Дразды – месца рэжымнае. Таму доўга нашаму прыходу не давалі дазволу на будаваньне храму, хаця гэта адно з самых сьвятых месцаў Беларусі. А гісторыя яго драматычная і, падобна як і Петра-Паўлаўскага сабора, зноў жа зьвязаная з агульным лёсам Праваслаўя ў Беларусі.

У тыя самыя цяжкія для праваслаўных першыя гады ўніі тут на крыніцы Божая Маці цудадзейна паказала ім сваю ласку і заступніцтва. Паводле паданьня, на крыніцы з’явілася яе ікона, якая стала называцца Крупецкай. Аж з Вільні, куды дайшла вестка пра цуд, прыйшлі манахі і пабудавалі тут першы драўляны храм. З цягам часу быў пабудаваны і мураваны храм, а паломнікі прыходзілі ня толькі з блізкіх навакольляў, але нават з Кіеву. Два разы ў год у Менску праходзіла асаблівае сьвятое шэсьце з Крупецкай цудатворнай іконай. Справа ў тым, што храм у Крупцах не ацяпляўся, а таму перад зімой ікону ўрачыста пераносілі ў Менск, а перад летам таксама ўрачыста вярталі назад…

Але ў ХХ-м стагодзьдзі зноў настаў час жорсткіх выпрабаваньняў для Праваслаўя. І, як шмат іншых храмаў, у 30-х гадах храм у Крупцах быў зруйнаваны. А потым нават крыніца была закідана будаўнічым сьмецьцем, таму што людзі працягвалі на ёй зьбірацца і маліцца…

І вось у 90-х гадах праваслаўныя веруючыя вырашылі ўзнавіць царкоўнае жыцьцё ў Крупцах і пабудаваць новы храм. Як я ўжо казаў, улады ўспрынялі гэтую ідэю даволі негатыўна. І тады вырашылі дзейнічаць без дазволу. У 1995-м годзе некалькі энтузіястаў за адно лета, пакуль начальства горада адпачывала, узялі і пабудавалі маленькі храм з як раз ахвяраваных блёкаў. І як ні лютавала потым начальства, але вымушана было з храмам зьмірыцца…

Цяпер побач пабудаваны ўжо вялікі храм, і службы ў большасьці ідуць там. Але, зразумела, добрыя пачуцьці да першага нашага храму захаваліся. І вось гэтым летам здарылася цікавая падзея, якая стала нагодай для дадатковых сэнтымэнтаў.

Як бачна на другім фота, над уваходам у храм знаходзіцца ікона і перад ёй вісіць лямпадка. Яна даўно не запраўлялася алеем, і вось прама ў ёй унутры маленькія птушкі зрабілі гняздо. Вылупіліся птушаняты і ўжо выглядаюць з лямпадкі (на жаль ў мяне як раз няма зараз фотаапарату). Зразумела, глядзіцца гэта вельмі міла. Калі толькі ня ведаць некаторых абставін…

Справа ў тым, што выглядаюць ня ўсе птушаняты, а тыя, хто больш моцны. А слабейшых яны затапталі нагамі і за іх паядаюць усё, што прыносяць бацькі. Таму можа тыя слабейшыя ўжо і не жывыя…

Зразумела, закон прыроды, барацьба за існаваньне і г. д. Але ўсё гэта неяк вымушае задумацца над нашым, чалавечым жыцьцём… Нас заўсёды цешыць, калі зьверху ў жыцьці мы ці тыя, каго мы лічым блізкімі. Калі мы гэта бачым, усё нам здаецца мілым, як выгляд птушанят з лямпадкі… Але не перашкаджае падумаць.. за кошт чаго? Можа ты кагосьці падмяў? А можа тады, калі падтрымліваецца такі парадак, заўтра і ты будзеш падмяты? І тады такая добрая і справядлівая раней сытуацыя

Гэта можна прыставаць як наогул да жыцьця, так і для больш вузкага кола. У тым ліку і рэлігійнай гісторыі. Я ўжо ўзгадваў, як цяжка было праваслаўным ў адпаведныя гадзіны гісторыі, аднак камусьці ў гэты ж час здавалася, што настаў ледзь не «залаты век». Бывала і наадварот. «Посьпех» праваслаўю забясьпечвала моц Расейскай імпэрыі, таксама як раней каталіцтву моц Польскага каралеўства. Можа ад гэтай нашай блізарукасьці ў тым ліку Бог папусьціў, што раптам аказаліся прымятыя на доўгі час і тыя, і другія. І трэція – пратэстанты.

Але на жаль, ня жадаем мы вучыцца ў гісторыі… Зноў і зноў мы чуем з разных бакоў галясы – то храм забраць, то нешта камусьці забараніць. І тады пачнецца росквіт? За кошт таго, што станеш брату на галаву?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?