Як паведаміла старшыня міжнароднага грамадскага аб’яднання абароны жывёл «Горад» Святлана Андруховіч, мясцовыя ўлады ўжо выдзелілі арганізацыі ўчастак зямлі плошчай прыкладна гектар на ўскраіне Смалявічаў (каля магістралі Мінск — Масква).
Мэтай прытулку пад назвай «Гарадок» будзе выгадоўванне, рэабілітацыя, лячэнне і прыстройванне сабак і катоў у сем’і.
Мяркуецца, што ў прытулку бяздомным жывёлам будзе забяспечаны індывідуальны падыход.
Для сабак па ўсёй тэрыторыі прытулку будуць створаныя невялікія домікі, у якія жывёлы будуць засяляцца ў залежнасці ад іх характару і асаблівасцяў. Асобны домік плануецца прадугледзець для шчанюкоў, а таксама для сабак-інвалідаў. Хворыя сабакі будуць засяляцца ў спецыяльнае каранціннае памяшканне. На тэрыторыі прытулку таксама плануецца размясціць вялікі дом для катоў з прылеглай тэрыторыяй з зялёнымі насаджэннямі, на якой будзе арганізаваны іх выгул. Гэта тэрыторыя будзе абгароджана спецыяльнай сеткай, каб выключыць узаемадзеянне катоў і сабак.
Як адзначыла Андруховіч, на тэрыторыі прытулку таксама мяркуецца стварыць ветэрынарную клініку, кухню і іншыя неабходныя для жывёл і персаналу абслугоўвання памяшканні.

Яна падкрэсліла, што сабакі і каты будуць заставацца ў прытулку столькі, колькі спатрэбіцца для прыстройвання іх у сем’і, пры неабходнасці — да натуральнай смерці.

Як адзначыла прадстаўнік МГААЖ «Горад», прытулак плануецца будаваць за ахвяраванні грамадзян. Разам з тым, выканкам і ЖКГ гатовыя аказаць пасільную дапамогу: так, напрыклад, зямля выдзелена на бязвыплатнай аснове. Чакаецца, што гэтай зімой будаўніцтва прытулку будзе поўнасцю ўзгодненае з зацікаўленымі органамі, вясной пачнецца будаўніцтва. Мяркуецца, што на працягу трох гадоў у Смалявічах будзе створаны паўнацэнны прытулак.

Як адзначыла Андруховіч, дагэтуль у Беларусі былі толькі асобныя спробы стварыць прытулак для бяздомных жывёл. Аднак, напрыклад, у Віцебску ў такім прытулку не атрымалася стварыць годныя ўмовы ўтрымання сабак і катоў. Як спадзяецца Андруховіч, пасля адкрыцця прытулку ў Смалявічах падобныя цэнтры для ўтрымання бяздомных жывёл з’явяцца ў кожнай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?