Паводле «вынікаў глядацкага галасавання», Алена Ланская атрымала болей за 10 000 галасоў, а астатнія спевакі набралі тры-чатыры тысячы. Песня Ланской пры гэтым мала рознілася па якасці ад астатніх. Што знайшлі ў ёй гледачы?

Ці Беларусь чакае паўтор скандала з Еўрафэстам? Тады вынікі конкурса былі сфальсіфікаваныя, і Ланская перамагла дзякуючы накруткам. Вінаватым прызналі Дзмітрыя Баранава, які цяпер выступае прадзюсарам Ланской.
У мінулым годзе прадзюсаваў Ланскую асабіста сенатар, уласнік «Амкадора» і «Спамаша» Аляксандр Шакуцін.

Сваю песню Ланская пачынае спяваць, лежачы на коле для дартса разам з падтанцоўкай. Твор у стылі еўрапоп называецца «Rhythm of love».

«Я ставіла сабе мэту паказаць тое, што я ўмею. Дзякуй за тое, што вам спадабалася і вы мяне падтрымалі. Мы едзем у Швецыю!» — так адкаментавала ў тэлеэфіры спявачка на чарговую для сябе элегантную перамогу.

Прыз пераможца — шкляное сэрца вырабу шклозавода «Нёман» — ёй уручыў старшыня БТ Генадзь Давыдзька. Ён палітычна карэктна адзначыў, што ў фінале сабраліся толькі моцныя выканаўцы: «Не было ніводнага сярэдняга нумара — усе нумары цудоўныя. Я хачу павіншаваць вельмі чыстую, працаздольную, сапраўдную артыстку з перамогай! Ты гэтае сэрца заслужыла».

На другім месцы — гурт Nuteki, на трэцім — баец і артыст Стас Сацура.

* * *

Пакуль з’явіліся прамежкавыя вынікі. Алена Ланская перамагае з перавесам амаль у 7000 галасоў. Пакуль астатнія набралі ля 2000 ці крыху болей, Ланская мае 9800 галасоў Журы дае спявачцы 10 балаў з 10 магчымых.

Віталь Варанко «I wonder how you»

Каларыт у гэтай песні ёсць дзякуючы двум рэчам — баяну (дарэчы, цалкам сімпатычнаму — штосьці падобнае было на плакаце Цэслера і Войчанкі) і акцэнту выканаўцы. Калі пазбавіцца ад другога і пакінуць першае, то цалкам можна было б ехаць у Мальмё. Прынамсі, песня ў мажоры — вось чаго бракуе нашай эстрадзе.

Макс Лорэнс «I love your charming eyes»

Балада пра каханне, з ці то цыганскімі, ці то арабскімі матывамі. Але, калі пачысціць мелодыю ад электронікі, хора і іншых упрыгожванняў, атрымаем у выніку класічны ля-мінор (і не выключана, што будуецца песня на славутых трох з паловай акордах). Беларуская англамоўная лірыка пра каханне выклікае пытанне, ці не існуе недзе ў свеце дапаможніка «Пішам песню пра каханне. Для чайнікаў».

Алена Ланская «Rhythm in Love»

Летась Алена выступала з павольнай баладай, мелодыя якой гублялася сярод сотні іншых такіх самых. Пачатак новай песні выглядае шматабяцальным, але праз 30 секунд… звычайная папса, хай сабе і псеўдаеўрапейскага тыпу. Дзеля дадатковага эфекту Ланская пачынае спяваць лежачы на коле для дартса разам з падтанцоўкай. Паглядзім, магчыма гэта ёй дапаможа.

Яnkey «Letter to Mother»

Філасофская песня. Магчыма, пафасная аранжыроўка псуе яе, ды і не пасуе яна да Еўрабачання — гэта хутчэй шлягер для павольнага танца на карпаратыве, а не тое, што ўразіць еўрапейскіх гледачоў — яны, паверце, усялякае чулі і бачылі. У хлопцаў залатыя ў простым сэнсе мікрафоны — кажуць, так голас лепей гучыць. Незразумела, навошта іх вакаліст так «косіць» пад Элвіса Прэслі.

«Beaver Band» «Incredible Girl»

Самая незвычайная песня на конкрусе — спалучэнне балканскай музыкі, наўмысна моцнага акцэнту, мелодыі з блатных акордаў і вакалу, які рыкае. Ёсць меркаванне, што Еўропу трэба здзіўляць, але, а) Сярдзючка там ужо была б) здзіўляць трэба не так, каб хацелася выключыць гук праз 45 секунд песні.

Дар’я «Catch Me Again»

Вось чаго даўно падчас адбораў на Еўрабачанне не чутно, дык гэта прыджазаваных песняў. У аснове песні Дар’і эстрада 1930-х і так званы «гангстарскі свінг». Аднак у магчымасць перамогі ў Еўропе верыцца слаба — мо з больш якаснай аранжыроўкай песня б прайшла, толькі джазу трэба болей.

Uzari «Secret»

Uzari спрабаваў трапіць на Еўрабачанне летась — тады на фоне скандала з Еўрафэстам, пра яго неяк і забылі (дарэчы, ледзь не адзіны ўдзельнік таго фэсту, які не меў прэтэнзій да журы). За год узровень выканаўца падрос, але песня не запамінаецца.

Аляксей Грос «One Way Love»

Яшчэ адна напаўеўрапейская балада, аднак гучыць яна куды больш упэўнена, чым папярэднія дзве. Сімпатычныя падпеўкі і мелодыя, якая патэнцыйна можа засесці ў мозг. Адзін з дакладных фаварытаў у адборы.

«Nuteki» «Save me»

Гурт Nuteki сочыць за радыё — чутно адразу. У Еўропу яны можа і не паедуць, але на fm-станцыі ў межах 75% беларускай музыкі трапяць: той самы выпадак, што і з Litesound — еўрапейскі фармат айчыннай вытворчасці.

Сацура «Get out of my way»

«Я — монстр» — паведамляе нам апошні канкурсант. Станіслаў Сацура, з якім працавала Афанасьева, сваю песню напісаў сам, арыентуючыся ўсё на той самы еўрапейскі поп-рынак. Як і ў папярэдніх выпадках розніца прыблізна такая самая, як паміж ампірам і сталніскім ампірам. Акцэнт таксама прысутнічае, але ад гэтага ізноў жа пакутуюць амаль усе нашыя выканаўцы.

Пачалося галасаванне. Выбіраць асабліва няма з чаго, аднак інтрыга застаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?