Затрыманы рэдактар «НН»

21 сакавіка а 10-й раніцы на Кастрычніцкай плошчы быў затрыманы галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько. Судзьдзя Алена Крайчык прысудзіла яму 10 сутак арышту.

Добруш

11 сакавіка падчас распаўсюду агітацыйнай літаратуры за А.Мілінкевіча на рынку затрымалі Марка Саньнікава: яго зьвінавацілі ў незаконным распаўсюдзе друкаванай прадукцыі ды аштрафавалі на 10 б.в. (310 тыс.) «за парушэньне працы выбарчай камісіі».

У Добрушы выканкам 16 сакавіка сарваў сустрэчу Ўладзімера Навасяда, даверанай асобы А.Мілінкевіча, з выбарцамі: калі людзі сабраліся ў Дом культуры, чыноўнікі абвясьцілі, што сустрэча пераносіцца на паўтары гадзіны.

Бабруйск

13 сакавіка падчас перавозкі афіцыйна выдадзеных матэрыялаў А.Казуліна затрыманыя Міхаіл Кавалькоў і Ігар Канойка. 14 сакавіка падчас распаўсюду па паштовых скрынках агітматэрыялаў затрымалі 5 агітатараў А.Мілінкевіча, у тым ліку актывіста БНФ Дзяніса Шэйко: на яго склалі пратакол за незарэгістраваныя агітматэрыялы.

На 20 сакавіка атрымалі позвы ў ваенкамат актывісты штабу Мілінкевіча – Алесь Чыгір, Дз.Шэйко, Дзяніс Буйніцкі (тэрміны вайсковых збораў у пазовах не пазначаныя). Валер’я Мацкевіча, які не падлягае прызыву паводле стану здароўя, 20 сакавіка выклікаюць на «перакамісаваньне».

Кіраўск

14 сакавіка група пазаведамаснай аховы, узброеная аўтаматамі, затрымала аўтамабіль зь пяцьцю актывістамі групы А.Казуліна і даставіла іх у пастарунак, дзе гадзіну вёўся допыт.

Крычаў

Бяз санкцыі пракурора 15 сакавіка каля 20 міліцыянтаў правялі ператрус у хаце й затрымалі Ўладзімера Нагорнага, выдаўца незарэгістраванай газэты «Вольны горад». Яны сканфіскавалі кампутары, дакумэнты і ўлёткі 1990-х.

18 сакавіка затрымалі рэдактара незарэгістраванай газэты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага: яго выклікалі ў пракуратуру, але адразу па выхадзе з кватэры міліцыянты завезьлі ў пастарунак.

Студэнты

З БДПУ «за парушэньне правілаў унутранага распарадку» 15 сакавіка выключаныя Людміла Асіпенка і Алесь Карцель: «правінай» было рэдагаваньне незарэгістраванага бюлетэню «Танкісты». 17 сакавіка з той жа фармулёўкай выключылі Рыгора Шкурынава. Пікет у падтрымку выключаных 17 сакавіка разагналі міліцыянты й ахова ВНУ.

Намесьнік дэкана факультэту маркетынгу, мэнэджмэнту і прадпрымальніцтва БНТУ зь невядомымі ў цывільным зладзіў ператрус у інтэрнацкім пакоі студэнта 2-га курсу Яўгена Іванюка ў адсутнасьць гаспадара. «Госьці» забралі дыск з запісам тэлевыступу кандыдата ў прэзыдэнты А.Мілінкевіча.

Горадня

15 сакавіка асудзілі на 5 сутак Вадзіма Саранчукова і галоўнага рэдактара газэты «Gos znad Niemna na uchodzstwie» Анджэя Пісальніка – за «дробнае хуліганства». Мікалая Ворана – на 7 сутак. У гэты ж дзень затрымалі праваабаронцу Міколу Лемяноўскага.

16 сакавіка затрымалі назіральніка Яўгена Лясоцкага. Артура Сьмятаніна затрымалі з агітматэрыяламі А.Мілінкевіча. 14-га сакавіка міліцыянты прыходзілі да Артуравых суседзяў, каб высьветліць, ці не скандаліць ён, а 15-га вартавалі каля пад’езду, аднак Сьмятанін не начаваў дома. 17 сакавіка яго асудзілі на 7 сутак.

17 сакавіка затрыманыя Андрэй Мялешка і былы палітвязень, адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Васільеў. Валер’я Кісяля асудзілі на 3 сутак за «дробнае хуліганства».

17 сакавіка пад міліцэйскі нагляд узяты дом Тадэвуша Гавіна.

Групу пяцідзясятнікаў (7 чалавек), якія ехалі ў Менск памаліцца за мірнае заканчэньне выбараў, затрымалі 17 сакавіка ўвечары ў Горадні. 18 сакавіка іх асудзілі на 3 сутак, абвінаваціўшы ў нецэнзурнай лаянцы ў міліцэйскім пастарунку. Сваякоў у залю суду не пусьцілі.

19 сакавіка да Андрэя Пачобута, рэдактара часопіса «Magazyn polski na uchodzstwie», асуджанага на арышт, завезьлі ў шпіталь хуткай дапамогі: у залі суду ён абвесьціў сухую галадоўку, цяпер яго стан пагоршыўся.

Журналіста Анджэя Пісальніка, актывіста Саюзу палякаў, які 20 сакавіка толькі выйшаў на волю пасьля 5-дзённага арышту, у гэты ж дзень затрымалі за «нецэнзурную лаянку». Пасьля гэтага былі затрыманыя журналіст Ігар Банцар і яшчэ некалькі актывістаў дэмакратычных арганізацыяў.

21 сакавіка на 10 сутак асудзілі адміністратара сайту grodno.net Аляксея Радса, затрыманага напярэдадні.

Пінск

15 сакавіка затрымалі актывістаў выбарчай кампаніі Віктара Ярашука, Сяргея Касьцюковіча, Канстанціна Чувака, Бадзевіча (яго забралі проста з працы), Паўла Аляхновіча (вайсковага пэнсіянэра затрымалі, калі выгульваў сабаку). Аляхновіч абвесьціў 17 сакавіка галадоўку.

Берасьце

15 сакавіка затрымалі Юрася Губарэвіча: яго зьвінавацілі ў парушэньні правілаў дарожнага руху. 17 сакавіка ягонаму аўтамабілю прабілі колы каля міліцэйскай абласной управы: актывіст падаваў заяву на тое, што яго перасьледуюць падчас паездак па вобласьці. Калі Губарэвіч ад’ехаў ад міліцыі, яго спыніў работнік ДАІ, які зьняў нумары з аўтамабіля, заявіўшы, што машына своечасова не прайшла тэхагляд.

Зьмітра Шыманскага асудзілі на 10 сутак па абвінавачаньні ў арганізацыі несанкцыяванага сходу, Рыгору Бакіевічу далі 7 сутак арышту, зьвінаваціўшы ў дробным хуліганстве. Падчас распаўсюду агітацыйных матэрыялаў А.Казуліна ў Берасьці 15 сакавіка былі затрыманыя Юры Бацук і Алесь Сацук. 17 сакавіка міліцыянты затрымалі праваабаронцу Ўладзімера Вялічкіна й засудзілі на 5 сутак: да таго яго некалькі гадзінаў вазілі па горадзе з пакетам на галаве і пагражалі.

У Янаве (Берасьцейшчына) 16 сакавіка затрымалі Ўладзімера Казеку.

Назіральніка Ігара Кучынскага 17 сакавіка выклікалі ў КДБ – потым ён адмовіўся ад назіраньня за выбарамі.

18 сакавіка затрымалі Ю.Губарэвіча, Яўгена Пракурата (абодвух асудзілі 20 сакавіка на 5 сутак), Андрэя Карпука і Зьмітра Філіпчука (асуджаныя на 2 сутак). 20 сакавіка судзілі кіраўніцтва гарадзкога й абласнога штабу Казуліна ў Берасьці: Валянціна Лазарэнкава, Сьвятаслава Валасюка, Ігара Маслоўскага (усіх асудзілі на 7 сутак), Ганну Канюс (5 сутак).

19 сакавіка міліцыянты затрымалі Ўладзімера Радзівончыка, заявіўшы яму, што ён праходзіць па крымінальнай справе за дыскрэдытацыю Беларусі. Затрымалі й Сяргея Яўціфеева: ён нёс перадачу затрыманым раней актывістам штабу А.Казуліна. Пазьней Яўціфеева асудзілі на 7 сутак арышту за «дробнае хуліганства».

21 сакавіка на 7 сутак арыштаваны Ўладзімер Красько – за «лаянку ў прысутнасьці дзяцей».

Баранавічы

15 сакавіка затрымалі Вячаслава Болбата, актывіста групы А.Казуліна.

У баранавіцкі шпіталь 16 сакавіка АМАПаўцы перавезьлі моладзевага актывіста Мікіту Сасіма, якому напярэдадні выразалі апэндыцыт і яшчэ не зьнялі швы. У дачыненьні да Сасіма пачалі крымінальную справу за ўхіленьне ад прызыву ў войска.

16 сакавіка затрымалі аўтамабіль сябра АГП Сяргея Андрушчанкі. Яго абвінавацілі ў перавышэньні хуткасьці, а пасьля згоды заплаціць штраф склалі пратакол за хуліганства і арыштавалі на 7 сутак.

16 сакавіка Віктара Карлінскага асудзілі на 6 сутак, Зьмітра Палойку – на 3 сутак за «дробнае хуліганства». У гэты ж дзень за «несанкцыяваны сход» (так быў ацэнены збор актывістаў Казуліна на прыватнай кватэры) аштрафаваныя Ўладзімер Гоўша, Карней Пятровіч, Мікалай Северцаў, Віктар Аляхновіч, Міхаіл Мінін і Аляксандар Галькевіч. Кожны зь іх дастаў штрафу ў 20 б.в. (620 тыс.).

Міліцыянты наведваліся 17 сакавіка ў кватэры актывістаў Алеся Пікулы і Віктара Мезяка, але не змаглі іх знайсьці.

Рэчыца

На 7 сутак 15 сакавіка асуджаны Валеры Пуціцкі: яго затрымалі на працы і зьвінавацілі ў хуліганстве. На 2 б.в. Рэчыцкі райсуд аштрафаваў Алега Шабетніка за тое, што той расклейваў на агітацыйным стэндзе налепкі А.Казуліна. 17 сакавіка яго затрымалі за «непрыстойныя паводзіны ў грамадзкім месцы». 20 сакавіка адбыўся суд, які вынес яму папярэджаньне: сьведкі пацьвердзілі, што актывіст ня лаяўся на вуліцы.

Уладзімера Невара, актывіста каманды Казуліна, 17 сакавіка выклікалі па тэлефоне ў міліцыю.

Полацак

15 сакавіка падчас распаўсюду афіцыйных агітацыйных матэрыялаў Казуліна затрымалі Сяргея Нецялёва: яму інкрымінуюць дробнае хуліганства.

Васіля Храмцова, актывіста штабу А.Мілінкевіча, асудзілі на 5 сутак арышту: яго абвінавацілі, што, едучы на аўтамабілі, не прапусьціў на пешаходным пераходзе мінака. Судзьдзя ня ўзяў пад увагу, што Храмцоў хварэе на цукровы дыябэт і павінен тройчы ў суткі рабіць уколы інсуліну.

У Наваполацку 17-га сакавіка затрымалі Васіля Верасава падчас распаўсюду агітацыйных матэрыялаў А.Казуліна. У міліцыі ў яго папрасілі прабачэньня, калі пабачылі, што матэрыялы выдадзеныя афіцыйна, і прывезьлі на тое месца, дзе затрымалі.

Менск

15 сакавіка моладзевых актывістаў Вольгу Сакалову і Антона Столяра асудзілі на 7 сутак арышту за дробнае хуліганства: пры аглядзе ў іх знайшлі 200 улётак.

Аўтамабіль Паўла Жука зь перадвыбарчымі ўлёткамі спынілі 15 сакавіка й канфіскавалі агітацыю.

16 сакавіка затрыманыя Ігар Шынкарык і Анатоль Лябедзька: у гаражы Лябедзькі адбыўся ператрус, на яго склалі пратакол за дробнае хуліганства й адпусьцілі да 21 сакавіка. 17-га сакавіка кіраўнік КДБ С.Сухарэнка на прэсавай канфэрэнцыі зьвінаваціў Лябедзьку ў датычнасьці да тэрарызму.

16 сакавіка затрымалі Платонава, Бяляўскага, Марозава, Мацкевіча, Руміна – актывістаў штабу А.Казуліна, якія мелі пры сабе агітацыйныя матэрыялы кандыдата ў прэзыдэнты. Пры затрыманьні ў хлопцаў адразу забралі мабільныя тэлефоны.

Палітолягу Андрэю Суздальцаву 17 сакавіка скасавалі від на жыхарства: да 23 сакавіка расейскі грамадзянін мусіў пакінуць тэрыторыю Беларусі. Прычыны высылкі не тлумачацца.

17 сакавіка затрымалі, а 20 сакавіка засудзілі моладзевых актывістаў Алеся Зарамбюка, Сяргея Салаша (3 сутак), Яўгена Скрабутана (5 сутак), Юр’я Карэтнікава (7 сутак), Зьмітра Мацельскага (5 сутак) і Сержука Кастыленку. У кватэры правялі ператрус і знайшлі некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў.

Пасьля перадачы прадуктаў затрыманым грамадзянам Украіны 17 сакавіка ў Менску затрыманы сябра ўкраінскай моладзевай арганізацыі «Студэнцкае брацтва» Дзяніс Нібіёк: яму закідаюць дробнае хуліганства.

Падчас санкцыяванага пікету 17 сакавіка затрымалі актывістаў КХП–БНФ Анатоля Лагутава, Мікалая Ўстымчука, Мікалая Галаўнёва і Алу Гуцаву.

Падчас Народнага галасаваньня 19 сакавіка затрыманы актывіст КХП–БНФ Уладзімер Юхо (асуджаны на 7 сутак).

Ігара Іванова затрымалі 19 сакавіка за тое, што ён фатаграфаваў на выбарчым участку.

Перад сустрэчай з дэмакратычнымі кандыдатамі 19 сакавіка былі затрыманыя лідэр незарэгістраванай Беларускай партыі Свабоды Сяржук Высоцкі, Ігар Гіцэвіч (20 сакавіка абодва асуджаныя на 5 сутак арышту), Алег Корбан, Павал Ялавін, Юры Фабішэўскі.

Актывіста хрысьціянскага руху Аляксея Шэіна затрымалі 19 сакавіка ва ўласнай кватэры міліцыянты-аўтаматчыкі й прадстаўнікі КДБ: яны заявілі, што шукаюць у памяшканьні зброю ці бомбы. Не знайшоўшы нічога, журналіста абвінавацілі ў брыдкаслоўі ды затрымалі.

Пасьля мітынгу былі затрыманыя грамадзянін Расеі й 7 грамадзянаў Украіны – сяброў украінскай моладзевай арганізацыі «Нацыянальны альянс». 20 сакавіка іх дэпартавалі зь Беларусі.

Уначы на 20 сакавіка ў Менску былі затрыманыя 5 актывістаў штабу А.Казуліна: вядомыя імёны толькі двух – Ігар Несьцяровіч і Павал Будоўскі.

20 сакавіка асуджаныя Сьвятаслаў Сокал, грамадзянін Расеі Аляксей Сьцяпанаў, Дзяніс Дзюба (усе па 10 сутак), Зьміцер Сюдак (15 сутак). Затрыманыя Сяргей Міхноў (зьбіты пры затрыманьні), Уладзімер Кішкурна, Сяргей Лукін, Валер Мазынскі, Аляксей Янукевіч, Зьміцер Гурневіч, Бірук, Рышытоўскі, Буклей, Уладзімер Казак, Юлія Касьпер, Кухарава, Сяргей Касько, Алег Жлутка, Юры Чавусаў, Зьміцер Хілько (адпушчаны), Аляксей Таболіч (адпушчаны), Тацяна Хома, Анатоль Лябедзька, Аляксандар Дабравольскі, Тацяна Елавая, Юры Сідун, Вольга Кузьміч, Валянціна Палевікова, Людміла Гразнова (адпушчаная).

Магілеў

14 сакавіка затрымалі моладзевага актывіста Максіма Дварэцкага – за «дробнае хуліганства», яму прысудзілі 6 сутак.

19 сакавіка затрыманы Аляксандар Сілкоў.

20 сакавіка на 5 сутак арышту асудзілі моладзевага актывіста Алега Мяцеліцу: яго абвінавацілі ў брыдкаслоўі на вуліцы. Мяцеліцу павінны былі выпусьціць 18 сакавіка пасьля другой запар 15-дзённай адседкі, але жонка так і не дачакалася яго на выхадзе з ізалятару часовага ўтрыманьня.

Палітвязьні

Да палітвязьня Паўла Севярынца ў інтэрнацкі пакой 15 сакавіка падсялілі супрацоўніка камэндатуры.

Палітвязьня Сяргея Скрабца 17 сакавіка адвезьлі ў папраўчую калёнію Віцьба Віцебскай вобласьці. Два тыдні таму яго клалі ў турэмны шпіталь у Менску, каб падлекаваць ад бранхіту і падагры. «Выздараўленьне» палітвязьня адбылося акурат напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Ашмяна

15 сакавіка зьбіральніцу подпісаў Тацяну Клімовіч аштрафавалі на 5 б.в. за выяўлены ў падпісным аркушы фальсыфікаваны подпіс.

17 сакавіка затрымалі Пятра Явідовіча: каля дому актывіста чакалі некалькі міліцыянтаў. Жонцы на тэлефанаваньне ў міліцыі сказалі, што Явідовіч прабудзе там 4 дні. За кратамі актывіст абвясьціў галадоўку. Яго шпіталізавалі, бо мае язву страўніка.

Нон-грата

15 сакавіка польскіх назіральнікаў Войцеха Бародзіч-Смалінскага й Катажыну Квяткоўскую не пусцілі ў Беларусь, хоць яны былі акрэдытаваны беларускім МЗС і мелі візы.

На беларуска-польскай мяжы затрымалі й доўга надглядалі аўтамабіль Уладзімера Радзівончыка, актывіста штабу Мілінкевіча ў Пружанах, не пускаючы яго на радзіму. Радзівончыка дапыталі на мытні й паведамілі, што ён фігуруе ў крымінальнай справе як абвінавачаны. Ад актывіста вымагалі фальшывых зьвестак на А.Лябедзьку.

Прадстаўніка польскай партыі «Права і справядлівасьць» Марака Сускага, які хацеў прыехаць назіральнікам на выбары, 17 сакавіка не пусьцілі ў Беларусь. Яго дэпартавалі 18 сакавіка зранку, а ўвечары – грузінскіх парлямэнтароў, затрыманых 16 сакавіка.

У Горадні 18 сакавіка затрыманыя расейскія грамадзяне Вольга Гарэлік і Якаў Шэгідэвіч, якія прыехалі як журналісты. Іх адпусьцілі пасьля праверкі дакумэнтаў. Расейскіх дэмакратаў з моладзевага руху «Абарона» Аляксандра Гальмакова, Аляксея Навасёлава, Андрэя Хачапурава і Дзьмітрыя Волава, якія прыехалі як карэспандэнты газэты «Правое дело», затрымалі 18 сакавіка ў Гомелі й дэпартавалі ў Расею без тлумачэньня прычынаў. У гэты ж дзень затрымалі прадстаўніцу міжнароднай арганізацыі «Моладзь – грамадзяне сьвету» расейку Вольгу Ўласаву, якая прыляцела авіярэйсам зь Екацярынбургу. У Салігорску карэспандэнтаў расейскай газэты «Правое дело» Ўладзімера Іванова, Аляксандра Болдырава і Генадзя Панкова затрымалі 19 сакавіка. Іх выслалі зь Беларусі, а Іванова й Болдырава яшчэ й асудзілі на штраф у 20 тыс.руб.

Уначы з 17 на 18 сакавіка на ўкраінска-беларускай мяжы быў высаджаны зь цягніка актывіст украінскай арганізацыі «Нацыянальны Альянс» Руслан Конеў: яго накіравалі назад ва Ўкраіну.

У карэспандэнта «Украинской газеты» Аляксандра Цынкевіча 19 сакавіка на беларуска-ўкраінскай мяжы канфіскавалі 750 даляраў, падазраючы, што ён вязе іх «для рэвалюцыі».

20 сакавіка на акцыі пратэсту затрыманы грамадзяне Грузіі Лада Гагіяшвілі, дзякан Басіл Кабахідзэ, кіраўнік баптысцкага аб’яднаньня Грузіі Малхаз Сангулашвілі.

На мяжы затрыманая здымачная група ўкраінскага «Новага каналу», якая вярталася ва Ўкраіну зь Менску: у журналіста Міхаіла Шаманава і апэратара Сяргея Дарохіна канфіскавалі 4 відэакасэты.

Віцебск

На 7 сутак арышту 16 сакавіка засудзілі Валер’я Шчукіна, які праводзіў назіраньне за выбарамі: яго зьвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы на сяброў камісіі й «неахайным выглядзе» – Шчукін прыйшоў на ўчастак у джынсах. На выбарчым участку затрымалі 16 сакавіка й Дзяніса Латыша, які развозіў агітацыйныя матэрыялы А.Мілінкевіча: некалькі гадзінаў у міліцыі цягнулася разьбіральніцтва, якое высьветліла, што агітатар не парушаў закону.

На 4 сутак засудзілі Кастуся Смолікава, актывіста кампаніі А.Мілінкевіча: яго зьвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыянтам.

Назіральнікам Тацяне і Канстанціну Севярынцам і Ніне Кавалёвай дазволілі назіраць за выбарамі на ўчастку №18 па відэаманіторы: на самім участку ім быць забаранілі «ў сувязі з малой плошчай памяшканьня» (40 м2). Толькі 17 сакавіка камэра была прыбраная з участку, і назіральнікаў зарэгістравалі нармальным чынам.

17 сакавіка ўвечары затрымалі Хрыстафора Жаляпава: міліцыянты выказалі прэтэнзіі да ягонага аўтамабіля.

18 сакавіка міліцыянты правялі несанкцыяваны ператрус дому ў актывіста Сяргея Салодкіна ў ягоную адсутнасьць: спаслаліся на сыгнал ад суседзяў, што тут раздаюць «забароненую газэту». Знайшлі 250 асобнікаў краязнаўчага выданьня «Покліч волі», якое Салодкін выдае ў дазволеных законам памерах (299 асобнікаў) і бясплатна распаўсюджвае.

Назіральніка Сяргея Парсюкевіча затрымалі 19 сакавіка, 20 сакавіка ён быў асуджаны на 5 сутак і за кратамі абвясьціў галадоўку.

Сябра КХП–БНФ Сяргея Кушнярова, які хацеў забраць свой бюлетэнь, згодна з Народным галасаваньнем, 19 сакавіка пасадзілі за краты. На яго склалі пратаколы за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне работнікам міліцыі. Суд перанесены на 4 красавіка.

Жодзіна

На 7 сутак за дробнае хуліганства 16 сакавіка асуджаныя моладзевыя актывісты Сяржук Гудзілін, Яўген Ваўкавец і Алесь Чырэйка. У кватэры С.Гудзіліна адбыўся ператрус: у пошуках «кампрамату» міліцыянты ўзламалі падлогу ў кватэры й разабралі на часткі шафу.

У гэты ж дзень на 7 сутак засудзілі 17 сакавіка Зьмітра Чарткова: яго прывезьлі ў пастарунак з дому і склалі пратакол пра непадпарадкаваньне патрабаваньням работніка міліцыі.

Барысаў

Папярэджаньне ад пракуратуры атрымаў 16 сакавіка Леў Марголін: яму пагражалі судовай адказнасьцю, калі адбудзецца заплянаваная на гэты дзень сустрэча Мілінкевіча з выбарцамі. На наступны дзень яго засудзілі на 10 сутак.

20 сакавіка на выезьдзе з Барысава затрыманыя Віктар Гарбачоў, Анатоль Бякасаў і Людміла Шчарбакова, якія ехалі ў Менск з матэрыяламі незалежнага назіраньня за выбарамі.

Ператрусы ў Луньне

У мястэчку Лунна Мастоўскага раёну 16 сакавіка з санкцыі пракурора адбыліся ператрусы ў дамох актывістаў – Уладзімера Брыць- ка й Лявона Карповіча (абодва – КХП–БНФ) і дэпутата райсавету Аляксандра Пудаўкіна (ПКБ): канфіскавалі сыстэмныя блёкі кампутараў, друкаваныя палітычныя матэрыялы за некалькі гадоў. Міліцыянты заявілі, што ператрусы адбываюцца ў рамках сьледзтва па незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі «Партнэрства».

Штраф за ўлёткі

Падчас распаўсюду ўлётак «Хопіць!» у вёсцы Валадзько Глыбоцкага раёну 16 сакавіка міліцыянты затрымалі мясцовага актывіста Юр’я Буку: яго аштрафавалі на 5 б.в.

Налёты на грамадзкія арганізацыі

Зранку 16 сакавіка міліцыянт і чалавек у цывільным спрабавалі ўварвацца ў памяшканьне, дзе месьцяцца аршанскія дэмакратычныя актывісты, у тым ліку прадстаўнікі зьліквідаванага ўладамі Цэнтру імя Філона Кміты. Аршанскія актывісты, якія не пусьцілі праваахоўнікаў, падазраюць, што тыя меліся канфіскаваць кампутарную тэхніку.

У Менску 18 сакавіка адбыліся налёты супрацоўнікаў сілавых структураў на офісы моладзевых арганізацыяў. На штаб-кватэры незарэгістраванага «Маладога фронту» супрацоўнікамі КДБ былі затрыманыя Барыс Гарэцкі, Зьміцер Хведарук, Алена Ігнацік, Іван Шыла: іх назвалі падазраванымі ў крымінальнай справе па прыналежнасьці да незарэгістраванай арганізацыі, якая парушае правы грамадзянаў. Позна ўвечары такі ж самы налёт адбыўся на офіс незарэгістраванага «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў»: затрымалі Васіля Лепеша й Івана Марозава. 20 сакавіка іх асудзілі: Марозаў – 5 сутак, Лепеш – 3 сутак, Гарэцкі – 7 сутак.

У Менску ў будынку, дзе знаходзіцца офіс недзяржаўнага Прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП), сапэры шукалі «выбуховую прыладу». У офісе правялі ператрус. Без тлумачэньня прычынаў затрымалі прафсаюзнага актывіста, журналіста Івана Романа. Журналісту прыстаўлялі да патыліцы пісталет, патрабуючы прызнацца ў шпіянажы. Потым вывезьлі ў кайданках у Ліду, дзе аштрафавалі на 2 б.в. «за брыдкаслоўе».

19 сакавіка адбыўся несакцыяваны ператрус у офісе незарэгістраванай «Асамблеі няўрадавых арганізацыяў»: міліцыянты шукалі выбухоўку і зброю.

Перасьлед газэтаў

Газэту ПКБ «Товарищ» (85 600 ас.) арыштавалі 17 сакавіка менскія міліцыянты. Рэшта 200-тысячнага накладу была ў гаражы лідэра партыі Сяргея Калякіна, які адмовіўся адкрываць памяшканьне бяз санкцыі на ператрус. У адказ міліцыянты апячаталі гараж. Адзіная прэтэнзія міліцыянтаў – разгрузка накладу газэты не на юрыдычным адрасе рэдакцыі.

Уначы на 17 сакавіка на расейскай мяжы затрыманы 50-тысячны наклад газэты «Народная Воля», які везьлі з Смаленску. Нумар дастаўлены ў Віцебскую міліцыю.

Вышэйшы гаспадарчы суд 17 сакавіка ліквідаваў недзяржаўную газэту «Згода» на патрабаваньне Мін’юсту. Рашэньне судзьдзя Аксана Міхнюк прыняла, не зважаючы, што газэта яшчэ мела час згодна з заканадаўствам абскардзіць апошняе папярэджаньне Мін’юсту.

Галоўнага рэдактара «Местной газеты» ў Ваўкавыску Андрэя Шантаровіча затрымалі 18 сакавіка на вуліцы. Наступнага дня асудзілі на 3 сутак.

Гомель

Моладзевы актывіст Сяргей Сямёнаў, асуджаны на 10-дзённы арышт у адным з гомельскіх ізалятараў за «абразу чыноўніка», 17 сакавіка абвесьціў галадоўку.

18 сакавіка асудзілі Юрася Захаранку (7 сутак) і Ўладзімера Шыцікава (10 сутак). У гэты ж дзень затрымалі Андрэя Толчына, як толькі ён выйшаў з кватэры, і Ўладзімера Кацору, якога 20 сакавіка асудзілі на 8 сутак (абвінавачаньне – бойка на вуліцы).

Жлобін

На моладзевага актывіста Эдварда Зелянкова 17 сакавіка распачалі крымінальную справу за хуліганства (палітычныя графіці) і стварэньне незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі. За напісаньне графіці ён быў затрыманы на 3 сутак, выйшаў на волю 16 сакавіка: адпусьцілі на час сьледзтва.

Шчучын

У працоўным кабінэце доктара Шчучынскага раённага шпіталю Васіля Бязьмена 17 сакавіка адбыўся ператрус: забралі падшыўку старых газэтаў і Канстытуцыю СССР. Яго арыштавалі на 10 сутак за «нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы».

Смургоні

17 сакавіка атрымалі па 5 сутак актывісты кампаніі А.Мілінкевіча Алесь Дзергачоў і Юры Кутузаў: іх абвінавацілі ў непадпарадкаваньні работнікам міліцыі. Дзергачова судзілі па заканчэньні працоўнага дня: прысуд быў абвешчаны ў 19.40.

Камянец

17 сакавіка міліцыянты наладзілі ператрус у Мікалая Баброва, актывіста штабу Мілінкевіча.

Вялейка

Актывіста АГП Уладзімера Малярчука 17 сакавіка выклікаў старшыня выбарчай камісіі, які да гэтага адмаўляўся нават рэгістраваць яго назіральнікам. Актывіст, да якога дайшлі чуткі, што на яго хочуць распачаць крымінальную справу (ці то за «змову супраць улады», ці то за «тэрарызм»), пакінуў Вялейку.

12 сакавіка без прычыны затрымалі падлеткаў Аляксандра Бутэра, Ганну Валынец і Вадзіма Зайца, якія стаялі ўвечары на прыпынку: яны адмовіліся паказаць міліцыянтам зьмесьціва сваіх сумак. У пастарунку іх пратрымалі 4 гадзіны.

Ворша

Моладзеваму актывісту Ігару Казьмерчаку 17 сакавіка прыйшоў пазоў у ваенкамат на 20 сакавіка – трэці ад пачатку году. Яму пагражае звальненьне з працы. Выкладчык школы мастацтваў узяў адгул на 18–19 сакавіка і зьехаў з гораду. Аднак дырэктар школы затэлефанаваў на мабільны, заявіў, што не адпускаў з працы, ды прыгразіў звальненьнем.

18 сакавіка з працы быў звольнены настаўнік Роска-Сялецкай школы Аршанскага раёну Ігар Крыштон. Яго зьвінавацілі ў прагулах. Актывіст адпрасіўся з працы для ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Дырэктар школы адпусьціў яго, але пазьней заявіў, што мусіць звольніць: такі загад прыйшоў з раённага аддзелу адукацыі.

Мазыр

17 сакавіка затрыманы Ўладзімер Целяпун. Наступнага дня яго й Дзяніса Ванюшкіна, затрыманых падчас раздачы праграмы А.Мілінкевіча, асудзілі на 5 сутак – за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі».

Узда

Віктара Крываля выклікалі ў раённую пракуратуру за ягоныя выказваньні пра фальсыфікацыю вынікаў выбарчых кампаніяў.

Гарадок

На выбарчым участку затрыманы 17 сакавіка дэпутат райсавету, назіральнік Леанід Гаравы, актывіст каманды А.Казуліна. Яго зьвінавацілі, што «перашкаджаў працы выбарчай камісіі». Суд у выхадны дзень, 18 сакавіка, аштрафаваў яго на 5 б.в.

Лельчыцы

Дадому да Мікалая Гаўрыленкі, актывіста Мілінкевіча, 13 сакавіка прыйшлі ўначы міліцыянты, пакінулі позву да пракурора.

Масты

На 15 сутак арышту асуджаныя 17 сакавіка актывісты з Мастоў Зьміцер Кухель і Зьміцер Панасік.

Шклоў

18 сакавіка затрымалі актывіста Аляксандра Шчарбака: у хаце адбыўся несанкцыяваны ператрус, знайшлі старыя нумары незарэгістраванай газэты «Шклоўскія навіны» і налепкі. З Шчарбака спрабавалі ўзяць падпіску пра нявыезд.

Астравец

18 сакавіка на 5 сутак арыштавалі Мікалая Аўласевіча: на вуліцы да яго падышлі міліцыянты й прапанавалі прайсьці ў пастарунак. Калі ён спытаў, навошта, яго абвінавацілі ў непадпарадкаваньні міліцыянтам.

Жыткавічы

17 сакавіка затрыманыя Міхаіл Козел і Мікалай Румянцаў: у іх канфіскавалі афіцыйныя друкаваныя матэрыялы. Міліцыянты кажуць, што пасьля гэтага адпусьцілі актывістаў, але дадому яны не аб’явіліся й тэлефоннай сувязі зь імі няма.

Крупкі

У сваёй хаце ў мястэчку Бобр 18 сакавіка а 17-й быў затрыманы мастак Алесь Пушкін.

Ваўкавыск

Ад 17 сакавіка пачалося дзяжурства міліцыі каля дамоў мясцовых актывістаў штабу Мілінкевіча – Мікалая Аксаміта і Аляксандра Барадаўкіна, якога папярэдзілі, што затрымаюць, калі ён паспрабуе выехаць з гораду.

Лунінец

18 сакавіка затрымалі за «дробнае хуліганства» Віталя Каратыша.

Горкі

Эдуарда Брокарава міліцыянты спынілі 18 сакавіка й агледзелі яго сумку. Пасьля гэтага ў двары дому, дзе жыве актывіст, быў выстаўлены пост.

Верхнядзьвінск

Аляксея Шафрана (в.Валынцы) 15 сакавіка арыштавалі на 15 сутак: ён зрабіў палітычныя графіці ды паставіў пад імі сваё прозьвішча.

Лепель

Алега Тычыну спрабавалі затрымаць 19 сакавіка за тое, што забраў бюлетэнь і пайшоў з выбарчага ўчастку. Калі А.Тычына, Аляксандар Маляўка і Вячаслаў Малаханаў паехалі пасьля выбараў у Менск, іх затрымалі.

Слонім;

Назіральніка Алеся Масюка затрымалі 19 сакавіка на выбарчым участку, заявіўшы, што ён пачаў бойку. 20 сакавіка яго двойчы вазілі ў суд, але штораз адпускалі.

Гарадзенскія суды

21 сакавіка ў Горадні асудзілі затрыманых напярэдадні «ўдзельнікаў несакцыяванага шэсьця»: па 10 сутак арышту атрымалі Пятро Анісімовіч, Кірыла Жалудок, журналісты Анджэй Пісальнік, Ігар Банцар; на 7 сутак асуджаны Юры Клімчук. Затрымалі Яўгена Лясоцкага, які толькі выйшаў у гэты дзень пасьля 5-дзённага арышту. Андрэй Панасік знаходзіцца пад хатнім арыштам: на яго распачалі крымінальную справу за прыналежнасьць да незарэгістраванай грамадзянскай ініцытывы «Партнэрства».

Тадэвуша Гавіна выклікалі 21 сакавіка ў Гарадзенскі РАУС: яго спрабуюць абвінаваціць у падпале вясковай крамы. Калі сьледчы даведаўся, што да міліцыі прыехала і здымачная група Польскай тэлевізіі, ён ня стаў сустракацца з Гавіным.

Суткі для пратэстанта

5 сутак арышту прызначыў 21 сакавіка судзьдзя Маскоўскага раённага суда Менску Ўладзімер Аўдзеенка пратэстанту Аляксею Шэіну, абвінавачанаму ў нецэнзурнай лаянцы.

Масавыя арышты

21 сакавіка ў Менску адбыліся суды над затрыманымі ўначы і ўдзень дэмакратычнымі актывістамі. Некаторых затрымалі каля намётавага гарадка, некаторых – калі яны з сумкамі ішлі на пляц, каб перадаць прадукты мітынгоўцам.

Прысуды былі жорсткімі. Аштрафавалі Вольгу Дземчанку (журналістка газэты «Однако») – на 20 б.в. За краты на 10 сутак патрапілі Данііл Пажараў, Тацяна Хома, Гец, Лугін, Ляхава, Пінчук, Уладзімер Каўбаска, Алег Гаўрылаў, Лявон Маліноўскі, С.Бабіцкі, Вольга Чарных, Андрэй Церашкоў, Юры Сідун, Кострычаў, С.Кардаш, Віталь Алейнік, Грыбовіч, Анушкевіч, Лучына, Юры Чавусаў, Аляксандар Дабравольскі, Вольга Кузьміч. Па 12 сутак атрымалі Аляксей Янукевіч і Андрэй Малаш. На 15 сутак асуджаныя Валер Мазынскі, Анатоль Лябедзька, Грабавы, Уладзімер Жараў, Андрэй Дзенісевіч, Алег Жлутка. Кацярыну Легізу пасадзілі на 3 сутак. Пасьля суду над Лябедзькам у Дом правасудзьдзя не пусьцілі адваката Аляксандра Галіева, які выйшаў перапаліць.

Прысудаў засталіся чакаць затрыманыя Зьміцер Федаровіч, Канстанцін Віктаровіч, Канстанцін Руткоўскі, Пятро Церашэнкаў, Ражкоў, Сьцепанцоў, Андрэй Сьцяпанаў, Сяргей Сьцяпанаў, Усьцінаў, Вайда, Бірук, Жаўток, Шаўчук, Гурко, Вехтаровіч, Антаніна Гулько, Канстанцін Чыкалаў, Пятро Дудановіч, Наста Кавалёва, Арцём Золатаў, Аляксей Валяеў, Зьміцер Шаўчэнка, Валеры Астраверхаў, Ільля Кульбіцкі, Мікалай Мяцельскі, Аляксандар Лычаўка, Сяргей Паходня, Вадзім Александровіч, непаўналетні Аляксей Папокаў, Юры Вінаградаў, Сяргей Марчык, Уладзімер Кучвальскі, Алена Мядзьведзева, Міхаіл Уласаў. Аляксандра Касько 20 сакавіка зьбілі, забралі пашпарт і адпусьцілі. Уначы на 21 сакавіка разам з Звонам Свабоды на ўсю ноч былі затрыманыя скульптар Алесь Шатэрнік і пісьменьнік Алесь Пашкевіч.

Удзень затрымалі дэпутата польскага сейму Яраслава Ягелу: паводле папярэдняй інфармацыі, яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыяваным мерапрыемстве. Затрыманыя й эстонскія назіральнікі Эрык Мора і Тарма Лехт.

Увечары 21 сакавіка па дарозе на плошчу затрыманы дырэктар кавярні «Лёндан» Юры Вінаградаў.

Віцебскія затрыманьні

21 сакавіка ў Віцебску затрымалі каля 15 дэмакратычных актывістаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту. Як паведаміў затрыманы Сяргей Серабро па мабільным тэлефоне з пастарунку, удзельнікаў акцыі завезьлі ў аддзяленьне міліцыі, не выказаўшы ніякіх абвінавачаньняў. З Затрыманых знаёмы яму быў толькі Ўлад Токараў, астатнія – невядомыя.

Прэвэнтыўна міліцыянты затрымалі Хрыстафора Жаляпава: каля кавярні «Ўсход» яму заявілі, што ён падобны да злачынцы, які знаходзіцца ў вышуку. З гэтымі ж тлумачэньнямі былі затрыманыя дэмакратычныя актывісты Вадзім Баршчэўскі й Аляксей Гаўруцікаў.

Апісалі маёмасьць БХК

У офісе Беларускага Хэльсынскага камітэту 21 сакавіка адбыўся вопіс маёмасьці. Прэзыдыюм Вярхоўнага гаспадарчага суду Беларусі налічыў падаткаў і штрафаў праваабарончай арганізацыі прыкладна ў памеры 75 тыс. даляраў за дапамогу, атрыманую паводле праграмы TACIS.

Прафсаюзны актывіст за кратамі

У Баранавіцкі ізалятар часовага ўтрыманьня 19 сакавіка патрапіў актывіст Беларускага незалежнага прафсаюзу з Горадні Сяргей Ліпніцкі. Ён з таварышамі ехаў у Менск электрычкай, пасьля праверкі дакумэнтаў яго затрымалі й асудзілі на 3 сутак. Прычыну супрацоўнікі Баранавіцкай управы міліцыі назваць адмаўляюцца.

Бабруйск

Актывіста Зьмітра Доўгаля ўвечары 18 сакавіка затрымалі міліцыянты, завезьлі ў пастарунак, дзе пратрымалі амаль 2 сутак, абвінаваціўшы ў нецэнзурнай лаянцы. У той самы дзень затрымалі Ігара Ходзьку, актывіста БНФ.

Сьветлагорск

Натальлю Бордак, зьбіральніцу подпісаў за Мілінкевіча, 21 сакавіка вымусілі звольніцца па ўласным жаданьні зь Сьветлагорскага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва.

Берасьце

На 15 сутак 21 сакавіка асуджаны Іван Спасюк, актывіст каманды А.Казуліна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0