Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі, каб дапамагчы літоўскаму боку аднавіць нармальную работу пункта пропуску «Мядзінінкай» (Меднікі), просіць грузаперавозчыкаў пераарыентавацца на іншыя пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы.
Аб гэтым паведаміў прэс-сакратар пагранведамства Аляксандр Цішчанка.

Складаная сітуацыя ў «Мядзінінкаі» ўзнікла 5 снежня пасля таго, як па падазрэнні ў атрыманні хабару былі затрыманыя 29 мытнікаў гэтага пункта пропуску.

Паводле слоў Цішчанкі, 5 снежня з 7.00 да 12.00 аформленыя на выезд з Беларусі праз «Каменны Лог» грузавікі, якія трапілі ў накапляльнік перад «Мядзінінкаем», мытнае афармленне на ўезд у Літву не праходзілі.

Паводле звестак на 12.30 чарга з аўтапаяздоў у бок Літвы складала каля 8 км. Раніцай 6 снежня — 8–10 км. У чарзе знаходзіцца каля 600 грузавікоў.

У наяўнай сітуацыі кіроўцы пачалі выказваць нездавальненне, але, даведаўшыся, у чым прычына такога становішча, некалькі супакоіліся.

Паводле звестак Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі грузаперавозчыкаў, прапускная здольнасць «Мядзінінкая» 5 снежня ўпала ў 4 разы і паводле звестак на раніцу 6 снежня яшчэ не аднавілася. Паміж беларускім і літоўскім бакамі арганізаваны аператыўны абмен інфармацыяй.

Паводле слоў Цішчанкі, як толькі сітуацыя нармалізуецца, аб гэтым будзе паведамлена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?