Галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Дынька схапілі ў аўторак на Кастрычніцкім пляцы а 10-й раніцы пры выхадзе з аўтобусу №100. Паводле словаў сьведак, журналістаў Юрася Карманава і Тацяны Каліноўскай, людзі ў чорнай форме з надпісамі «спэцназ» і «міліцыя» нават не далі яму выйсьці на прыпынку ля намётавага гарадка: запхнулі назад у аўтобус і заскочылі самі. Пасьля Андрэй тэлефанаваў жонцы з мабільніка, гаварыў, што затрыманы і што яго вязуць кудысьці спэцаўтобусам. Потым мабільнік адключыўся.

Усіх затрыманых на плошчы, нібыта, звозяць у Цэнтральны РАУС, але дзяжурны сьцьвярджае, што Андрэя Дынька там няма. Той самы эфэкт дае абзвон астатніх менскіх РАУСаў. Не да канца давяраючы дзяжурным, выпраўляемся ў Ленінскі РАУС. Па дарозе атрымліваем зьвесткі, што ўсе затрыманыя ад ночы – у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна.

Гэта добра замаскіраваная ўстанова. Пасьля трох колаў па праспэкце Дзяржынскага дазнаёмся, што спэцпрыёмнік не на вуліцы, а на завулку Акрэсьціна, у раёне вуліцы Прылуцкай. Каля прахадной – натоўп. Выпускаюць хлопцаў, забраных 2 сакавіка падчас Казулінскага «прарыву» на ўсебеларускі сход. «Там цёпла, хлеба многа, перадаваць трэба фрукты, сокі», – па ходу даюць яны парады. Нікога з затрыманых яны ня бачылі, толькі чулі, як іх вадзілі калідорамі: «Іх вельмі многа». Ці тут Андрэй – ніхто адказаць ня можа. Ні міліцыянт, які адчыняе двухмэтровыя жалезныя вароты чарговаму аўтобусу з зацемненым шклом, ні яго калега пры дзьвярах. Тэлефон спэцпрыёмніка стабільна заняты. Калі ж ён вольны, там адказваюць, што Андрэя Дынька няма, нават ня робячы выгляд, што корпаюцца ў сьпісах затрыманых. Тая самая сытуацыя была з Анатолем Лябедзькам, які, як пасьля выявілася, быў-такі на Акрэсьціна.

«Ужо тры аўтобусы пры нас прывезьлі», – бядуе кабета, у якой на плошчы арыштавалі сына. Яна ж кажа, што ад 14-й затрыманых пачнуць судзіць. Судоў у Менску – па колькасьці раёнаў. І ўсе загружаныя ў гэтыя дні. Сьпісаў падсудных, справы якіх будуць разглядацца, у судах ня маюць аж да самага іх прывозу. Пры нас да спэцпрыёмніка пад’яжджае аўтобус зь цёмнымі накладкамі на вокнах. Гукаю: «А-ндрэй!» і абсякаюся: пад стольлю аўтобуса матляюцца амапаўскія шлемы.

Сэанс правасудзьдзя

Аляксандра, жонка Андрэя, едзе шукаць яго ў Палац правасудзьдзя на вуліцу Сямашкі, дзе месьцяцца адразу тры суды. Сястра і швагер шукалі ў Цэнтральным судзе. У Палацы правасудзьдзя поўна сваякоў затрыманых. Пад’яжджаюць тры аўтобусы. Людзі памкнуліся насустрач – мо прывезьлі родных? Але падсудных, як выявілася, падвозілі з зусім іншага боку. З аўтобусаў выгрузіўся спэцназ у чорнай форме і разьмеркаваўся па паверхах: група – у Ленінскі суд, група – у Кастрычніцкі, група – у Партызанскі. Спэцназаўцы падсілкоўваюцца: топаюць па калідорах з кефірам і макаронамі. Адзін, мінаючы сваякоў затрыманых, зьдзекліва кінуў: «Міліцыя – з народам!» «Я б вас, сук, страляў!» – ашчэрыўся іншы.

Немаладыя муж з жонкай шукаюць сваіх сыноў. Старэйшы знайшоўся сам: у кабеты зазваніў мабільнік. Нумар незнаёмы. Пачуўшы сынаў голас, матка пачынае плакаць наўзрыд. Зьяўляецца хлопец з разьбітым тварам і апавядае, як міліцыянты, загнаўшы затрыманых у аўтобус, кідалі іх тварам на падлогу, зьбівалі і… прымушалі сьпяваць зьдзеклівыя песьні пра Мілінкевіча. Незнаёмы міліцыянт-ахоўнік даў яму пазваніць маці з свайго тэлефону. Другі сын знайшоўся пры канцы дня: яго асудзілі на 10 сутак. Твар яго таксама быў разьбіты.

Тымчасам на суд па адным водзяць затрыманых. Выракі стандартныя: 10 сутак. Павялі Тацяну Хому. Яе ўсю ноч пратрымалі ў камэры безь сьвятла. Але трымаецца мужна. У той дзень яна мусіла быць не адказьнікам, а пазоўнікам: мелася судзіцца з кіраўніцтвам унівэрсытэту з-за свайго выключэньня. Яе затрымалі ўначы, калі яна вярталася дадому пасьля выступу на Кастрычніцкім пляцы.

Быў Дынько, стаў Зайко

Пакуль цягнуліся гадзіны чаканьня ў судзе, Беларуская асацыяцыя журналістаў спрабавала знайсьці Андрэя Дынька праз прэс-службу МУС. У дзяжурнай частцы ГУУС Менгарвыканкаму прадстаўнікоў БАЖ запэўнілі, што на Акрэсьціна яго няма. Старшыня БАЖу Жанна Літвіна цэлы дзень стэлефаноўвалася з намесьнікам кіраўніка ўпраўленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў МУС Віталём Грынкевічам. Ён паабяцаў асабіста заняцца высьвятленьнем лёсу затрыманага. У 16.00 паведаміў, што ніякай новай інфармацыі няма; у 17.00 заявіў, што А.Дынька няма ні ў спэцпрымальніку, ні ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Каля 18.00 высьветлілася, што рэдактар «НН» усё ж такі хутчэй за ўсё на Акрэсьціна.

У размове з Рэдакцыяй «НН» Грынкевіч паведаміў, што, аказваецца, яму няправільна сказалі прозьвішча і ён цэлы дзень шукаў нейкага Зайко... І ўвесь час абяцаў перазваніць празь пятнаццаць хвілін. Два такія пэрыяды па пятнаццаць хвілін Аляксандра Дынько праседзела ў машыне, чакаючы зьвестак, каб не ісьці зь няпэўнасьцю дахаты, да 5-гадовага Якуба і 3-гадовай Усьціньні.

І ўсё ж да ночы нічога не ўдалося даведацца.

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч не зьдзівіўся званку ў 23.00. «Дынько пэўна на Акрэсьціна, больш няма дзе. Іх там яшчэ 50 чалавек, якіх будуць судзіць заўтра».

«Я разрешаю вам говоріть на своём родном языке»

21 сакавіка ў 9.00 Віталь Грынкевіч яшчэ «ня ведаў», дзе Дынько. І ўвогуле ня мог гаварыць – быў «на плошчы». І толькі роўна праз суткі пасьля затрыманьня паведаміў, што Дынько сапраўды правёў ноч на Акрэсьціна, а зараз яго вязуць у суд Савецкага раёну. У судзе ні часу, калі прывязуць чарговых падсудных, ні іх сьпісу ня мелі. «Дык вы ня ведаеце, каго і за што будзеце судзіць?» – «Не, ня ведаем». Журналісты, сьведкі і праваабаронцы мерзнуць ля суду.

У 11.55 ля дзьвярэй спыніўся аўтобус з затрыманымі. Яны выглядалі бадзёра: усьміхаліся, махалі рукамі, вітаючы сяброў.

У 13.30 судзьдзя Алена Крайчык пачала працэс фразай: «Я разрешаю вам говоріть на своём родном языке». Рэдактару газэты «Наша Ніва», сябру Беларускага ПЭН-цэнтру, стваральніку інтэлектуальнага часопіса «Arche» інкрымінавалі хуліганства, а канкрэтна – нецэнзурную лаянку. Дынько запатрабаваў сьведкаў. Прысутнасьць за дзьвярыма замежнікаў, тэлекамэр і дыктафонаў паўплывала: судзьдзя дала «дабро». Бо прывезеную ў адным аўтобусе з Дыньком выкладчыцу ўнівэрсытэту Ірыну Дарафейчук, якую затрымалі на падыходах да Кастрычніцкай з тэрмасам, асудзілі на сем сутак за «размахваньне рукамі й прыставаньне да прахожых» безь ніякіх сьведак.

Сьведкі-спэцназаўцы ехалі ў Савецкі суд дзьве з паловай гадзіны. Падчас вымушанага перапынку Андрэя Дынька выводзілі, і ён здолеў крыху расказаць пра свае прыгоды. Калі міліцыянты даведаліся, што Дынько – журналіст, яны пачалі раіцца са сваім кіраўніцтвам, і тое загадала аформіць яго за дробнае хуліганства. Сказаў таксама, што ў камэрах турмы на Акрэсьціна ўжо не хапае месца на ўсіх затрыманых. Вязьні сядзелі, цесна прытуліўшыся адзін да аднаго ў халоднай камэры, дзе адключылі ацяпленьне. У суседняй зь ягонай камэры сядзелі пяцёра дзяўчат. Яны прасілі ў супрацоўнікаў спэцпрыёмніку туалетнай паперы або хаця б газэты, але ім адмовілі. А.Дынько паскардзіўся, што вельмі гучна працавала радыёкропка, і калі мужчыны здолелі яго выключыць, вырваўшы разэтку, то дзяўчаты вельмі пакутавалі, але на іх просьбы дапамагчы выключыць радыё супрацоўнікі ўстановы цынічна адказалі, што яны ня ведаюць, як гэта зрабіць.

У 16.30 прыбылі сьведкі: байцы спэцназу Шашко і Пачценны. Яны распавялі суду, што Андрэй Дынько хадзіў па плошчы, нецэнзурна выражаўся і не рэагаваў на прад’яўленае яму пасьведчаньне. На пытаньне, як гэта магло быць, калі Андрэю нават не далі выйсьці з аўтобуса, уцямнага адказу сьведкі абвінавачаньня не далі. Затое судзьдзя Алена Крайчык прызнала іх сьведчаньні лягічнымі й адпаведнымі рэчаіснасьці. Вырак быў стандартны: дзесяць сутак арышту. Сьведчаньні Веранікі Дзядок і Алеся Кудрыцкага, якія ехалі ў «сотцы» разам з Дыньком, прынятыя пад увагу не былі. Сьведкаў Юрася Карманава і Тацяну Каліноўскую, якія бачылі затрыманьне, судзьдзя адмовілася выслухаць.

У турму за булачкі

Асудзілі. Павялі ў аўтобус. Адзін з прысутных, скарыстаўшыся момантам, сфатаграфаваў Шашка і Пачценнага. Шашко, каржакаваты дзяцюк з абсечаным кавалкам вуха, раптам падскочыў да фатографа з пагрозамі: «Ня маеш права! Я прыватная асоба!..» Быў у грамадзе і яшчэ адзін фіксатар падзеяў. Непрыкметны чалавек доўга здымаў на камэру ўсіх прысутных. На патрабаваньне Жанны Літвіной назвацца, адмовіўся. (Кажуць, што са стужкі апэратыўнай здымкі пасьля раздрукоўваюць вялікія фоткі, каб «ціхары» маглі добра запомніць актывістаў.)

Любыя спробы аддаць харчовую перадачу натыкаліся на міліцэйскае «не паложана, вязіце на Акрэсьціна». На Акрэсьціне ж прымаюць перадачы толькі на тых, хто ёсьць у іх сьпісах. А ў тыя сьпісы людзі трапляюць з спазьненьнем на дзень – з-за перагрузкі сыстэмы: на вечар серады былі агалошаныя сьпісы новапрыбылых з Плошчы: сем сьпісаў па дваццаць пяць асобаў.

«Студэнтка, якую разам са мной затрымалі, – кажа Андрэй Дынько, – вучыцца на тэалягічным факультэце. У іх адмянілі заняткі ў панядзелак. Яна прыехала ў аўторак ад бацькоў зь Любані. Тэалягічны факультэт знаходзіцца ў архірэйскім палацы. Спынілі: «З сумкай? Давай! Булачкі? Давай!»

Журналістаў затрымліваюць, каб іх запалохаць. Яны баяцца затрымліваць пры журналістах. Яны баяцца затрымліваць пры камэрах. Яны хочуць, каб сьвет гэтага ня бачыў. Яны хочуць, каб гэта адбывалася ціха. Вельмі прашу ўсіх сваіх калегаў: будзьце там, дзе ваш народ. Будзьце там, дзе падзеі. Выконвайце свае прафэсійныя абавязкі».

Андрэя Дынька вядуць у залю суду.

Андрэя Дынька вядуць у залю суду.



(Ілжэ)сьведкі Шашко (справа) і Пачценны.</p>
<p>

(Ілжэ)сьведкі Шашко (справа) і Пачценны.



Гэты чалавек (справа) рэгулярна зьяўляецца ля намётаў і нецэнзурнай лаянкай абражае прысутных. Але доблесныя Шашко і Пачценны яго не затрымліваюць.</p>
<p>

Гэты чалавек (справа) рэгулярна зьяўляецца ля намётаў і нецэнзурнай лаянкай абражае прысутных. Але доблесныя Шашко і Пачценны яго не затрымліваюць.



Ірыну Дарафейчук асудзілі на сем сутак за тэрмас з кавай.

Ірыну Дарафейчук асудзілі на сем сутак за тэрмас з кавай.







Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?