Падчас археалагічнага абследавання, якое прайшло 6 снежня ў Светлагорскім раёне, высветлілася, што каля вёскі Славань «знік» помнік археалогіі — курганны могільнік.

Мясцовыя жыхары расказалі, што курганы, а іх было прыкладна 20, разбураны пры будаўніцтве дарогі. Цяпер на месцы курганоў — разаранае поле і пасаджаны лес.
Пра гэта паведаміў мясцовы гісторык і краязнаўца Тэльман Маслюкоў.

У выданні «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гомельская вобласць» указана, што каля вёскі Славань ёсць помнік архітэктуры — старажытны курганны могільнік. У 1981 годзе 22 курганы IX–XIII стагоддзяў дыяметрам да 13 метраў, вышынёй да 1,5 метра выявіла і абследавала археолаг Наталля Дубіцкая.

Наталля Дубіцкая, цяпер — старшы навуковы супрацоўнік аддзела па захаванні і выкарыстанні археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, і выявіла 6 снежня падчас абследавання, што курганнага могільніка больш няма.

«Пакуль не вядома, у які час былі разбураны курганы. Там не было ахоўных знакаў, але ўсё ж былі ахоўныя абавязацельствы ў мясцовай улады, у кожным сельсавеце былі пашпарты помнікаў археалогіі, яны былі пастаўлены на ўлік.

У любым выпадку адказным за ахову помнікаў з’яўляўся сельсавет. Складзены ахоўныя абавязацельствы былі даўно, яшчэ ў 1980-я гады. У 1990-я мы праводзілі абследаванне — курганы яшчэ былі.
Калі б мясцовая ахоўная служба правярала іх хоць бы раз у два-тры гады… Мясцовы сельсавет павінен быў бачыць, што ідзе праца, знішчаюцца помнікі археалогіі», — пракаментавала сітуацыю Дубіцкая.

Спецыялісты аддзела культуры Светлагорскага райвыканкама адзначылі, са спасылкай на выказванні мясцовых жыхароў, што курганы былі знішчаны ў 1990-х гадах. Магчыма, у свой час там хтосьці не ўстанавіў патрэбныя ахоўныя знакі або гэтыя знакі былі пашкоджаны ці выкінуты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?