Паўсюднае ажыццяўленне кампаніі па асобным зборы смецця, што прапагандуецца ў Беларусі, вельмі тармозіць дысбаланс, які існуе паміж цаной і аб’ёмамі адкідаў.

Кілаграм ПЭТ-бутэлек, напрыклад, каштуе 1500 рублёў, а гэта поўны мех з-пад бульбы. 200 рублёў — цана за кіло (11 стограмовак) шкляначак з-пад дзіцячага харчавання.

Акрамя таго, 100-, і 200-грамовыя шклянкі беларускай вытворчасці разам з бутэлькамі замежнага вырабу з’яўляюцца нестандартнай тарай, здаць якую можна ў нарыхтоўчых пунктах двух прадпрыемстваў, дзе прымаюць другасную сыравіну ад насельніцтва: КУП «Экорес» (113 участкаў па Мінску) і ПУП «Мінсккаапдругрэсурсы» (43 пункты).

— «Дзіцячая тара» прыраўноўваецца па цане да шклабою, але спецыяльна біць яе не трэба: дастаткова памыць і зняць накрыўкі, нават этыкеткі змываць неабавязкова, — паведамілі карэспандэнту «ТіЦ» у «Белкоопвторресурсах». — Нашы нарыхтоўшчыкі прымаюць шклянкі ад насельніцтва па цане 150 рублёў за кіло, а ў прадпрымальнікаў — па 100 рублёў без ПДВ.

— Калі на ўчастку няма спецыяльнага кантэйнера для шкла, то можна прывезці тару ў мяшках і пакінуць іх, —

расказалі ў галоўным офісе «Экорес». — Графікі работы ў нашых нарыхтоўшчыкаў розныя, некаторыя і на два пункты адразу працуюць, так што заўсёды трэба званіць — падкажам нумары самага блізкага да вас пункта.

Я вырашыла на практыцы ацаніць праблему суадносін кошту і аб’ёму смецця. Назбіраўшы дома два «бульбяныя» мяшкі шклянак з-пад дзіцячага харчавання, я адвезла іх у найбліжэйшы нарыхтоўчы пункт. Дарэчы, працуе ён тры дні на тыдзень (аўторак, серада, пятніца) і толькі на працягу гадзіны (с 14.00 да 15.00). Трапіць сюды ў такі час чалавеку, які працуе, не надта проста.

Маё «шкляное» смецце заважыла 27 кілаграмаў, за якія я атрымала 5400 рублёў.

Гэта кошт трох талончыкаў на праезд плюс 300 рублёў, але ж даставіць такі груз сваімі сіламі ў грамадскім транспарце проста немагчыма — патрэбна свая машына, амартызацыя і расход паліва ў якой ні ў якім разе не акупяцца такімі грашыма.

— Калі захочаце прывезці яшчэ што, памятайце, што анучы мы прымаем толькі натуральныя: з бавоўны або шэрсці, — прасвятліла мяне нарыхтоўшчыца пункта Лілія Яўгенаўна. —

А ПЭТ-бутэлькі лепш сплюшчваць — іх тады ўлазіць два кілаграмы ў поўны мех з-пад бульбы, а ў звычайным выглядзе — толькі адзін, праверана не адзін раз.
Шклабой сартыруйце па колерах.

Як бачна, для развіцця культуры збору смецця ў нашай краіне недастаткова аднаго толькі жадання граматна пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў: неабходна яшчэ затраціць на гэта час, увагу, цярпенне і… ўласныя сродкі на дастаўку смецця па прызначэнні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?