Каб трапіць на іх канцэрты ў мясцовы ДК, публіка ламала дзверы, каб паслухаць іх, людзі прыязджалі з Мінска, іх здымала тэлевізія, а камсамольскія актывісты зладзілі музыкам тур па Венгрыі. Праўда, апошні канцэрт «Вікторыя» так і не дайграла — яго разагнала міліцыя.

А.Гаралёў, Ю.Арэшка, Ул.Картаўцаў, А.Жалезнякоў, Л.Цеплушэнка (часова замяняў М.Рамашкевіча), Ю. Вялічка

А.Гаралёў, Ю.Арэшка, Ул.Картаўцаў, А.Жалезнякоў, Л.Цеплушэнка (часова замяняў М.Рамашкевіча), Ю. Вялічка

«Вікторыя»  разам з «хэнг-генератарам»

«Вікторыя» разам з «хэнг-генератарам»

«Вікторыя» ў парку Перамогі, Рэчыца. На пярэднім плане – А.Гаралёў

«Вікторыя» ў парку Перамогі, Рэчыца. На пярэднім плане – А.Гаралёў

«Вікторыя» ў Венгрыі. А.Жалезнякоў, Ю.Арэшка, Ул.Картаўцаў, М.Рамашкевіч, А.Гаралёў

«Вікторыя» ў Венгрыі. А.Жалезнякоў, Ю.Арэшка, Ул.Картаўцаў, М.Рамашкевіч, А.Гаралёў

Гісторыя рок-н-ролу ў Беларусі застаецца маладаследаванай і несістэматызаванай. А што да тэрыторыі па-за Мінскай кальцавой — тым больш. Хаця ў 1970-х у правінцыі рок-жыццё віравала яшчэ як! Асабліва ў забяспечаных гарадах, дзе былі буйныя прадпрыемствы. За заводамі й камбінатамі замацоўваліся дамы культуры й профільныя вучэльні, на базах якіх і канцэнтраваліся маладыя музыканты.

Напрыклад, Рэчыца. У 70-х мясцовых ВІА можна было налічыць болей за дзясятак. З іх каманды рок-н-рольнае скіраванасці, канечне, складалі меншасць. Іншыя гралі савецкую эстраду. Акрамя школьных і ДКшных залаў з вясны да восені тутэйшыя гурты выступалі на двух танцпляцоўках: на старой (над Дняпром) і новай (у парку Перамогі). Апошнюю на доўгі час аблюбаваў неафіцыйны ансамбль № 1 «Вікторыя».

Hang-generator і шумавыя эфекты

Гурт «Вікторыя» ўтварыўся ў 1971 г. пры клубе завода металічных вырабаў. Дарэчы, арганізатар і лідар «Вікторыі» Юры Арэшка вучыўся ў той жа музычнай роце ва Уруччы пад Мінскам, што й заснавальнікі «Песняроў», праўда, трохі пазней. У склад калектыву ўвайшло сем маладзёнаў, усім каля 20 гадоў, акрамя непаўналетняга Юрася Вялічкі.

«Віктарыянцы» самі выраблялі лямпавыя ўзмацняльнікі, удасканальвалі электрагітары, выдумлялі галасавыя й гітарныя эфекты. Музыкі нават вынайшлі ўласны hang-generator — прыбор у выглядзе доўгага грыфу, які выводзіў гукі накшталт сінтэзатара Minimoog і часам раздзіраў музыкам пальцы ў кроў. Як кажуць сведкі, на штогадовым фестывалі «Рэчыцкая лірычная» «Вікторыя» сваім «генератарам» прымусіла гледачоў уціснуцца ў крэслы. Акрамя таго, падчас канцэртаў у некаторых уласных кампазіцыях (як «Трактар») «Вікторыя» выкарыстоўвала загадзя запісаныя шумы: роў рухавіка, шоргат паперы, пераліванне вады ў шклянку… У патрэбных момантах іх запускаў з пульта гукааператар.

Склад «Вікторыі»:

Юры Арэшка — лідар, вакал;
Уладзімір Картаўцаў — клавішы, труба;
Алік Жалезнякоў — гітара;
Аляксандр Гаралёў — гітара;
Юры «Малы» Вялічка — бас;
Міхал Рамашкевіч — бубны;
Мікалай Ліпскі — гукааператар.

Ад Генсбура да Uriah Heep

Рок-н-рольная інфармацыя з замежжа трапляла ў Рэчыцу, як і ў Мінск, праз замежныя радыёстанцыі, рэдкія арыгінальныя плыткі й падпольны распаўсюд запісаў на бабінах і флюараграфічных здымках (то бок «касцях»). Саматужныя запісы самой «Вікторыі» таксама хадзілі па руках. Але зробленыя яны былі не столькі дзеля фіксацыі матэрыялу, колькі як пабочны прадукт рэверберацыі: эфект рэха на выступах здабываўся толькі праз адначасовы запіс грання.

«Вікторыя» спецыялізавалася пераважна на замежным рок-н-роле — не толькі ангельскім ды амерыканскім, але й венгерскім (Illés, Hungária). Ансамбль рэгулярна выконваў забароненую ў шэрагу еўрапейскіх краінаў «Je T’Aime…» Генсбура, інструментальныя фрагменты з рок-опэры Вэбера «Jesus Christ Superstar», найлепшыя творы Creedence Clearwater Revival і Uriah Heep ва ўласных адаптацыях. Зрэшты, рэпертуар «Вікторыі» для танцаў і для афіцыйных конкурсаў моцна розніўся. У парку Перамогі гурт пазбягаў песняў з савецкае эстрады, хаця знаходзіўся пад пільным кантролем аддзела культуры. Часта замежныя рок-хіты прадстаўляліся як песні савецкіх кампазітараў. Аднойчы музыкаў прымусілі замаляваць на сцэне імя ансамбля, напісанае лацінкай, — Victoria.

Акустычны казырок і «Гомель ТВ»

Не дзіва, што паслухаць «Вікторыю» па вечарах у парку Перамогі збіралася ці не палова Рэчыцы, а таксама з’язджаліся аматары з іншых месцаў. Прыходзіла моладзь, прынамсі вонкава падобная да хіпі. Тыя, хто не мог трапіць на паркавую танцпляцоўку, назіралі за канцэртам праз металічную сетку, што была нацягнутая вакол. Потым, праўда, улады абнеслі танцпляцоўку вялікімі шчытамі. Але чуваць рок-н-рол у выкананні «Вікторыі» ўсё роўна было далёка ў прыватным сектары Рэчыцы — спецыяльны акустычны казырок па-над сцэнай даваў накіраваны гук. Аднойчы на канцэрце «Вікторыі» быў заўважаны і прадстаўнік мінскага андэграўнду Яўген Канавалаў.

У разнастайных конкурсах самадзейнасці «Вікторыя» ўдзельнічала не з сваёй волі. Тым не менш калектыў неаднойчы рабіўся пераможцам. Пасля аднаго з такіх спаборніцтваў «Вікторыя» трапіла на гомельскую тэлевізію. Запіс трансляваўся ў эфіры, але ў архівах не захаваўся. Візіт на ТВ быў адметны і тым, што «Вікторыя» тады выканала свае цалкам аўтарскія песні, якіх было не так шмат.

Праз Венгрыю ў Бангладэш

Затым «Вікторыя» шмат паездзіла з канцэртамі па Беларусі. А ў 1974 г. камсамольскія дзеячы Рэчыцы паведамілі музыкантам пра гастролі па Венгрыі. У сувязі з гэтым ім загадалі пастрыгчыся й надзець новыя строі. Перад ад’ездам за мяжу ансамбль зладзіў канцэрт у доме культуры. Квіткоў не хапіла на ўсіх, таму публіка выламала дзверы й цалкам акупавала залу.

У Венгрыі «Вікторыя» выступала ў некалькіх гарадах. Прычым у кожным абавязкова наведвала кінатэатр і глядзела адзін й той жа фільм — «Concert for Bangladesh» Джорджа Харысана. Жыхары Рэчыцы ўпершыню пабачылі — хай сабе й на экране — сапраўдны рок-канцэрт. Натуральна, што некалькі твораў Харысана перакачавала ў іх рэпертуар.

«Да здравствует советская милиция!»

Пасля візіту ў Венгрыю «Вікторыя» праіснавала яшчэ прыкладна два гады. Прычынаў для распаду было шмат: арганізацыйныя складанасці, сямейныя абставіны, камусьці папросту надакучыла і г.д. Адметна, што апошняя песня з апошняга канцэрту «Вікторыі» («July morning» Uriah Heep) была недайграная да канца праз умяшанне міліцыі. Калі моладзь на знак пашаны стала перад сцэнай на калені, да музыкаў выбег цэлы натоўп міліцыянтаў, якія выдралі ўсе правады й прымусілі «Вікторыю» сысці, нягледзячы на абурэнне людзей. Мікрафоны, тым не менш, хутка ўключыліся і зафіксавалі, што адбывалася навокал. Пакуль міліцыя падганяла музыкаў, каб яны хутчэй збіраліся, моладзь крычала шчырае «Виктория, не уходи!» і здзеклівае «Да здравствует советская милиция!».

Паслухаць запісы гурта можна на старонцы «Тузіна Гітоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?