Адным з самых фантастычных успамінаў для тых, хто сабраўся ўвечары 19 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы, застанецца сьнежная віхура. Зарад сьнегу імгненна ахутаў плошчу шчыльным палотнішчам. Людзі ў засьнежанай вопратцы пад бел-чырвона-белымі й сінімі сьцягамі, якія ярасна шкамутаў вецер, нагадвалі нейкіх казачных пэрсанажаў. Сьнег, насуперак законам прыроды, ляцеў амаль гарызантальна, нібы разагнаны нябачным гіганцкім вэнтылятарам. Частка натоўпу пачала скандаваць: «Нас не засыпеш! Нас не засыпеш!»

Некаторыя пачалі мацаць сьнег рукамі і нават каштаваць яго на смак, каб зрабіць выснову – не, гэта ня можа быць натуральны сьнег. Нехта жартам выказаў меркаваньне, што за Палацам рэспублікі ўрубілі сьнегамёты – такія, што выкарыстоўваюць звычайна на лыжных трасах, як у Сілічах. У рэпартажы на адным з апазыцыйных сайтаў пра сьнегавую атаку гаварылася як пра відавочны факт. І хоць ніхто на свае вочы сьнегамётных машынаў нідзе ня бачыў, наступным днём апазыцыя заявіла нежартоўны пратэст з нагоды ўжываньня супраць мітынгоўцаў, так бы мовіць, неканвэнцыйнае зброі.

І яшчэ адно тлумачэньне можна было пачуць у натоўпе. Нехта ўздыхнуў з горыччу: ну вось, нават Бог яму дапамагае... Адразу ўспомнілася славутае: «Вы прасілі ў мяне дажджу – вось вам дождж!»

Але тут, зразумела, пра нейкае абагаўленьне ці дэманізацыю тырана гаворкі няма. Проста людзям у той вечар так хацелася стаць сьведкамі цуду, што нават стыхійная зьява таксама ўспрымалася як свайго роду цуд, адкрыцьцё. Толькі гэта быў цуд з прыстаўкай «анты».

І мала каму на плошчы прыходзіла ў той момант да галавы, што галоўны цуд – гэта яны самі. Іхная прысутнасьць на плошчы. Уся моц прапаганды, узброенай мільённымі накладамі газэтаў і дзясяткамі тэле- й радыёканалаў, усе пагрозы, у тым ліку й пагроза сьмяротным пакараньнем, разьбіліся, ператварыліся ў нішто, у пазалеташні сьнег. Проста людзі, якія стаміліся верыць бясконцым ілжывым абяцанкам улады, не паверылі гэтым разам і іхным пагрозам. Бо за гэтымі пагрозамі, акрамя рэпрэсіўнага апарату, снайпэраў, міліцэйскіх дручкоў, службовых сабакаў, вагон-закаў і спэцпрыёмнікаў-разьмеркавальнікаў, няма нічога – толькі агромністая пустэча, адсутнасьць фантазіі й бясконцая нудота.

У нядзелю й больш ніколі

Колькі тысяч выйшлі на плошчу – 20 альбо 30, насамрэч, ня мае вялікага значэньня. Ніхто ня выйшаў на вуліцы бараніць «усенароднаабранага». Ніхто з 82-х ярмошынскіх адсоткаў. Калі б у афіцыйных зьвестках ЦВК было б хоць каліва праўды, мільёны выбарцаў выйшлі б на ту самую плошчу й раструшчылі б у пыл жменьку прыхільнікаў «фашыствуючага нацмена» Мілінкевіча.

Людзі, якія жывуць толькі дзеля сябе й свайго дабрабыту, зразумела, таксама людзі. Але назваць іх народам, нават грамадзтвам, нельга. Пакуль яны існуюць у сваім замкнёным сьвеце, дзе ёсьць толькі «чарка й скварка», іх як бы не існуе для грамадзтва, зь іхнымі галасамі можна рабіць што хочаш. А калі яны добраахвотна і самаахвярна выходзяць на плошчу, яны робяць крок насустрач да саміх сябе, да таго, каб стацца народам, нацыяй. Але ім яшчэ не хапае ўсьведамленьня сваёй сілы. І галоўнае, разуменьня таго, на чым палягае гэтая сіла. Ім здаецца, што чым болей іх будзе, тым лепш. І ў гэтым – частка праўды. Калі людзі на плошчы скандуюць «Сва-бо-ду!» у дзесяць тысяч галасоў, здаецца, само слова набывае матэрыяльную моц, і сьнежная завіруха пачынае аціхаць сама сабой.

Часам усяго некалькі чалавек могуць сваім учынкам зрабіць больш, чым агромністы натоўп. Калі, зразумела, гэтыя некалькі чалавек ведаюць, чаго яны хочуць, і могуць перадаць свае веданьне, сваю ўпэўненасьць іншым.

Журналісты, якія асьвятлялі падзеі на Кастрычніцкай плошчы, сышліся на тым, што галоўнай прычынай, з-за якой колькасьць удзельнікаў мітынгу пачала хутка зьмяншацца, стала адсутнасьць якаснай гукаўзмацняльнай апаратуры. Пачуць нешта з адлегласьці далей за пяцьдзясят мэтраў ад прыступак Палацу прафсаюзаў было цяжка. Але гэта было толькі сьледзтвам, а не прычынай.

Калі б лідэрам апазыцыі ў той вечар было што сказаць сваім прыхільнікам па вялікім рахунку, паставіць перад імі канкрэтную мэту замест таго, каб чарговы раз лаяць рэжым – то ідэя авалодала б масамі і без гукаўзмацняльнікаў. А калі людзей спачатку просяць не разыходзіцца, а церазь некалькі хвілінаў прапануюць сустрэцца наступным днём, ім ня можа не перадацца няўпэўненасьць арганізатараў. Тым больш, калі ўсім зразумела, што наступнага разу можа й ня быць.

Рэвалюцыя forever

Такое ўражаньне, што, загартаваныя рэпрэсіямі й жорсткім процідзеяньнем улады цягам усяе выбарчай кампаніі, штабы апазыцыйных кандыдатаў, сутыкнуўшыся з адноснай свабодай дзеяньняў, разгубіліся. Яны рыхтаваліся сутыкнуцца з АМАПам, а ўбачылі перад сабой тысячы прыязных твараў вольных людзей.

Яны ня ведалі, што з гэтай неспадзяванай падтрымкай і свабодай рабіць – як і тыя, хто прыйшоў на плошчу ў чаканьні цуду. Чаканьня цудаў можна дараваць плошчы. Але арганізатары альбо тыя, хто прэтэндуе на ролю арганізатараў, павінныя цуды арганізоўваць, а не прыдумляць у сваё апраўданьне байкі пра чароўныя сьнегамёты.

Увесь час да выбараў большасьць журналістаў недзяржаўных мэдыяў трымаліся няпісанага правіла – не крытыкаваць аб’яднаную апазыцыю ды адзінага кандыдата на выбарах. Зараз, калі апазыцыя даказала сваю здатнасьць выводзіць людзей на плошчу, яна нясе поўную адказнасьць перад гэтымі людзьмі. Цяпер за свае памылкі яны адказваюць ня проста сваімі галовамі, яны адказваюць галовамі дзясяткаў тысяч людзей і іхных сваякоў. Мала дэкляраваць сваю гатовасьць стаяць да канца, трэба даводзіць гэта на справе штодня.

І тут ужо на паблажлівае стаўленьне грамадзтва, у тым ліку журналісцкай супольнасьці, разьлічваць ня варта.

З другога боку, трэба крыху суцішыць свой імпэт апантаным крытыкам у стане тых, хто прагнуў большага ды сьпяшаўся назваць 19-га сакавіка пачаткам «джынсавай рэвалюцыі». Калі нехта лічыць, што лідэр аб’яднанай апазыцыі ня спраўдзіў спадзяваньняў, дзейнічаў і дзейнічае недастаткова рашуча, дык хто перашкаджае камусьці іншаму ачоліць рэвалюцыйны рух і павесьці народ за сабой? Калі вас не задавальняе лідэр – вылучыце са сваіх шэрагаў свайго.

Але ж вядома, што дзевяць цяжарных жанчын не народзяць дзіця за адзін месяц. Таму перш, чым рыхтавацца да рэвалюцыі, трэба доўга займацца чорнай паўсядзённай працай. І не займацца самападманам накшталт таго, што «мы ўжо прачнуліся ў вольнай краіне». Вольная краіна – гэта ня казачнае каралеўства, гэта мы самі. Прынамсі, такія, якімі можам стаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0