Прадпрымальнікам ранішняга рынку «Дынама» прапанавалі пераехаць на Курасоўшчынскі рынак, паведамілі ў прэс-службе Мінгарвыканкама.

«У сувязі з рэканструкцыяй стадыёна „Дынама“ ў Мінскі гарвыканкам звярнуліся прадпрымальнікі ранішняга рынку. Улічваючы, што тут рэалізуюцца тавары выключна беларускіх вытворцаў, у асноўным невялікіх прадпрыемстваў, гарадскія ўлады пайшлі насустрач і прапанавалі прадпрымальнікам прадоўжыць дзейнасць на тэрыторыі Курасоўшчынскага рынку. Аналагічны рынак па рэалізацыі тавараў беларускіх вытворцаў функцыянуе ў Брэсце», — адзначылі ў прэс-службе.

На Курасоўшчынскім рынку плануецца размясціць 162 новыя гандлёвыя аб’екты, акрамя таго, захаваюцца гандлёвыя месцы па рэалізацыі плодаагародніннай і сельскагаспадарчай прадукцыі. Рынак прывядуць у належны стан, які адпавядае санітарным нормам і сучасным патрабаванням.

Пакуль рынак на мінскім стадыёне «Дынама» прадаўжае працаваць, нягледзячы на пачатак падрыхтоўчых работ да рэканструкцыі спартыўнага аб’екта. «Людзям трэба падрыхтавацца да зімовых свят, — паведаміў на нядаўняй прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Аляксей Пракаповіч. — Магчыма, у студзені ён будзе яшчэ адкрыты. Работы па рэканструкцыі стадыёна будуць праводзіцца паэтапна, таму свабодная ад будаўнічых работ частка рынку няхай функцыянуе».

Першы этап падрыхтоўчых работ да рэканструкцыі стадыёна «Дынама» стартаваў 1 снежня з суботніка, праводзіцца архітэктурны конкурс на распрацоўку дызайн-праекта (канцэпцыі) рэканструкцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?