Трэцяя вандроўка ў часе з Выдронкам. Чарговы альбом сольнага праекту колішняга мастацкага кіраўніка «Палацу» і «Крыві» працягвае традыцыі ранейшых «юр’еўскіх» працаў, заняўшы нішу «псыхадэлічнага фолку».

Калі «Тройца» намагаецца перадаць мэлядычнае багацьце фальклёру, а «Палац» больш зьвяртае ўвагу на настрой сьпеваў, то «Юр’я» заглыбляецца ў старыя народныя тэксты і мэлёдыі. У выніку «Я скакала» ператвараецца тут у містычную замову (у «Крыві» песьня гучала як танцавальны гіт), «У нас сёньня Купала» набывае «гіпоўскае» адценьне, а «Кіндзір‑злодзей» — растаманскае, «Тры ангелы» гучаць у суправаджэньні адно толькі аргану‑сынтэзатару, як трэнас. «Рай коню» — суцэльны вакальны экспэрымэнт.

Выдронак не баіцца сарваць голас і выкарыстоўвае свае здольнасьці напоўніцу, адкрываючы ў кожнай песьні новыя магчымасьці. Гурт не заганяецца на старадаўніх і экзатычных інструмэнтах, а выкарыстоўвае клясычны набор. Толькі ў «Я скакала» гучыць даф Масуда Талібані. Выдронак перасьледуе іншую мэту — рэанімаваць гук 70‑х.

Асабліва гэтае імкненьне адчуваецца ва «Ў нас сёньня» і «Мамачцы». Выступаць бы «Юр’і» на «Вудстоку» пры канцы 60‑х, недзе між Джоан Баэз і Джымі Хендрыксам. Сёньня ж такая музыка ў грамады не карыстаецца попытам. Разьлік «Рай коню» на аматараў «музычных экспанатаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?