Расійскі «Внешэканомбанк» («ВЭБ») ухваліў заяўку Міністэрства фінансаў Беларусі на выдзяленне крэдыту тэрмінам на 10 гадоў і аб’ёмам да 500 млн. долараў на фінансаванне авансавых плацяжоў па праекце будаўніцтва беларускай АЭС.

У інтэрв’ю РІА Новости намеснік старшыні «ВЭБ» Аляксандр Іваноў нагадаў, што ў лістападзе 2011 года ўрады Расіі і Беларусі падпісалі пагадненне аб выдзяленні дзяржаўнага экспартнага крэдыту ў аб’ёме да 10 млрд. долараў для будаўніцтва атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Беларусі. Па гэтым пагадненні «ВЭБ» выступае агентам Мінфіна РФ.

«Адначасова Мінфін Беларусі запытаў у „Внешэканомбанку“ крэдыт на фінансаванне авансавых плацяжоў па гэтым праекце — да 500 млн. долараў тэрмінам да 10 гадоў.
Мы разгледзелі крэдытную заяўку і, улічваючы вялікую значнасць гэтага праекта для Расіі, прынялі станоўчае рашэнне. Схема выглядае наступным чынам: мы фінансуем здзелку разам з „Росэксімбанкам“. Доля „ВЭБа“ складае 460 млн. долараў, „Росэксімбанка“ — 40 млн. долараў», — паведаміў Іваноў.
Паводле яго слоў, даччыны «Росэксімбанк» дасць дзяржгарантыю як забеспячэнне па гэтым крэдыце.
Разлікі па крэдыце і маніторынг праекта будзе ажыццяўляць беларуская «дачка» «ВЭБа» — банк «БелЗЭБ».

Будаваць АЭС у Беларусі плануецца па расійскім праекце «АЭС-2006». Станцыя, якая размесіцца на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці, будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 (2×1200) МВт. Першы блок АЭС плануецца ўвесці ў строй у 2017 годзе, другі — у 2018-м.

Міжурадавае пагадненне Беларусі і Расіі прадугледжвае выдзяленне Беларусі дзяржаўнага крэдыту для будаўніцтва АЭС тэрмінам на 25 гадоў і аб’ёмам да 10 мільярдаў долараў. Крэдыт выдаецца для фінансавання 90% кошту кожнага дагавору паміж расійскім «Атамбудэкспартам» і беларускай Дырэкцыяй будаўніцтва АЭС на пастаўку тавараў, выкананне работ і аказанне паслуг па будаўніцтве двух энергаблокаў станцыі. Выкарыстанне крэдытных сродкаў будзе ажыццяўляцца па меры падпісання дагавораў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?