5 снежня ва ўзросце 91 года памёр Дэйв Брубэк, адзін з найважнейшых джазавых музыкаў ХХ ст., калі б ён дажыў да сённяшняга дня, то адсвяткаваў бы 92-годдзе.

Лічыцца, што джаз, гэта музыка, якая не даецца белым. Дэйв Брубэк быў выключэннем — разам з саксафаністам Полам Дэзмандам, ён стварыў з тузін мелодый, якія сталі джазавымі стандартамі і сінонімамі слова джаз.
Самая вядомая з іх — Take Five, мелодыя ў рэдкім памеры пяць чвэрцяў чапляе і не адпускае некалькі дзён. Чорныя музыкі прызналі Брубэка і лічылі адным з найлепшых піяністаў у свеце, разам з Оскарам Петэрсанам і Тэлоніўсам Монкам.

Дэйв Брубэк быў адным з першых сусветнавядомых джазістаў, які прыехаў з канцэртамі ў Савецкі Саюз. Пасля ў інтэрв’ю Уладзіміру Познэру, ён скажа, што ягоная бабуля нарадзілася ў Беларусі. Брубэк быў каталіком, прычым веру сабе абраў сам пасля таго, як сачыніў месу To Hope.

Дыскаграфія Брубэка — гэта болей за сто альбомаў з рознымі складамі: сольных, з квартэтам, асобныя зборкі дуэтаў. Запісы Брубэка выходзілі ў Савецкім Саюзе, здараліся і кур’ёзы — на адной са складанак Dave Brubeck Quartet быў прапісаны як «Квартэт Брубэкаў».

З усіх зорак музыкі Брубэк пражыў хіба што самае спакойнае жыццё — за болей, чым 60 год музычнай кар’еры ён не трапіў ні ў адзін гучны скандал, усё жыццё пражыў з любімай жонкай, ягоныя дзеці таксама пайшлі ў музыкі — віяланчэль Мэта Брубэка можна пачуць на альбомах Тома Уэйтса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?