Гутарка францускага журналіста з Лукашэнкам 10 ліпеня нагадала мне эпізод 15-гадовай даўніны.

Але спачатку зазначу, што ўчора мсьё Шатло з "Монд" мусіў выявіць гранічную дыпляматычнасьць, калі яго атачыла беларуская дзяржаўная прэса. Маўляў, з вашым афіцыйным лідэрам "атрымалася працяглая ды цікавая гутарка", "перакананы, што ў Эўропе існуе інтарэс да Беларусі", "хоць Беларусь і эўрапейская краіна, аб ёй ня так шмат гавораць у Эўропе" — такі вось набор падкрэсьлена паліткарэктных выказваньняў.

Між тым францускі газэтны воўк падчас вандроўкі ў "апошнюю дыктатуру" паказаў прафэсійны спрыт і паралельна зрабіў інтэрвію зь Мілінкевічам. Так што чытачы "Монд", трэба думаць, атрымаюць не зусім аднабокае ўяўленьне пра сёньняшнюю Беларусь. Хаця ўсё адно... Кладучы руку на сэрца, айчынная палітычная спэцыфіка настолькі экзатычная для супольнасьці сталых дэмакратый, што тамтэйшая прэса піша пра нас пераважна ў плашчыні "ўлада — апазыцыя". І па вялікім рахунку наша краіна застаецца для жыхара старой Эўропы той самай "тэра інкогніта", як гэта было на пачатку дзевяностых.

У 1992 годзе падчас вандроўкі па Францыі мне давялося трапіць і ў рэдакцыю "Монд". Іхні МЗС даў гіда-перакладчыцу, што было ня лішнім пры маім сьціплым веданьні мовы Гюго і Мапасана.

Аднак і гэтай веды хапіла, каб зразумець першую фразу гаспадара кабінэта, адрасаваную суайчыньніцы-перакладчыцы. "Мусіць, расейцы і беларусы — адно і тое ж ("...ля мэм шоз")?" — напаўголаса пацікавіўся прадстаўнік рэдакцыйнага кіраўніцтва, перш чым распачаць дыялёг з госьцем.

Я — каюся! — ня вытрываў і выдаў сябе. Ня ведаю, ці этычна гэта выглядала, але ж уставіў тры грашы: патлумачыў зьбянтэжанаму суразмоўцу, што беларусы і расейцы — усё ж не зусім "ля мэм шоз":-)

Пасьля маленькай уступнай лекцыі:) мы вельмі добра пагаварылі, і ніякай крыўды я не адчуваў. Французы, уключна з інтэлектуаламі (хіба што акрамя жмені вузкіх адмыслоўцаў), сапраўды былі ні ў зуб нагой. На кожным кроку даводзілася даваць тлумачэньні на тым ўзроўні, што загадкавая Bélarus — гэта ўчорашняя савецкая la Biélorussie.

А вось зараз, праз паўтара дзесяцігодзьдзі, сапраўды прыкра ўсьведамляць, што краіна застаецца для Старога Сьвету чорнай дзіркай. Чаго хацець ад заходнікаў, калі айчыннае кіраўніцтва цьвердзіць пра "расейцаў са знакам якасьці"! Мо' каго гэты "знак" і грэе, але, мусіць, не бальшыню наведнікаў сайту "НН".

P.S. На жаль, шаноўная "Монд" і сёньня ўжывае саўковы варыянт назову — la Biélorussie. Мусіць, забылася ўжо мая лекцыя:)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?