Многія людзі чакалі, што 21 снежня наступіць канец свету. І для адной асобна ўзятай сям'і пятніца 21 снежня 2012 года сапраўды адзначылася лакальным канцом свету — згарэў жылы двухкватэрны дом ў завулку Масюкоўшчына, 33, дзе яны жылі. Гэты завулак ідзе каля самага рынку Ждановічы, з процілеглага боку чыгункі.
Агонь першымі заўважылі суседзі каля 9-й вечара. Агонь пайшоў з паловы, якая належыць 56-гадоваму непрацуючаму грамадзяніну, які пражывае адзін і на момант узнікнення пажару знаходзіўся дома ў стане алкагольнага ап'янення. Дарэчы, ён стаіць на ўліку ў наркалагічным дыспансеры.
Пажарныя прыехалі аператыўна, і ўжо а 22:13 пажар пагасілі. Але хатняе дабро, сцены, перакрыцці, пярэбаркі, страху агонь знішчыў. Прычым як у кватэры спадара падшафэ, так і ў кватэры ягонай пенсіянеркі-суседкі.
Пагарэльцаў прытулілі суседзі. А пажарныя цяпер дашукваюцца прычыны пажару.