Гэты год адзначыўся для беларускага кіно вялікай падзеяй. Упершыню фільм, зняты паводле беларускай класікі рэжысёрам, народжаным у Беларусі, і з удзелам беларускай кінастудыі трапіў на Канскі фестываль у асноўны конкурс.
Гэта «У тумане» Сяргея Лазніцы, паводле аднайменнай аповесці Васіля Быкава. Яшчэ адзін фільм — «Жыве Беларусь» — паказалі ў Канах па-за конкурсам.

Незалежны кінематограф адзначыўся парай яскравых фільмаў, расстаўляць якія па прызавых месцах не выпадае: стужкі вельмі розныя.

Класіка: «У тумане»

Гэта прыклад таго, як стужка, заснаваная на беларускім, больш за тое — ваенным матэрыяле, можа зацікавіць свет.

Лазніца ўбачыў класічны твор Быкава па-свойму, нават дадаўшы «ад сябе» эпізоды, якія маюць цалкам быкаўскі настрой і характар. Лазніца цікавіўся Быкавым як пісьменнікам­экзістэнцыялістам і сфакусаваўся на праблеме маральнага выбару ў сітуацыі, калі выбар немагчымы.

Хоць здымаўся фільм не ў Беларусі, і сам Лазніца не лічыць сябе выключна беларускім рэжысёрам, ён зняў найлепшы нацыянальны фільм за апошнія гады.

Экранізацыя Васіля Быкава трапіла ў асноўны конкурс у Канах, сабрала шэраг узнагародаў — ад гран-пры «Лістапада» да Адэсскага кінафестываля.

Скандал: «Вышэй за неба»

Фільм «Вышэй за неба» рэжысёра Дзмітрыя Марыніна і сцэнарыста Андрэя Курэйчыка — найгучнейшая і найскандальнейшая прэм’ера года: адзняты на сродкі ААН васьмісерыйны тэлефільм пра СНІД здымачная група, без згоды замоўцаў, перамантажавала ў дзвюхгадзінны поўны метр. Аднак аўтарскія правы на яго засталіся ў ААН, які паўнаметражную версію забараніў. Тады фільм «злілі» ў інтэрнэт, дзе стужка зрабіла фурор.

Гісторыя маладога музыкі Мікіты, у якога знайшлі СНІД, атрымала супрацьлеглыя водгукі.
Частка гледачоў кажа, што гэта сапраўднае вострае і актуальнае кіно, іншыя ж лічаць «Вышэй за неба» надзвычай зацягнутым. У фільм трапілі ў якасці камеа многія культурныя дзеячы нашага часу — ад Віктара Марціновіча да Андрэя Хадановіча. А саўндтрэк «Вышэй за неба» з удзелам «Ляпісаў», Akute, Sonica існуе як паўнавартасны альбом.

Экстрым: «Здымаць на паражэнне»

Яшчэ адзін інтэрнэт-­рэліз, які нарабіў шуму, гэта аматарскі фільм 22-гадовага рэжысёра Крыса Нонга (ён жа Кірыл Нонг) «Здымаць на паражэнне». Бюджэт фільма — усяго толькі $2,5 тысячы, доўжыцца ён 50 хвілін, але створаны ў сапраўдных галівудскіх традыцыях.

Па якасці карцінкі не саступае, а часам пераўзыходзіць прафесійны беларускі кінематограф.
Гэта прыгодніцкі фільм пра хлопца, які збіраецца здымаць кіно і выпадкова фіксуе аперацыю спецслужбаў.

Загадка: «Жыве Беларусь»

Фільм­-таямніцу пра жыццё палітжаўнера па матывах дзённікаў Франака Вячоркі, зняты польскім рэжысёрам Кшыштафам Лукашэвічам, масавы глядач яшчэ не бачыў. Фільм трапіў на кінакірмаш Канскага фестывалю, была прэм’ера ў Польшчы, малы паказ у Мінску — пра далейшы лёс фільма нічога не чутно. У інтэрнэце гуляе трэйлер — у асноўным сцэны Плошчы 2010 года. Па словах тых, каму пашчасціла фільм убачыць, у ім ёсць мастацкія перабольшванні. Бюджэт фільма склаў $1,9 мільёна даляраў. Інтэрнэт­-прэзентацыя таксама пераносілася некалькі разоў. Таму «Жыве Беларусь» пакуль можа ўганараваць толькі ў намінацыі «фільм­-загадка».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?