Прэм’ер-міністр Аўстраліі Джулія Гілард уключылася ў дыскусію аб набліжэнні канца свету, запісаўшы відэазварот да суайчыннікаў.

«Мае дарагія, тыя, што засталіся ў жывых аўстралійцы, — пачала сваю прамову Гілард. — Незалежна ад таго, ці наступіць канец свету ад крыважэрных зомбі, дэманаў — насельнікаў пекла або ад татальнага трыумфу K-Pop (карэйскай папулярнай музыкі), вы павінны ведаць адну рэч — я буду змагацца за вас да самага канца». Стоячы на ​​фоне дзяржаўных сцягоў з сур’ёзным выразам твару, кіраўнік краіны таксама прызнала, што канец свету не наступіў у 2000 годзе, не прыйшоў і пасля ўводу яе ўрадам падатку на вугаль, але цяпер ён сапраўды блізкі.

Палітык не выключыла, што канец свету сапраўды абернецца катастрофай. Але нават у такім развіцці падзей Гілард здольная ўбачыць станоўчы бок: «Ва ўсякім разе, мне больш не давядзецца ўдзельнічаць у Q&A (ток-шоу на тэлеканале ABC)».

Каментар з нагоды апакаліпсісу Джулія Гілард дала для аўстралійскага моладзевага радыё Triple J, якое абяцае аж да канца свету выпускаць гумарыстычную праграму End of the World Show.

Азнаёміўшыся з відэазваротам прэм’ер-міністра, ашаломленыя журналісты The Herald Sun звярнуліся па афіцыйны каментар.

«Чаму аўстраліец не можа пасмяяцца час ад часу? Да таго ж, канец свету будзе з дня на дзень, хіба вы не павінны пісаць пра гэта?» — адказалі прадстаўнікі прэм’ер-міністра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?