Брэсцкі гандбольны клуб (БГК) імя Мяшкова паспяхова аднавіў выступленне ў SEHA-лізе — турніры, які аб’ядноўвае дзесяць клубаў з Беларусі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Славакіі, Македоніі. 5 снежня ў баснійскім горадзе Любушкі брэстаўчане атрымалі перамогу над мясцовым клубам «Ізвіджач» з лікам 31:27.

8 снежня ўжо дома, у Палацы спорту «Вікторыя», БГК прымаў наймацнейшы клуб Славакіі — «Татран» з Прэшава, які 10 гадоў запар выйграе чэмпіянат сваёй краіны. Падчас першай сустрэчы з БГК, якая адбылася 29 верасня ў Прэшаве, «Татран» перамог з лікам 36:40. Аднак у суботу ў родных сценах з розніцай у пяць мячоў атрымаў перамогу БГК — 34:29. Самымі выніковымі былі датчанін Хенрык Кнудсан і баснійскі харват Іван Карачыч, якія закінулі па пяць мячоў. БГК будзе мець перавагу над «Татранам» у выпадку роўнасці ачкоў са славацкім клубам.

Пасля гульні галоўны трэнер брэстаўчан Міглюс Астраўскас сказаў: «Рады перамозе, але не трэба забываць, што на наступным тыдні нас чакаюць дзве важныя сустрэчы з македонскім „Металургам“ у SEHA-лізе і мінскім „Дынама“ ў чэмпіянаце Беларусі. Гэты тыдзень прайшоў удала, абышліся без траўм і выканалі задачу-максімум, выйграўшы два важныя паядынкі».

З македонскім «Металургам» БГК згуляе на дамашняй пляцоўцы 12 снежня, а 15-га ў Мінску паспрабуе ўзяць рэванш за паражэнне ў першым крузе ў сталічнага «Дынама». Мінчане пасля васьмі праведзеных паядынкаў маюць у актыве 15 ачкоў і лідзіруюць у чэмпіянаце краіны. У БГК — 8 ачкоў пасля шасці матчаў і 3-е месца ў турнірнай табліцы.

Што да SEHA-лігі, то, нягледзячы на дэбют у гэтым турніры, брэстаўчане ставяць перад сабой задачу трапіць у яго фінал, дзе чатыры найлепшыя каманды разыграюць галоўны прыз. Клуб з Брэста пакуль ідзе ў турніры пятым.

Тыдзень таму БГК не ўдалося трапіць у вясновы этап Кубка Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі — 1 снежня брэстаўчане двойчы саступілі нямецкаму «Гепінгену».

Гэтае паражэнне ў амбіцыйным брэсцкім клубе ўспрынялі вельмі балюча. Галкіпер нацыянальнай зборнай Беларусі Віталь Чарапенька і вуглавы Раман Колеснеў былі сасланыя ў другую каманду клуба, а з сербам Філіпам Шчэпанавічам БГК вырашыў расстацца. Гандбаліст зменіць каманду адразу пасля Новага года, як толькі адкрыецца трансферны рынак. На змену Шчэпанавічу ў харвацкага «Нексе» куплены 22-гадовы правы паўсярэдні Роберт Маркаціч, які ўжо дэбютаваў у складзе брэсцкага клуба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?