай культуры як нацыянальнага брэнда сувенірнай прадукцыі мастацкіх промыслаў (рамёстваў) можа быць эфектыўным для фарміравання і ўмацавання пазітыўнага іміджу краіны».

У дзяржпраграме абазначаны правядзенне даследаванняў гісторыі ўзнікнення, мастацкіх асаблівасцяў і характарыстык, выяўленне асноўных тыпалагічных варыянтаў слуцкіх паясоў на аснове мясцовай прадукцыі XVIII-пачатку XIX стагоддзяў і іх этнасацыяльных функцый;
даследаванне характару і тэхніка-тэхналагічных асаблівасцяў вытворчасці аўтэнтычных слуцкіх паясоў на Слуцкай мануфактуры; вывучэнне матэрыялаў, якія выкарыстоўваліся ў вытворчасці аўтэнтычных слуцкіх паясоў, і распрацоўка прапаноў па іх замене ў сучасных умовах прамысловай вытворчасці «пры захаванні асноўных вобразна-пластычных асаблівасцяў».

Таксама плануецца правядзенне міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый, семінараў і майстар-класаў з удзелам спецыялістаў у сферы тэкстылю XVIII–XIX стагоддзяў і вытворчасці сучаснай сувенірнай прадукцыі; правядзенне рэспубліканскіх выстаў сучаснага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і нацыянальнай сувенірнай прадукцыі беларускіх мастацкіх промыслаў (рамёстваў); стварэнне музеяў і мастацкіх галерэй традыцыйнага і сучаснага народнага дэкаратыўна-прыкладнага мастацтва і нацыянальнай сувенірнай прадукцыі беларускіх мастацкіх промыслаў (рамёстваў); стварэнне сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў у межах спецыялізацый «Дызайн тэкстыльных вырабаў», «Мастацкае праектаванне тэкстыльных палотнаў» і ўключэнне ў вучэбныя планы і праграмы дысцыплін па гісторыі і тэхналогіі вытворчасці слуцкіх паясоў.

«Такая ўнікальная гісторыка-культурная з’ява, як слуцкія паясы, сфарміравалася ў выніку гістарычнага, этнічнага, культурнага, саслоўнага развіцця беларускіх земляў у складзе Вялікага княства Літоўскага. Паясы адрозніваюцца характэрнымі вобразна-пластычнымі рысамі, што дазваляе гаварыць пра гэту з’яву як пра выключны феномен айчыннага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, які арганічна ўпісаўся ў культурны кантэкст Еўропы другой паловы XVIIІ — пачатку XIX стагоддзя», — адзначылі ў прэс-службе.

Для Беларусі «слуцкія паясы не проста знак, гэта сапраўдны прыклад нацыянальнага гонару і поўнасцю сфарміраваны брэнд. Слуцкім паясам прысвечаныя многія мастацкія творы — вершы, песні, танцы, творы выяўленчага мастацтва».

У беларускіх музеях захоўваецца толькі 11 цэлых паясоў. Тэхналогіі ткацтва, якія выкарыстоўваліся пры іх вытворчасці, поўнасцю згубленыя.

«Адраджэнне вытворчасці слуцкіх паясоў, выкананне іх аналагаў, копій, выкарыстанне мастацкіх стылізацый у сувенірнай прадукцыі іграе значную ролю ў сучасным эканамічным і культурным жыцці Беларусі, з’яўляецца важным у прадстаўніцкіх мэтах, музейнай і сцэнічнай практыцы», — лічаць ва ўрадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?