Street Workout, стрыт-ворк-аўт — гэта вельмі бюджэтная спартовая забава. З ангельскай ворк-аўт перакладаецца як «вулічная трэніроўка», што перадае сутнасць гэтай з’явы.
Юнакі збіраюцца на супольныя трэніроўкі на адкрытых спартовых пляцоўках дзесьці ў дварах спальных раёнаў вялікіх гарадоў, каб, як яны самі кажуць, «заняцца фізічным развіццём». Рух «воркаўтараў», ці турнікмэнаў, паўстаў адносна нядаўна. А аб’яднанне яго адбылося не без удзелу сацыяльных сетак (найперш VK).
Workout — з’ява ў Беларусі наколькі новая, настолькі ж поўная энергіі і прывабнасці для многіх хлопцаў і дзяўчат 14–19 гадоў.
Прыкладна гэтую ўзроставую катэгорыю прадстаўляла большасць наведвальнікаў падзеі пад назовам «Фестываль здаровага ладу жыцця 2012», што адбыўся ў Менску на выходных.

Нягледзячы на наяўнасць ва ўласным назове руху слова «вуліца», паказальныя выступы ўдзельнікаў фэсту адбыліся ў закрытым памяшканні гіганцкага спартовага комплексу на ўскрайку Менска. Часам падзея нагадвала паказальны ўрок фізкультуры, а часам — разняволеную тусоўку аднадумцаў з элементамі шоу. Мускулістыя хлопцы выконвалі нейкія нерэальныя практыкаванні на звычайных турніках і брусах, што можна знайсці амаль у кожным мікрараёне.

Бракавала толькі дзяўчат. Прынамсі, гэтым разам выступіць на перакладзінах наважылася толькі адна менская дзяўчына Маша Дзяменцьева.
Але каманда Машы Hard Style Team не ўвайшла ў лік пераможцаў, у адрозненне ад іншай менскай каманды з гэткім самым назовам, што заняла другое месца ў камандных спаборніцтвах.

Высветлілася, што малады рух ужо мае ўласны набор стандартаў у практыкаваннях (паспрабуйце, напрыклад, у гарызантальным становішчы павісець на перакладзіне з хвіліну). Гэтак сама як і ўласных зорак. Напрыклад, пераможца катэгорыі сілавога фрыстайла Аляксей Сцепаненка з Магілёву ўжо мае некалькі перамог у такіх спаборніцтвах, што толькі пачынаюць з’яўляюцца ў Беларусі.

Каб трэніравацца самастойна, трэба няшмат.
Веды і аднадумцаў можна знайсці ў адпаведнай групе ў сацыяльных сетках (напрыклад, Street Workout Belarus). Турнік і ўзімку, і летам даступны ў двары. А для сур’ёзных фэстаў можа знайсціся спонсар. У дадзеным выпадку галоўным фундатарам здаровага ладу жыцця беларускай моладзі аказалася Coca-Cola.
Але галоўнае пры ворк-аўце не спаборніцтвы.
Тут кожны працуе сам на сябе, на ўласнае цела, здольнасці і трываласць. Узнагарода, як і пасля многіх іншых спартовых трэніровак, цяжка апісаць словамі. Яна звязаная з той ўнутранай энергіяй, што троху змяняе адчуванне свету і сябе да лепшага. І, часам, увага іншых. Гэта таго варта.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?