Былы кіраўнік Следчага ізалятара № 1 Мінска Алег Алкаеў правёў анлайн-канферэнцыю на радыё «Свабода», падчас якой сцісла адказаў на пытанні чытачоў сайта.

— Ці разумееце вы па-беларуску? Калі так, адкажыце калі ласка, ці лічыце Вы відэасюжэт з Вашым удзелам дзе Вы едзеце у аўто, спланаванай правакацыяй? Калі так, з якой мэтай гэта рабілася?

— Беларускую мову я разумею, але размаўляю дрэнна. Сюжэт, дзе я еду ў аўто, ёсць сапраўдным. І апублікаваны з маёй згоды. Я не бачу прычын гэта хаваць.

— Калі будзе абнародаваны відэазапіс забойства Захаранкі?

— Сенсацый ніякіх ня будзе. Усе матэрыялы будуць прадстаўленыя следству і суду.

— Якая будзе юрыдычная сіла відэазапісу?

— Любы відэасюжэт дае інфармацыйную нагоду да яго праверкі. Пасля гэтага экспертыза вызначае якаснасць доказаў.

Праблему зніклых палітыкаў можа вырашыць толькі беларускі суд і органы следства. У міжнародных структурах няма інстытута міжнароднага расследавання крымінальных спраў, учыненых на тэрыторыі пэўнай дзяржавы.

— Ці знікне інфармацыя, якой вы валодаеце, калі спецслужбы арганізуюць ваша забойства за мяжой?

— Пра тое, што пагроза забойства існуе, мне паведаміла крымінальная паліцыя Берліна ў маі 2012 года. У сувязі з гэтым мною былі прыняты некаторыя меры перасцярогі.
У выпадку маёй смерці права на публікацыю матэрыялу пяройдзе іншай асобе.

— Ці патрэбная люстрацыя ў КДБ? Ці можа лепей прабачыць чэкістам і даць ім магчымасць працаваць у новай беларускай спецслужбе, якая паўстане пасля рэфармавання КДБ?

— Я праціўнік «масавых чыстак», ці люстрацый. Як некаторыя лічаць, што ўсіх запар пастроіць у калону і адправіць у народную гаспадарку. Ставіцца строга трэба, напэўна, толькі да тых, хто здзейсніў злачынства ці буйную службовую правіну, пайшоў супраць уставу і супраць закону.

Орган КДБ, канечне, неабходны, бо гэта орган абароны дзяржавы, і ён існуе ў любой краіне, пад рознымі назвамі. А вось уцягваць яго ў палітычныя працэсы для барацьбы з іншадумствам — канешне, гэта злачынства само па сабе. Не тым яны займаюцца. Наконт люстрацыі я ўжо сказаў: я супраць, а супраць органаў у цэлым — не.

— Калі вы пакаецеся за забойствы, якія выконвалі, прыводзячы да выканання смяротныя прысуды?

— Ніколі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?