— Андрэй, даслаў ліст сваёй дзяўчыне Святлане, — расказаў суразмоўца. — Ліст прыйшоў у пятніцу, 30 лістапада. Адпраўлены ён быў, мяркуючы па некаторых намёках у тэксце, яшчэ да 17 лістапада.
Гэта першы ліст новапалачаніна з ізалятара.
— Андрэй піша, што: «…выпадкова апынуўся ў хвалі падзей, якія, імаверна, закранаюць шырокія інтарэсы краіны, грамадства, палітыкі… — цытуе словы сябра Яўген Канстанцінаў. — У мяне ўсё нармальна. Тэарэтычна мяне ўжо можна адпускаць пад падпіску да суда і па той жа тэорыі можна трымаць у СІЗА да Новага года».
У пасланні Андрэй просіць не спыняць спробы зарэгістраваць «Саюз маладых інтэлектуалаў».
— Піша, што ў яго з’явілася шмат новых ідэй. Хвалюецца, што можа не паспець выйсці на волю да пачатку сесіі, бо не хоча праблем з навучаннем, — адзначыў суразмоўца. — Таксама піша, што атрымаў чаканую пасылку ад маці. Просіць патэлефанаваць ёй і паведаміць, што з ім усё ў парадку.
Акрамя таго, у лісце малады чалавек піша пра прычыны свайго затрымання.
— Два абзаца былі замазаныя цэнзурай, — падсумоўвае Яўген Канстанцінаў. — Наколькі можна зразумець, менавіта там апісана, праз што Андрэй апынуўся ў няволі. Мы крыху разабралі тэкст у другім абзацы. Там напісана: «За гэта я і быў затрыманы». Гаворка там ідзе, наколькі можна разабраць словы ў першай зарэтушаванай частцы, аб рэгістрацыі нашай арганізацыі.
Нагадаем, што ў панядзелак з Андрэем Гайдуковым, якога на мінулым тыдні перавялі са сталічнага КДБ у СІЗА № 2 Віцебска, павінныя сустрэцца маці і адвакат.