Народжаны ў горадзе, выхаваны ў мястэчку, я жыву ў сталіцы нашай сінявокай і мару… Не пра кватэру на праспэкце, не пра новую машыну з салону, мару пра маёнтак.

Скажу прасьцей — мне падабаецца зямля.

Зямля — як цьвержа пад нагамі, зямля — як нязьменная каштоўнасьць, зямля — як найлепшая маёмасьць.

Зямля як спадчына.

Зямля як тое, што хачу пакінуць па сабе нашчадкам…

Прыватная ўласнасьць на зямлю ёсьць неад’емным і кардынальным правам чалавека — і мне яна патрэбная як паветра і вада.

Інтэрнэт-аграрыям і псэўданароднікам паведамляю дзеля супакаеньня іхных сацыялістычных душаў, што любіць зямлю — ня значыць араць зямлю. І ня трэба закідаў, маўляў, «вы, гарадзкія, ня ўмееце…». Умею. І гной раскідаць, і грады зрабіць, і пакасіць мурог магу, і не трымерам, а літоўкаю… Але я люблю зямлю не за ўгноенасьць і ўрадлівасьць, бо мая зямля — ня «соткі» ці «гарод». Мая зямля — мая бацькаўшчына. У чым розьніца? Патлумачу.

Зь зямлёй я адчуваю еднасьць, як з жывою істотаю, бо яна ня выспа ў далёкім моры, ня дзялка з нафтавым радовішчам у тундры, а ўсяго толькі разбураная камяніца, млын са стаўком і маленькія клады на ўзлеску — але мае родныя і ўласныя.

Усё астатняе — проста глеба ці нетры. З глебы можна зьняць скальп, напляваць на яе, можна насіць ў кішэнях і пад пазногцямі, ёй можна стварыць нават профільны навукова-даследчы інстытут, але яна застанецца толькі глебай. Нетры можна высмактаць, прадаць, зрэшты проста не знайсьці пад глебаю… І самае галоўнае — глеба і нетры самі сабою нічыйныя. Прыкметаю прыналежнасьці валодае толькі зямля. І праз гэтае яна павінная быць пры ўласьніку… І ён пры ёй. Бо нічыйная зямля бывае хіба ў штучных умовах — на вузкай палосцы паміж акопамі падчас вайны — і тое ненадоўга.

Мы так створаныя — чым не валодаем, да таго не адчуваем прыцягненьня ды адказнасьці. Цяпер нашая зямля належыць немаведама каму — і нам пакласьці на дзяржаву — не гаспадары мы. Будзем мець сваю зямлю, на ёй свой дом, то можа што і зьменіцца…

У беларуса павінна быць свая зямля, бо зь яе толькі можа стварыцца свая краіна.

Ну, і, дадам, што акрамя того, гаспадару на сваёй зямлі не зашкодзіў бы рэвальвер.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?