У Магілёве спынілася будаўніцтва праваслаўнага храма-помніка, якое вялося на гістарычным месцы – Замчышчы. Па факце будаўніцтва распачата крымінальная справа.
Як заўважае загадчык кафедры археалогіі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэту, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк, галоўнае – удалося ўратаваць культурны слой. Цяпер у навукоўцаў з’явілася магчымасць працягваць даследаванні на гэтым месцы.
Ігар Марзалюк дадае, што стаўленне да замчышча было варварскім: «Ужо можна адкрыць ва ўніверсітэце адмысловую выставу знаходак з тых рэчаў, якія паспелі ўратаваць як на Замчышчы, так і на сметніку, куды будаўнікі вывезлі частку культурнага слою. Гэта, акрамя металічных рэчаў і керамікі ХІІ-ХVII стагоддзяў, таксама і сэнсацыйная знаходка – невялікі баразок, які датуецца ХІ стагоддзем».
З 2002 году будаўніцтва праваслаўнага храму не вялося. Працы без узгаднення з археолагамі аднавілася ў сярэдзіне чэрвеня. Ігар Марзалюк назваў гэта наўмысным знішчэннем нацыянальнага помніку археалогіі.
Ян Маўзэр, Радыё Рацыя