Рэйсы ўкраінскай авіякампаніі «Аеросвiт» не прыбываюць у Нацыянальны аэрапорт «Мінск». Прычына, на жаль, банальная — неаплата ўкраінскімі авіятарамі паслуг беларускага боку.

У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорта «Мінск» паведамілі, што рэйсы «Аеросвiта» Кіеў — Мінск — Кіеў адмяняюцца ўжо трэці дзень запар. Прычым украінскі бок кожны дзень паведамляе аб адмене яшчэ напярэдадні, але канкрэтных прычын не ўдакладняе.

Затое пра прычыны ўдалося даведацца ў мінскага прадстаўніка «Аеросвiта» Алега Жаўтка, які паведаміў, што авіякампанія завінавацілася беларускаму РУП «Белаэранавігацыя» аплату за карыстанне паветранай прасторай краіны, у выніку чаго ўкраінскія авіятары пазбавіліся дазволу на палёты ў Менск. Пасажыры пры гэтым абсалютна не пацярпелі — усе яны перанакіроўваюцца на рэйсы Нацыянальнай авіякампаніі «Белавія», у якой, падкрэсліў Алег Жаўток, ніколі не ўзнікае праблем з рэгулярнасцю на кіеўскім кірунку.

У «Белаэранавігацыі» ўстрымаліся ад афіцыйнага каментара пра суму запазычанасці ўкраінскай авіякампаніі беларускай службе ўпраўлення паветраным рухам.

Аднак неафіцыйна крыніца на прадпрыемстве падкрэсліла, што праблема гэтая датычыцца выключна фінансавых узаемаразлікаў суб’ектаў гаспадарання і ніякім чынам не звязаная з беларуска-украінскімі адносінамі. Як толькі «Аеросвiт», падкантрольны ўкраінскаму мільярдэру Ігару Каламойскаму, аплаціць паслугі — яго палёты будуць адноўленыя.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?