Іншаземцы, якія наведалі Беларусь, змогуць атрымаць суму ПДК паводле сістэмы Tax Free ў пунктах пропуску, дзе знаходзяцца структурныя падраздзяленні банкаў.
Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі 20 снежня ў Мінску намеснік міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая.

Паводле яе слоў, 1 студзеня 2013 года ў Беларусі ўводзіцца сістэма Tax Free — механізм вяртання ПДК з кошту беларускіх тавараў, набытых іншаземцамі з наступным вывазам гэтых тавараў за межы краіны.

Мінімальны кошт пакупак пры вяртанні ПДК — 800 тыс. рублёў, пры гэтым тавар павінен быць набыты ў адным магазіне на працягу аднаго працоўнага дня.

Суму падатку вяртаць не будуць у выпадках, калі тавар у Беларусі вызвалены ад ПДК або па ім прымяняецца паніжаная стаўка. Напрыклад, адзначыла Сяліцкая, гэта тычыцца харчовых тавараў, якія ў Беларусі абкладаюцца паводле паніжанай стаўкі. Таксама не падлягаюць вяртанню ПДК падакцызныя тавары — алкаголь, тытунь. «Па іншых таварах вяртанне падатку будзе ажыццяўляцца», — падкрэсліла намеснік міністра.

Яна расказала пра механізм вяртання ПДК.

Іншаземец у пункце пропуску падае чэк прадстаўніку мытнага органа пры выездзе з краіны. Спажывец атрымлівае суму ПДК наяўнымі грошамі ў пунктах пропуску, дзе ёсць структурныя падраздзяленні банкаў. Калі іншаземец выязджае з краіны цераз пункты пропуску, дзе аддзяленняў банкаў няма, грашовыя сродкі яму перавядуць безнаяўным шляхам на разліковы або карт-рахунак.

Як заявіла Сяліцкая, механізм Tax Free ўводзіцца з прычыны таго, што ў Беларусі плануецца чэмпіянат свету па хакеі, арганізуецца ўсё больш міжнародных мерапрыемстваў, а таксама ў сувязі з развіццём культурна-пазнавальнага і аздараўленчага турызму. Беларусь першай сярод краін Мытнага саюза ўводзіць такі механізм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?