«Белсат» сядзіць у шыкоўным «слімаку» TVP.

«Белсат» сядзіць у шыкоўным «слімаку» TVP.

Якасць эфіру «Белсата» залежыць ад працы многіх людзей.

Якасць эфіру «Белсата» залежыць ад працы многіх людзей.

«Еўрарадыё» арыентуецца на моладзь.

«Еўрарадыё» арыентуецца на моладзь.

Варшаўская рэдакцыя «Еўрарадыё» месціцца ва ўтульным катэджыку.

Варшаўская рэдакцыя «Еўрарадыё» месціцца ва ўтульным катэджыку.

Кіраўнік радыё «Рацыя» Яўген Вапа. На радыё ў Беластоку працуе 70 чалавек.

Кіраўнік радыё «Рацыя» Яўген Вапа. На радыё ў Беластоку працуе 70 чалавек.

Хто з Вас, дарагія чытачы, глядзіць Беларускае тэлебачанне, падніміце, калі ласка, рукі! А слухае Беларускае радыё? Ясна, дзякуй.

А хто глядзіць «Белсат»? А слухае «Еўрарадыё»? Прадказальна.

Кінуўшы вокам на вялізныя гмахі, якія належаць Белтэлерадыёкампаніі і паўзіраўшыся ў шчыльны паток таленавітых і паспяховых, смелых і прынцыповых супрацоўнікаў гэтай арганізацыі, давайце цяпер — калі Вам цікава — зірнём, адкуль да жыхароў Беларусі даходзіць праз тэле- і радыёэфір альтэрнатыўная інфармацыя. Для гэтага прыйдзецца адправіцца за заходнюю мяжу краіны. Скарыстаўшыся нагодай перабывання ў Польшчы, не магла не пабываць у рэдакцыях электронных СМІ, якія вяшчаюць на Беларусь.

«Белсат»: у «слімаку» і пры «Кабарэце старшых панув»

Шукаць «Белсат» трэба ў Варшаве, прычым у двух месцах.
Дырэкцыя канала і студыі, дзе здымаюцца некаторыя перадачы, месціцца ў шыкоўным сучасным будынку сядзібы Польскага грамадскага тэлебачання TVP па вул. Вароніча, 17, што побач са станцыяй метро Вежбна. Будынак гэты ў архітэктурным сэнсе можа даць фору самым экстравагантным будынкам свету; варшавяне часта называюць яго «слімаком». Яшчэ адна пляцоўка «Белсата», дзе з гэтай восені штодня рыхтуецца і выходзіць у эфір «Студыя «Белсат» — трохгадзінны блок актуальных навін і каментароў у жывым эфіры, — знаходзіцца ў старым будынку TVP на пляцы Паўстанцаў, у самым цэнтры горада. Частка яго была збудавана яшчэ да вайны. Акурат тут ішлі вельмі інтэнсіўныя баі падчас паўстання 1944 года, і таму мала што захавалася. На будынку вісіць шыльда, што на гэтым месцы ў 1918 стаяў будынак, дзе пасля нямецкай турмы жыў Юзэф Пілсудскі. Значыць, тут усцяж вітае ягоны дух…

На сценцы будынка месціцца і яшчэ адна мемарыяльная шыльда пра тое, што з гэтага будынка ішоў у эфір «Кабарэт старшых панув» — неймаверна папулярная тэле- і радыёперадача канца 1950-х — 1960-х гадоў.

А вось перадачы «Белсата» рыхтуюць у большасці сваёй маладыя спадары і спадарыні. У Польшчы штат супрацоўнікаў канала — 32,5 чалавека. Зразумела, каб забяспечыць паўнавартаснае вяшчанне, гэты калектыў працуе вельмі інтэнсіўна.

Большасць супрацоўнікаў маюць вельмі добрую адукацыю, атрыманую не ў Беларусі: сярод супрацоўнікаў палітолагі, культуролагі, філолагі…

Моцны бок «Белсата» — выдатныя экранныя вобразы вядучых інфармацыйных перадач. Нармальныя, вясёлыя, энергічныя людзі, і вочы разумныя.
Дзяўчаты элегантныя, хлопцы мужныя. (А то пры поглядзе на вядучых-жанчын дзяржаўных каналаў раз-пораз чамусьці ўспамінаюцца наглядчыцы ў канцлагерах, а калі глядзіш на мужчын-вядучых — афіцыянты ў рэстаране.)

А досведу моладзь яшчэ набярэцца.

Моцны бок таксама — дакументальныя фільмы.

У Беларусі «Белсат» акрэдытацыі не мае: кожны раз, калі канал падаваў дакументы на акрэдытацыю, улады прыдумвалі нейкія фармальныя «адмазкі», каб не акрэдытаваць яго.

Але ж пры гэтым, са словаў прэс-сакратара канала Сяргея Пялесы, каля ста чалавек супрацоўнічаюць з «Белсатам» унутры краіны.
Нягледзячы на пэўны ціск, улады ўсё-такі дазваляюць каналу працаваць у Беларусі. Чаму? Сяргей Пелеса смяецца: «Ну, можа, нас не лічаць асабліва небяспечнымі, а можа, у нас ёсць магутныя прыхільнікі…»

Згодна з сацыялагічнымі даследаваннямі на замову «Белсата», 20% беларусаў маюць доступ да спадарожнікавага тэлебачання, каля 500 тысяч глядзяць «Белсат» рэгулярна, а яшчэ паўмільёна — час ад часу.

«Еўрарадыё» ў асабняку

А вось у «Еўрарадыё», відаць, перасцерагаюцца, што да мяжы шкоднасці яны ўжо наблізіліся. Гэта самая «заканспіраваная» рэдакцыя з тых, што я наведала. Менеджарка рэдакцыі, якая расказвала пра дзейнасць радыё, папрасіла не называць яе прозвішча.

Месціцца «Еўрарадыё» ва ўтульным арандаваным асабнячку ў ціхім варшаўскім раёне Макотаў.

Ідэя стварэння гэтай радыёстанцыі з’явілася пасля таго, як беларускія улады ў 1996 закрылі радыё «101,2».
Пасля гэтага былі розныя спробы каманды людзей, з «101,2» зрабіць радыё для Беларусі, якія ўрэшце ўвасобіліся ў «Еўрарадыё». Адна з вялікіх задач, якую сабе ставіць рэдакцыя, — праца з моладдзю. Спосаб працы: «Даваць даставерную інфармацыю, спрыяць фарміраванню ў моладзі грама-дзянскай пазіцыі», — кажа менеджарка.
Моцны акцэнт у працы — музычныя перадачы, сучасная музыка.

У Беларусі акрэдытаваны карэспандэнцкі пункт і асобныя карэспандэнты (на сёння — 10 чалавек). Карэспандэнты «Еўрарадыё» вельмі моцныя і працуюць аператыўна. Рэпартажы і матэрыялы актыўна перадрукоўваюцца іншымі СМІ.

Вялікая ўвага надаецца працы ў сацыяльных сетках, дзе ў радыё больш за 17 тысяч кантактаў. Ёсць адмысловая асоба, якая адказвае за працу ў сетках. І гэта таксама дае эфект. Напрыклад, пра бойку пасажыраў аўтобуса на прыпынку на Нямізе з міліцыянтам стала вядома ад карыстальніцы Твітара, і так пра гэта даведалася ўся Беларусь, выпадак набыў вялікі рэзананс.

«Наша задача: паказаць, што беларускае — гэта сучаснае. І паказаць, што Беларусь уключана ў сучасныя працэсы. Гэта не гета і не скансэн, — кажа адна з кіраўнічак радыё.
— Мы ўпэўненыя ў доўгай будучыні праекта. Мы хочам быць незалежнымі і хочам працаваць для Беларусі. Да той пары, пакуль мы зможам, мы будзем рабіць сваю працу так добра, як зможам».

Радыё «Рацыя»: з Беластока на ўсё памежжа

Радыё «Рацыя» месціцца ў Беластоку на вуліцы Цёплай, працуе ад 1998 года. Спачатку ў Мінску, потым — у Беластоку.

«Мы вяшчаем для беларусаў, якія жывуць у Беларусі і ў Польшчы.
У рэгіёнах, дзе «ловіцца» наша радыё, пражывае каля 3 мільёнаў чалавек. Можна сказаць, што наша радыё — гэта яркая падзея ў эфіры і Польшчы, і Беларусі, — кажа дырэктар «Рацыі», беластоцкі беларус Яўген Вапа. — Уласнікі «Рацыі» — беларусы Беласточчыны, у працы нашай радыёстанцыі задзейнічаны і іх інтэлектуальны патэнцыял. «Рацыя» вядомая сярод жыхароў прыгранічча. Заязджаюць сюды да нас кантрабандысты, прывозяць нам свае яблыкі, сліўкі, каўбасу — дадатак да нашай зарплаты, — смяецца сп. Вапа. — Яны адчуваюць, што мы ім патрэбныя, а яны патрэбныя нам. Найбольшае наша дасягненне — пераход на вяшчанне ў дыяпазоне ФМ, што дазволіла пашырыць плошчу перадач. Радыё «Рацыя» перасягае і скасоўвае межы, — з гонарам кажа Вапа. — Яго чуваць на Беласточчыне аж да Белай Падляшскай, на Гродзеншчыне, на Берасцейшчыне аж да Маларыты».

Калектыў радыё «Рацыя» — 70 асобаў. У праграме — 45 аўтарскіх перадачаў. Найбольш папулярныя перадачы — музычныя віншаванні. Слухачы звоняць на гэтыя перадачы вельмі актыўна, замаўляюць віншаванні, часта на сваёй роднай гаворцы.

Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі і безлічы ФМ-станцыяў радыё «Рацыя» займае сваю нішу, даючы беларусам памежжа інфармацыю, якая іх цікавіць, а таксама пэўным чынам арыентуючы іх у культурных падзеях.

Дырэктар «Рацыі» Вапа з’яўляецца адначасова і галоўным рэдактарам газеты беларусаў Польшчы «Ніва», якая выдаецца накладам 1300 асобнікаў. Ён — вядомы арганізатар беларускага жыцця на Падляшшы, многае робіць для захавання тут беларускай мовы. Беларускія ўлады аддзякавалі яму тым, што не выдалі ўязную візу. Трапіць на духоўную радзіму, такім чынам, сп. Яўген не можа. Але не губляе гуморы: «Нічога, будзе час, я яшчэ прыеду без усялякіх праблем у вольную Беларусь».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?