МАЗ не спецыялізуецца на выпуску аўтамабіляў для ракетных комплексаў Расіі. Пра гэта БелаПАН паведамілі на прадпрыемстве ў сувязі з учарашняй публікацыяй у газеце «Известия».

Як пісала выданне, «Мінабароны Расіі плануе да 2014 года адмовіцца ад далейшых закупак грузавікоў «МАЗ», на якіх перавозяцца ракетныя комплексы «Авангард» і «Ярс». Высокапастаўленая крыніца ў камандаванні ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння паведаміла «Известиям», што замест беларускіх грузавікоў міжкантынентальныя ракеты будуць ставіць на айчынныя «КАМАЗы».

«Аўтарам апублікаванага матэрыялу дапушчана фактычная недакладнасць. Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі супрацоўнічае з ААТ „Мінскі завод колавых цягачоў“,
якое спецыялізуецца на выпуску дарожных і пазадарожных аўтамабіляў вялікай грузапад’ёмнасці і прычапной тэхнікі ваеннага прызначэння, а не з ААТ „Мінскі аўтамабільны завод“ — кіруючая кампанія холдынгу „БелаўтаМАЗ“, якое спецыялізуецца на выпуску грузавой, пасажырскай, спецыяльнай і прычапной тэхнікі галоўным чынам грамадзянскага прызначэння», — сказалі БелаПАН на прадпрыемстве.

На думку прадстаўнікоў МАЗа, гэтая недакладнасць магла ўзнікнуць у сувязі з тым, што ААТ «МЗКЦ» першапачаткова было створана ў 1954 годзе ў якасці спецыяльнага канструктарскага бюро № 1, якое ўваходзіла ў склад Мінскага аўтамабільнага завода. У 1991 годзе Мінскі завод колавых цягачоў быў выведзены са складу ВА «БелаўтаМАЗ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?