Спецыялісты прадпрыемства ўжо ў наступным годзе плануюць ачысціць Юбілейнае возера з дапамогай адмысловых раслін і рыб, вырашчаных на фабрыцы.

У міжсезонне, калі асноўная прадукцыя — агуркі і памідоры — не вырабляецца, на фабрыцы гародніны рыхтуюцца здымаць іншыя, важныя для эканомікі прадпрыемства ўраджаі. Кіпіць работа па пераабсталяванні былога будынка біялагічнай лабараторыі фабрыкі ў рыбны цэх і «інкубатар» для новай у нашых шыротах расліны — воднага гіяцынту, ці па-навуковаму эйхорніі.

Сярод прыпісваемых гэтай расліне ўласцівасцяў — нават магчымасць раскладання ракетнага паліва гептыла. А вось здольнасць прыбраць з паверхні вады нафтапрадукты і чысціць акваторыю ад арганічных забруджванняў ўжо даведзеная на практыцы ў Расіі.

— Бліжэйшым летам высадзім эйхорнію на Юбілейным возеры. Па нашых разліках, дзякуючы расліне возера не трэба будзе закрываць ў разгар купальнага сезону, як адбываецца амаль кожны год.
Вада адназначна стане чысцейшай. Змагацца з залішняй расліннасцю, забалочваннем і «фільтраваць» дновы глей будуць амур і таўсталобік з уласнага рыбопасеўнага матэрыялу, — распавёў Валерый Байкоў, дырэктар РУАП «Гродзенская агароднінная фабрыка». — У планах — прапанаваць камунальным службам паслугі па ачыстцы вады ў Гараднічанцы, у сажалках заапарка і на ачышчальных збудаваннях Скідзеля.

Эйхорнія ўжо карыстаецца папулярнасцю ва ўладальнікаў акварыўмаў як сапраўдны прыродны фільтр. Прапануецца расліна і гаспадарам прысядзібных басейнаў і сажалак. Праўда, у нашых шыротах расліна добра сябе адчувае і размнажаецца толькі пры ўцеплыні. Так што на зіму водны гіяцынт давдязецца альбо перасяляць, альбо па вясне закупляць новую партыю.

І на самой фабрыцы ўжо знайшлі прымяненне сваёй прадукцыі. Эйхорнія працуе на ачыстцы вады ў «рыбным цэху».
Вырошчванне рыбы ва ультразамкнутых прасторах — яшчэ адна спроба пашырыць вытворчасць. Пачатае развядзенне афрыканскага сома, які за год здольны вымахаць з малька да кілаграмовай рыбіны, а таксама малька іншых прэснаводных рыб.

Развіваючы новыя вытворчасці, на фабрыцы працягваюць нарошчваць аб’ёмы асноўнай прадукцыі. Агуркоў і памідораў штогод збіраецца 6000 тон. Дарэчы, за апошнія 7 гадоў аб’ём выпускаемай прадукцыі падвоены. Ураджайнасць дасягае 50 кілаграмаў з квадратнага метра: для параўнання, у савецкі час 24 кілаграмы лічыліся завоблачным паказчыкам.

Па тэхналогіі цяпер ідзе падрыхтоўка цяпліц да ураджаяў наступнага года.
Свежыя і, як запэўніваюць на фабрыцы, экалагічна чыстыя агуркі гродзенцы атрымаюць у канцы лютага. На пачатку красавіка на прылаўках з’явяцца свежыя памідоры. Чаму не раней?

— На жаль, у зімовы перыяд вельмі нізкая натуральная асветленасць, і гародніна не жадае расці без дадатковага святла. А дасветка — гэта ўжо іншая тэхналогія, якая патрабуе шматмільярдных інвестыцый, — кажа Генрых Бондзюш, намеснік дырэктара фабрыкі па вытворчасці.

На прадпрыемстве пастаянна шукаюць магчымасці пашырыць вытворчасць і асартымент, зрабіць прадукцыю танней. Дзякуючы пераабсталяванню цяпліц зменшаны страты цяпла і адпаведна зніжана сабекошт прадукцыі. А вытворчасць і рэалізацыя спецыяльных кубікаў і матаў з мінваты, у якіх гідрапонным спосабам вырошчваецца экалагічна чыстая прадукцыя, дазваляюць дадаткова выконваць пытанні імпартазамяшчэння.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?