Буру абурэння чытачоў у Інтэрнэце выклікала навіна пра тое, што студзеньскія праязныя на грамадскі транспарт у Мінску надрукаваныя не на беларускай, а на расейскай мове.
Сёння высветлілася, што расейскамоўныя праязныя праіснуюць толькі месяц, а з лютага на іх вернецца звыклая, і, як высветлілася, упадабаная мінчанамі беларуская мова.
«Пры размяшчэнні заяўкі на выраб шматразовых праязных квіткоў на студзень месяц выканаўцам была дапушчана памылка, у выніку чаго квіткі былі надрукаваныя на расейскай мове.
За нізкі кантроль і зніжаную патрабавальнасць да падпарадкаваных дырэктар філіяла «Агенцтва „Мінсктранс“ прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці.
З лютага праязныя квіткі будуць друкавацца на беларускай мове», — сказалі ў дзяржпрадпрыемстве «Мінсктранс».