Глябальнае пацяпленьне і зьвязанае зь ім павелічэньне колькасьці крызысаў і катастрофаў ацэньваецца Эўропай як сур’ёзная пагроза, да якой варта рыхтавацца.

У 2006 г. на замову ўраду Вялікабрытаніі была складзеная справаздача па кліматычных зьменах, у якой гаворыцца пра тое, што з‑за глябальнага пацяпленьня сусьветная эканоміка скароціцца на 20%. Гэтыя дадзеныя выклікалі сур’ёзную рэакцыю, як з боку інстытутаў ЭЗ, так і з боку саміх эўрапейцаў.

Эўрапейцы патрабуюць умяшаньня

Дадзеныя апытаньня, праведзенага Эўрабаромэтрам сёлета, кажуць, што большасьць эўрапейцаў хочуць ад Эўразьвязу прыняцьця тэрміновых мераў у барацьбе з глябальным пацяпленьнем. «57% апытаных лічаць, што Эўразьвяз павінен вырашыць праблему тэрміновым чынам», — адзначаецца ў дакладзе Эўрабаромэтра.

Пры гэтым 31% эўрапейцаў настойвае на тым, каб дзеяньні ЭЗ былі «вельмі тэрміновымі». Сярод усіх жыхароў 27 краінаў ЭЗ, якія ўзялі ўдзел у апытаньні, больш за ўсіх праблемай глябальнага пацяпленьня заклапочаныя грэкі і кіпрыёты — 87% зь іх лічаць, што ЭЗ павінен прыняць «вельмі тэрміновыя меры» у барацьбе з кліматычнымі зьменамі. Такога ж погляду прытрымліваюцца 76% швэдаў, 70% французаў і 69% жыхароў Люксэмбургу. У апытаньні ўзялі ўдзел 444,406 тыс. жыхароў 27 краінаў Эўразьвязу.

Эўразьвяз гатовы да дзеяньняў

На саміце, што праходзіў у сакавіку ў Брусэлі, краіны‑члены ЭЗ дасягнулі пагадненьня па пытаньні пра ахову навакольнага асяродзьдзя і барацьбе з глябальным пацяпленьнем.

Згодна з ухваленым плянам, да 2020 г. выкід у атмасфэру парніковых газаў павінен быць скарочаны на 20 адсоткаў у параўнаньні з 1990 г.

Апроч таго, колькасьць энэргіі, што атрымліваецца з узнаўляльных крыніцаў — ветраных турбінаў і сонечных батарэяў — да ўказанага тэрміну павінна скласьці 20 адсоткаў ад агульнай колькасьці спажыванай у ЭЗ энэргіі.

Пры гэтым паведамляецца, што калі іншыя краіны, такія як ЗША і Кітай прымуць, з свайго боку, адпаведныя меры па скарачэньні шкодных рэчываў у атмасфэру, ЭЗ пастараецца зьнізіць колькасьць СО2 не на 20, а ўжо на 30 %.

«Зялёная кніга»

Пры канцы мінулага месяца ў Брусэлі Эўракамісар па навакольным асяродзьдзі Стаўрас Дзімас прэзэнтаваў гэтак званую «зялёную кнігу», якая прапануе краінам‑членам ЭЗ прыняць сумесныя меры дзеля таго, каб «зьнізіць згубны ўплыў глябальнага пацяпленьня на насельніцтва, эканоміку і навакольнае асяродзьдзе».

«Нам трэба падвоіць намаганьні для барацьбы зь зьменамі клімату. Мы павінны істотна скараціць выкіды парніковых газаў ува ўсім сьвеце, і не дапусьціць, каб кліматычныя зьмены ў будучыні дасягнулі небясьпечных узроўняў, але ў той жа час Эўропа ўжо павінна прыстасавацца да зьменаў клімату», — цытуе прэс‑служба Эўракамісіі заяву Дзімаса.

«Калі Эўразьвяз і яго члены не сплянуюць загадзя сумесную стратэгію, можа так здарыцца, што нам давядзецца прымаць раптоўныя і непадрыхтаваныя меры адаптацыі для барацьбы з павелічэньнем колькасьці крызысаў і катастрофаў, што будзе нашмат даражэй», — папярэдзіў С.Дзімас.

Меры, што прапануе Эўракамісія, прадугледжваюць шэраг сумесных дзеяньняў краінаў ЭЗ, ад больш рацыянальнага расходаваньня вады і аказаньня дапамогі людзям групаў рызыкі пры сьпякотным надвор’і, да падтрымкі экалягічных навацыяў і абсталяваньня ЦЭЦ сховішчамі для СО2. (Да 2020 года ўсе новыя вугальныя і большасьць газавых электрастанцыяў ЭЗ будуць абсталяваныя падземнымі сховішчамі для СО2).

«Зялёная кніга» прапануе таксама аб’яднаньне намаганьняў па забесьпячэньні адаптацыі да кліматычных зьменаў у глябальных маштабах і стварэньне кансультатыўнай групы, якая будзе займацца аналізам стратэгіяў і сумесных дзеяньняў.

***

Дадзеная публікацыя падрыхтаваная пры спрыяньні Эўразьвязу і не абавязкова адлюстроўвае афіцыйны пункт гледжаньня ЭЗ.

Па дадатковую інфармацыю зьвяртайцеся на сайт delblr.ec.europa.eu

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0